Жмут 1 ’скрутак, камяк’, жмук ’тс’ (Янк. III), жмак ’тс’ (Янк. III, Сл. паўн.-зах.), жмах ’тс’ (Абабурка). Рус. алан. жмут ’вяроўка з лыка’, жмак ’камяк’ (Даль), укр. жмут ’скрутак’, жмак ’тс’, польск. дыял. żmut, żmot, żmyt ’тс’, в.-луж. žmoł ’камяк’, żmót ’маток’ (Пфуль), чэш. žmol/jek ’камяк’, славен. žmukelj, žmik, žmókelj, žmitek ’камяк, скрутак’, балг. жма́тина ’скрутак сена’, макед. жмучка ’груз’. Ад кораня *žьm‑ (гл. жаць 2, жмаць) з рознымі суфіксамі пасля розных галосных (гл. пра суфіксы ‑к‑, ‑х‑, ‑t‑, ‑l‑ у Слаўскага, SP, 1, 89–114, 76–86; З, 38–60), што ўказвае на экспрэсіўны характар вытворных. Безлай (Linguistica, VIII/1, 71–72) сумняваецца ў сувязі з жаць і параўноўвае з літ. míegti, mýgti ’ціснуць’.
Жмут 2 ’скнара’ (Бялын., Янк. Мат., 23; Яўс.; міёр., З нар. сл., 290), жмот ’тс’ (Яўс.), жмуціла (міёр., З нар. сл., 290). Рус. прастамоўн. жмот, дыял. жмут ’тс’. Паводле Шанскага (1, Д, Е, Ж, 294), суфіксальнае вытворнае ад жмать (жмаць). Гл. жаць 2. Не выключана, аднак, і ўзаемадзеянне альбо нават семантычнае ўтварэнне ад жмут 1 ’скрутак’ (гл.), супраць чаго адсутнасць на рус. і бел. тэрыторыях фіксацыі форм з о (жмот) у знач. ’скрутак’. Гл. Пятлёва, Этимология, 1970, 208.