Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

Плецюха́ ’пляткар’ (Бес.). Параўн. польск. plociuch, pleciuga ’тс’, ’балбатун’ і малар. плытюх з націскам на апошнім складзе, перанесеным на апошні склад у плегроха. Да плесці (гл.).

*Плецяня́, плытыня, плеценя ’пляцень’ (Сл. Брэс.), плытыня ’плот, сплецены з лазы’ (малар., Нар. лекс.), ’плот з жэрдак’ (лун., ЛА, 4). Да плесці (гл.). Утворана, відаць, ад пляцень і суф. ‑ня (са значэннем ’прадмет — вынік дзеяння’). Параўн. рус. дыял. плетня ’пляцень’, балг. плетня ’тс’ (*plet‑nja < Spiesti, БЕР, 5, 347).

Плечаве́нь ’дужы, з шырокімі плячамі мужчына’. Ад плячо/плечы (гл.) і суф. ‑ав‑ень (Сцяцко, Афікс. наз., 143).

Плеш, пле́шына, пляшок, пляш, плі́ш, плі́шка ’лысіна’ (ТСБМ, Нас.), ’прапушчаны пры ворыве ці жніве ўчастак’ (Нас.; Выг.: віц., Шн. 3; Мат. Гом.; ТС; беласт., Сл. ПЗБ), ’вымаклае месца ў жыце або на лузе’ (Нас. Сб., Нас., Сл. ПЗБ, Сл. Брэс., ТС), ’абсеў, абсевак, агрэх’ (драг., Нар. словатв.; БРС; чэрв., Нар. лекс.; ЛА, 2), плеш ’вільчык, верхні стык страхі’ (Сцяц.; ЛА, 4), ’пляма’ (Бяльк.), ’нераз’езджаная дарога’ (віц., ЛА, 5). Укр. пліш, валын. пляш ’пропуск пры ворыве’, рус. плешь, польск. plesz, чэш. pleš, славац. plešina, славен. plẹ́š, plẹ́ša, харв. чак. plíša ’цаліна’, plȋs ’голая зямля без дрэў’, серб. плѐшина ’тс’, балг. плеши́в ’лысы’, ц.-слав. плѣшь ’лысіна’, ’голае месца без расліннасці’. Прасл. *plešь, якое з прыметніка *plěxъ ’лысы’ > плех (гл.). Лексема плеш ’лацінскае свяшчэнства’ (Нас.), ці ’выгаленае месца на цемені каталіцкага святара’, праз польск. plesz была запазычана са ст.-чэш. pleš ’тс’ (Банькоўскі, 2, 606).

Пле́шка 1, плі́шка ’верхняя, расшыраная частка чаго-небудзь, што мае форму ножкі стрыжня’, ’верхні канец караняплода’, ’кацёлка (галава) сланечнікаў ’галоўка цвіка’, ’шапка грыба’ (ТСБМ, Нас., Мядзв., Касп., Сл. ПЗБ, Ян., ТС, Мат. Маг., Бяльк., Юрч. СНЛ, Жыв. сл.). У выніку семантычнага пераносу ’лысіна’ > ’верхняя частка’ з плеш (гл.). Параўн. укр. плі́шка ’драўляны клін’, рус. плешка ’голая вяршыня гары’, ’галоўка цвіка’, ’шырокі канец далата, па якому б’юць малатком’, польск. pleszka ’галоўка цвіка, шрубы’, ’пляма’.

Пле́шніца ’вялікая суконная хустка (з махрамі і ў клетку)’ (чавус., Мат. Маг.). Відаць, з *(паплечніца ’хустка, якая накідвалася на плечы’. Да плячо (гл.)

Пле́шчыць 1 ’рабіць плоскім, тонкім, плюшчыць’ (Нас.).. Да плоскі (гл.). Сюды ж плешчанік ’ляпёшкі з прэснага цеста, пасыпанне макам’ (тураў., Малч.), якія, відаць, былі плоскія. Параўн. таксама пляскач 2, пляскуха (гл.).

Пле́шчыць 2 ’пляскаць у далоні’ (лід., Сл. ПЗБ). Да пляск.

Плешына́ ’высокая надрэчная трава’ (слонім., ЖНС). Відавочна, да плеш (гл.), што, аднак, цяжка суаднесці па семантыцы. Магчыма, балтызм, параўн. літ. plėšinỹs ’цаліна, дзірван’.

Плён ’тое, што вырашчана, ураджай’ (ТСБМ, Яруш.; гродз., Рафаловіч). З польск. plon, якое з прасл. *pelnъ (для зах. і паўд. слав. моў), *polъ (для ўсх.-слав.) ’прыбытак з поля альбо з поля бітвы — з вайны’ < і.-е. *peln‑o‑s/*poln‑o‑s, параўн. літ. pel̃nas ’даход, прыбытак’, лат. peļņa ’тс’, ст.-інд. paṇaḥ ’заклад’, pāṇatē ’дзейнічае, мяняе, купляе, хоча атрымаць прыбытак’. Гл. таксама палон.

Плёнка ’плеўка’, ’пузыр на метале ці шкле’ (ТСБМ, Мядзв.), ’сіло’ (Янк. I; Шат.; Бяльк., Растарг.; паўн.-усх., КЭС), ’покрыва кукалкі пчалы’ (Нікан.), ’абалонка асінага гнязда’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ); пле́нка ’пенка на малацэ’ (брасл., ЛА, 4; Сл. ПЗБ, Нас.), ’плеўка на паверхні стаячай вады’ (брасл., Сл. ПЗБ), ’мазгавая абалонка’ (брасл., шуміл., Сл. ПЗБ). Рус. плёнка ’плеўка’, ’сіло і прыстасаванне з начэпленых на вяроўку, палку сілаў для лоўлі птушак’. Да прасл. *plěna, якому генетычна адпавядае літ. plenė̃ ’скурка, абалонка’, ’плеўка на малацэ’ аналагічна прасл. *plěva (гл. плева 1) і літ. plėvė̃ ’тс’.