Выда́тны (БРС, Яруш., Гарэц.), выда́тна ’вельмі добра’. Да даць, даваць, параўн. выдавацца ’вылучацца, адрознівацца’ (КЭС, лаг.), здатны, прыдатны і інш., польск. wydatny, рус. выдающийся. Адносіцца да т. зв. еўрапеізмаў — семантычных калек з узораў тыпу ням. aus‑gezeichnet, франц. ex‑cellent, параўн. Трубачоў, Этимология 1971, 384.
*Вы́даўбаць, вы́дыўбаць ’выдзеўбаць’ (Бяльк.). Ці не запазычанне з рус. вы́долбить ’тс’.
Выдвара́ць ’вытураць, высяляць’ (БРС, КТС); ’перабіраць, капрызіць’ (БРС), выджвара́тися ’блазнаваць, крыўляцца’ (Бес.). Рус. выдворя́ть ’выганяць, высяляць’, рус. дыял. выдворя́ться ’крыўляцца, капрызіць; хваліцца’, укр. видвара́ць ’выганяць, высяляць’. Ад двор. Значэнні ’крыўляцца, капрызіць’ з’яўляюцца, відавочна, калькай польск. dworować ’служыць’; ’кпіць’; параўн. чэш. dvořiť si ’ганарыцца чым-небудзь’, dvořský ’дасціпны, цікавы, забаўны (чалавек)’. У польск. і чэш. мовах яны ўстанавіліся па ўзору ням. Hof machen, hofieren, франц. faire la cour (Брукнер, 105; Махэк₂, 136 і наст.).
Вы́дзел ’доля, часць’ (БРС, КТС); ’участак’ (Грыг.); ’выдзяленне пад мерку ці вагу’ (КЭС, лаг.). Рус. вы́дел ’выдзяленне долі, часці’, дыял. вы́делок ’клін або паласа зямлі, выдзеленая пад ворыва’, ст.-рус. выдѣлъ ’доля, часць’, укр. ви́діл, польск. wydział і г. д. Аддзеяслоўнае ўтварэнне ад вы́дзеліць (гл. дзяліць).
Вы́дзелка ’выраб (скуры)’ (Бяльк.), выдзе́лыванне ’тс’ (Юрч.), ви́делка ’пабудова ячэек’ (Анох.). Запазычанне з рус. вы́делка (параўн. бел. выраб).
Выдзе́лываць ’рабіць, выконваць’ (Бяльк.); ’вымазвацца, пэцкацца’; ’вырабляць’ (Юрч.). Запазычанне з рус. выде́лывать.
Вы́дзер ’сала на кішках’ (Касп., Шатал.). Рус. вы́дер ’тс’. Аддзеяслоўнае ўтварэнне ад выдраць (гл. драць) (Вештарт, Лекс. Палесся, 135). Параўн. здор.
Вы́дзерка ’выдранё, малая выдра’ (Дразд., Інстр. II). Запазычанне з польск. wydzierka ’малая выдра’. Перанос націску адбыўся, відаць, пад уплывам выдра (гл.).
Выдзёр ’упершыню апрацаваны ўчастак зямлі’ (Выг. дыс., бяроз.). Аддзеяслоўнае ўтварэнне ад выдзіра́ць ’карчаваць лес’. У семантычных адносінах параўн. рус. дерть, роздерть ’карчэўе’. Параўн. выдзірак 1, выдранка.
Вы́дзіктаваны ’вымуштраваны’ (Жд., 1). Да дзіктаваць (гл.).