Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Бася́дла ’сабака’ (Не хадзі, сынок, да басядлы, укусіцьЖд.). Няяснае слова. Зыходзячы з канчатка (‑дла), можа, нейкае запазычанне з польскай мовы (параўн. суфікс ‑dło).

Бат ’бізун’ (Касп., Сцяшк. МГ). Параўн. рус. бат ’дубінка, дручок’, укр. бат ’дручок’, польск. bat ’бізун’, серб.-харв. ба̏т ’дубіна, дручок’, славен. bat ’тс’. Паходжанне слова няяснае. Агляд шматлікіх версій гл. Слаўскі, 1, 28; Фасмер, 1, 133; Рудніцкі, 86; Махэк₂, 41, 48. Параўн. батог.

Батава́ць ’гаварыць; без злосці дакараць за які-небудзь учынак’ (ДАБМ, 921; карта № 320), ’наракаць’ (Янк. I). Здаецца, зыходзіць трэба з семантыкі ’дакараць’. Тады можна думаць пра метафарычнае паходжанне ад *батаваць ’біць, караць’ (бат ’бізун’; параўн. рус. батова́ть ’біць’) → ’дакараць’ → ’гаварыць’.

Бата́лія. Рус. бата́лия, укр. бата́лія. Запазычанне з раманскіх моў (франц. bataille, італ. battaglia), магчыма, праз польскую мову (польск. batalja). Гл. Фасмер, 1, 133; Шанскі, 1, Б, 55. Сюды ж дыял. бата́ля (Шат.) ’звалка, бойка, крык у вялікай спрэчцы’.

Батальён ’птушка турухтан, Philomachus’ (Інстр. II). Бясспрэчна, запазычанне. Параўн. польскую назву птушкі Мachetes pugnax — bataljon, bitny ptak, kapłonek, bojownik (a гэта па паходжанню ідэнтычна слову bataljon < франц. bataillon, італ. battaglione, гл. Варш. сл., 1, 104, 186). Турухтаны вясной (самцы) вельмі ваяўнічыя (апісанне птушкі гл. Фліпт, Птицы, 248–249). У польскай мове гэта, відаць, жартаўлівая назва.

Бата́ніка. Рус. бота́ника, укр. бота́ніка. Запазычанне з ням. Botanik (< лац. botanica < грэч., параўн. βοτάνη ’расліна’). Фасмер, 1, 200; Шанскі, 1, Б, 177.

Батарэ́я. Рус. батаре́я, укр. батаре́я (ст.-укр. батарія, баттерія, XVIII ст., непасрэдна з зах.-еўрап. форм, можа, праз польск. bateria). Запазычанне з ням. Batterie або франц. batterie (да battre ’біць’). Праабражэнскі, 1, 19; Фасмер, 1, 134; Шанскі, 1, Б, 55. Укр. батаре́я яўна з рус. мовы.

Батва́ ’расліна Beta сісlа; зяленіва наогул’ (Нас.), ’сцяблы і лісце гуркоў’ (ДАБМ, 863), ’лісце і сцяблы бульбы’ (Лысенка, Жыт.), батві́на ’сцябло буракоў’ (Нас.), батоўе ’бацвінне’ (Нас., Касп.), ’сцяблы і лісце гарбузоў, бульбы’ (ДАБМ, 864, 866), бата́ўе ’сцяблы і лісце гуркоў’ (ДАБМ, 863), бато́ўкі ’сцяблы і лісце буракоў’ (ДАБМ, 868), бацві́нне ’сцяблы буракоў; вараная капуста; боршч’ (Нас., БРС), ’лісце буракоў’ (Сцяшк. МГ), ’сцяблы і лісце гуркоў’ (ДАБМ, 863), ’бацвінне, бураковае лісце’ (Бяльк.), ’бацвінне; халаднік’ (Касп.), ’бацвінне’ (Шат.). Рус. ботва́, бо́товь, ботви́нья, укр. ботва́, ботви́на, ботви́нє, польск. boćwina, botwina і г. д. (гл. Фасмер, 1, 200). Ад і.-е. *bheu̯ā‑ ’расці’ ўтворана *bhu̯ət (> прасл. bvot‑ > bot‑), што дае рус. боте́ть, славен. naboteti ’таўсцець, тлусцець і г. д.’ Чаргаваннем вакалізму атрымліваюцца далей розныя асновы (bat‑, but‑, bъt‑), ад якіх ёсць шмат вытворных (рус. буте́ть ’таўсцець’ і да т. п.), параўн. далей грэч. φυτόν ’расліна’, слав. byti ’быць’, bylije. Бел. буцве́ць ’гнісці, чарнець ад вільгаці’ (Інстр. II, Бір. Дзярж. КЭС, лаг.), таксама бутне́ць (КЭС, лаг.) адносіцца да гэтага вялікага гнязда слоў. Гл. Фасмер, 1, 200–201, 253; падрабязна Айцэтмюлер, ZfslPh, 22, 363–372. Да беларускай праблематыкі параўн. яшчэ Сцяц. Нар., 41–42.

Батлажка ’біклага’ (Сцяшк. МГ). Параўн. бакла́га і бікла́га. Незразумела, адкуль тут ‑т‑ (замест ‑к‑). Ці не лепш думаць пра рум. крыніцу слова (параўн. тлумачэнне ‑і‑ ў бікла́га)? Тады батла́жка < *батла́га < *бутла́га. Параўн. рум. butlagă ’бачонак’, bâtlag, bîtloagă, bătlag ’тс’. Як вядома, пра ўплыў рум. мовы на ўкр. формы тыпу баклаг(а), боклаг думаў Шалудзька, Rum., 126. Некаторае пацвярджэнне ўплыву рум. мовы на бел. ёсць: параўн. ‑і‑ ў форме біклага (гл.) і спалучэнне ‑тл‑ (замест ‑кл‑) у слове батла́жка. Але незразумелы шлях румынскіх уплываў. Гл. Краўчук, БЛ, 1975, 7, 65.

Батланчык. Гл. батла́чык.