Бакла́га. Ст.-бел. боклаг, боклага, баклага, биклаха (Гіст. лекс., 139; Булыка, Запазыч.). Рус. бакла́га, бакла́жка і інш., укр. бакла́г, бакла́га, бакло́, боклаг, боклага (дзве апошнія формы з XVI ст.) і г. д. Запазычанне з цюрк. моў (параўн. каз.-тат., тур. baklak від пасудзіны для вады’). Міклашыч, Türk. El. Nachtr., І, 9; Карловіч, Wyr. obce, 73; Брукнер, KZ, 48, 161; Фасмер, 1, 110. Для ўкр. мовы, магчыма, некаторыя формы праз польск. (бо́кло, бо́кла, бо́клак, параўн. польск. bukłak, bokłak). Адносна рум. версіі гл. Шалудзька, Rum., 126 і Крынжалэ, 216. Параўн. яшчэ бікла́га.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)