Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Батла́чык, батланчык ’расліна батлачык, Alopecurus L.’ (Кіс., 13). Рус. батлачи́к ’Alopecurus; Sagittaria sagittifolia; Trapa natans (таксама батла́чик, мадлачи́к, батманцу́к, батманчук, батлан, батланцук і г. д., гл. Мяркулава, Очерки, 134), укр. батлачик, батлачок ’Alopecurus’. Мяркулава, там жа, лічыць, што ўсё гэта запазычанне з тат. мовы (тат. назва для вадзяных арэхаў Trapa natans — batmancьq < batman ’гаршчок’). Для варыянта батланчык параўн. укр. і паўд.-рус. батланцук, якія адлюстроўваюць, відаць, адпаведную цюрк. форму. Не выключаецца, што батланчык — кантамінацыя форм тыпу батлачык і батланцук. Назва, відавочна, сапраўды з цюрк. моў. Але можна даць і іншую этымалогію. Усё гэта расліны, што растуць у вадзе, каля вады і наогул там, дзе ёсць вільгаць. Параўн. яшчэ ўкр. назвы для балотных траў: батлау́к, батлаву́к, батлау́ка. Таму як крыніцу можна лічыць і тур. batak, bataklık ’балота, багна’. Батлау́к (> батлак, батлачик) можа паходзіць ад тур. bataklık otu ’балотная расліна’.

Батле́йка (БРС, Др.-Падб.), рус. дыял. (зах.) бетле́йка. Паводле Фасмера, 1, 162, з польск. betlejka ’тс’ (а гэта ад мясцовай назвы Bethlehem, гл. Брукнер, 22). Да гісторыі бел. батлейкі гл. Г. І. Барышаў, А. К. Саннікаў, Беларускі народны тэатр батлейка, Мінск, 1962.

Бато́г ’бізун’ (Тарн.), бату͡ог (Бесар.). Укр. баті́г ’тс’, рус. бато́г, польск. batog, чэш. batoh. Лічыцца вытворным ад бат (гл.). Фасмер, 1, 134; Шанскі, 1, Б, 56–57; Слаўскі, 1, 28. Але ёсць думкі аб запазычанні гэтага слова з усходніх моў, што не пераконвае (Фасмер, там жа).

Бато́н. Бел. бато́н, укр. бато́н, мабыць, з рус. бато́н (а гэта з франц. bâton ’палка, жазло’, гл. Шанскі, 1, Б, 57).

Батра́к (БРС, Шат., Касп., Нас., Бяльк.). Запазычанне з рус. мовы (параўн. Чуд.), таксама і ўкр. батра́к. Паходжанне рус. слова не вельмі яснае. Па версіі Гараева, 13; Праабражэнскага, 1, 19; Шанскага, 1, Б, 57, з тат. batrak. Другая версія (Сабалеўскі, РФВ, LXX, 77; Фасмер, 1, 134–135) — суфіксальнае ўтварэнне ад рус. батырь ’падрадчык і г. д.’ (< цюрк.).

Батрама. Гл. бутрама.

Бату́ра балака, пустамеля’, бату́рыць ’балакаць’ (Нас.). Няяснае слова. Можа, звязана з рус. бату́рить, бату́риться ’наравіцца, манежыцца’. Параўн. Фасмер, 1, 135.

Батфо́рт, батфорты. Рус. ботфо́рты, ботфо́рт, укр. ботфо́рт ’боты з высокімі халявамі’. Запазычанне з франц. bottes fortęs ’вялікія, моцныя боты’. Праабражэнскі, 1, 39; Фасмер, 1, 201; Шанскі, 1, Б, 179.

Баты́ст (БРС), укр. бати́ст, рус. бати́ст. Першакрыніца запазычання франц. batiste (гл. Фасмер, 1, 134; Шанскі, 1, Б, 56). Бел. і ўкр. формы, можа, праз польск. batyst. Прама з рус. узята бел. ба́ціст (Сцяшк. МГ), але націск адлюстроўвае польскі ўплыў. Ад баціст утворана бацісто́ўка ’хустка з батысту’ (Сцяшк. МГ).

Баўдзі́ла ’лаянкавае слова’ (Янк. БП), ’дурань’ (Янк. Мат., Бір. Дзярж., БРС), бо́ўдзіла ’дурань’ (Янк. Мат.), бо́ўдзіло (Арх. Бяльк., слонім.), боўдзіла ’вярзіла’ (Шат.), ’чалавек, які ў гутарцы ўжывае недарэчныя ці лаянкавыя словы’ (КЭС, лаг.), бо́ўціла ’лаянкавае слова’ (КЭС). Можна меркаваць, што ёсць сувязь з словам боўдзіла ’жэрдка, якой заганяюць рыбу ў сетку’ (гл.). Перанос значэння ’палка, дубіна, жэрдка’ → ’дурань’ добра вядомы амаль ва ўсіх мовах.