Батла́чык, батланчык ’расліна батлачык, Alopecurus L.’ (Кіс., 13). Рус. батлачи́к ’Alopecurus; Sagittaria sagittifolia; Trapa natans (таксама батла́чик, мадлачи́к, батманцу́к, батманчук, батлан, батланцук і г. д., гл. Мяркулава, Очерки, 134), укр. батлачик, батлачок ’Alopecurus’. Мяркулава, там жа, лічыць, што ўсё гэта запазычанне з тат. мовы (тат. назва для вадзяных арэхаў Trapa natans — batmancьq < batman ’гаршчок’). Для варыянта батланчык параўн. укр. і паўд.-рус. батланцук, якія адлюстроўваюць, відаць, адпаведную цюрк. форму. Не выключаецца, што батланчык — кантамінацыя форм тыпу батлачык і батланцук. Назва, відавочна, сапраўды з цюрк. моў. Але можна даць і іншую этымалогію. Усё гэта расліны, што растуць у вадзе, каля вады і наогул там, дзе ёсць вільгаць. Параўн. яшчэ ўкр. назвы для балотных траў: батлау́к, батлаву́к, батлау́ка. Таму як крыніцу можна лічыць і тур. batak, bataklık ’балота, багна’. Батлау́к (> батлак, батлачик) можа паходзіць ад тур. bataklık otu ’балотная расліна’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)