Ба́сма ’фарба басма’. Рус. ба́сма. Лічыцца запазычаннем з цюрк. моў (basma). Так Сл. ін. слов, 96. Але націск сведчыць аб пасрэдніцтве іншых моў (дакладна невядома якіх).
Басма́ ’пячатка, знак і да т. п.’ Ст.-рус., рус. басма́, укр. басма́ (< рус.). Запазычанне з цюрк. моў (цюрк. basma ’набіўное палатно, тканіна’, ад basmak ’ціснуць, друкаваць’). Параўн. яшчэ ўкр. ба́сма ’чорная шаўковая хустка’, балг. басма́ ’набіўное палатно’, серб.-харв. ба̀сма ’тс’. Бернекер, 45; Фасмер, 1, 131; БЕР, 1, 35; Дзмітрыеў, Тюрк. эл., 19; Рудніцкі, 85.
Басма́ч, рус., укр. басма́ч. Запазычанне (праз рус. мову) з узб. мовы (у час грамадзянскай вайны): узб. басмачи (‑чи — агентыўны суфікс), да басма ’налёт’. Падрабязней гл. Дзмітрыеў, Тюрк. эл., 19; Шанскі, 1, Б, 52; Супрун, УЗ Кирг.У, 3 (1957), 91.
Ба́сня ’байка’ (Касп.), ст.-бел. баснь ’выдумка, забабонная выдумка’ (XVII ст.; Нас. гіст). Рус. ба́сня, укр. (ст., з XVII ст.) ба́сня, польск. baśń, чэш. báseň, ц.-слав. баснь і г. д. Прасл. basnь ’тс’ (ад ’гаварыць’, што ў дзеяслове *bajati; гл. ба́яць, ба́іць; суфікс *‑snь). Бернекер, 45; Брукнер, 18; Слаўскі, 1, 28; Фасмер, 1, 131. Параўн. яшчэ Шанскі, 1, Б, 53.
Басо́к ’лёска вудачкі; кручок, прымацаваны да лёскі’ (Маш.). Бясспрэчна, да бас ’струна’ (гл.), параўн. і ўкр. басо́к ’басавая струна’. Значэнне ’лёска вудачкі’ зразумелае (перанос), а ’кручок, прымацаваны да лёскі’ — рэзультат забыцця ўнутранай формы слова.
Басо́ль 1, басо́ля ’віяланчэль, бас, кантрабас’ (БРС, Касп., Янк. БП, Шн.), укр. басо́ля. Бясспрэчна, да бас 1, але словаўтварэнне не вельмі яснае. Смаль–Стоцкі (Abriss, 37–38) лічыць, што тут павелічальны суфікс ‑оля.
Басо́ль 2 ’фасоля’ (Касп.). Магчыма, трансфармацыя слова фасо́ля, фасо́ль (гл.) з субстытуцыяй ф > б. Не выключаецца і што гэта жартаўлівая ад’ідэацыя да басо́ль 1 (*вялікая, круглая фасоля, як басо́ль).
Басо́н ’пазумент, кант, галун і г. д.’, рус. басо́н, укр. басо́н. Слова не вельмі яснага паходжання. Праабражэнскі (1, 18) лічыў, што рус. басо́н < ням. Posament ’пазумент’ (< франц. passement). Мацэнаўэр (Cizí sl., 105–106) сумняваецца (з фанетычных меркаванняў) і ставіць пытанне аб франц. façon як аб першакрыніцы. Фасмер (1, 131) падтрымлівае версію Праабражэнскага, але думае пра пасрэдніцтва ням. дыялектаў.
Бастава́ць. Рус. бастова́ть, укр. бастува́ти, польск. bastować. Утварэнне ад ба́ста! ’хопіць!’ (< італ. basta!). Яшчэ ў Даля бастоват́ь значыць ’канчаць, перастаць іграць’. Сучаснае значэнне з’явілася пазней. Гл. Шанскі, 1, Б, 54. Няясныя адносіны (запазычанне з рус. ці паралельныя ўтварэнні) між рус. і іншымі мовамі, дзе ёсць гэта слова.
Басто́ліць ’біць няшчадна’ (Нас., Яруш.). Слова невядомага паходжання. Магчыма, ёсць сувязь з рус. дыял. бустать ’біць’ (тады ‑ол‑ — нейкі «экспрэсіўны» суфікс). Параўн. таксама літ. bàstelėti тыкнуць; кальнуць’ (да basnȯti ’тыкаць; калоць’). Няясна.
Басто́н ’назва тканіны; назва танца’. Рус., укр. босто́н. Запазычанне (у XX ст.) з англ. мовы. Слова паходзіць ад назвы мясцовасці Boston (у ЗША), дзе першапачаткова з’явіўся гэты танец і дзе першапачаткова рабілі тканіну бастон. Але басто́н ’гульня ў карты’, рус., укр. босто́н < франц. boston (рус. мовай запазычанае ўжо ў XVIII ст.), а гэта ад назвы той жа амерыканкай мясцовасці. Фасмер, 1, 199; Шанскі, 1, Б, 176.