Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Басано́жкі ’род абутку’. У гаворкі слова прыйшло з літаратурнай мовы (гл. Сцяц. Нар., 152), у якую яно трапіла з рус.

Басаць ’рэзаць’, арго (Рам., IX, 5). Паводле Раманава (там жа), запазычанне з тат. мовы (дакладная крыніца не прыводзіцца).

Басе́йн. Рус. бассе́йн, укр. басе́йн. Запазычанне з франц. bassin ’тс’. Фасмер, 1, 132; падрабязна Шанскі, 1, Б, 53.

Басі́ла ’здаравяка-лайдак’ (Яўс.). Параўн. рус. дыял. баси́ла ’франт; бяспутны чалавек, хуліган’, баси́ло ’горды чалавек; франт’. Мабыць, звязана з дзеясловам тыпу рус. дыял. ба́си́ть ’выстройвацца, франціць’, ’трымацца горда, важнічаць’ (паходжанне яго не вельмі яснае). Гл. баской.

Басі́лы ’абутак з шыны’ (Жд.). Гэта слова вельмі нагадвае іншую назву абутку — бахі́лы ’абутак, галёшы, зробленыя з шын, абутак з гумы і г. д.’ (гл.). Што гэта варыянты аднаго і таго ж слова, здаецца, сведчыць паралелізм бахі́лы|басі́лы (КЭС, бых.). Фанетычная змена не вельмі зразумелая, аднак у гаворках часам сустракаецца чаргаванне х с. Не выключаецца і ўплыў нейкага іншага сямейства слоў. Параўн., напр., рус. дыял. баси́ла (мн.) ’убранне’, ба́си́ть ’прыбірацца, выстройвацца’. Гл. бахі́лы (там і літ-pa да этымалогіі).

Басі́ста ’музыкант, які грае на басах’ (Нас.). Запазычанне з польск. basista. Кюнэ, Poln., 44.

Баскак, байскай, бойскак, боскак ’баскак, прадстаўнік ханскай улады, зборшчык даніны’ (ужо ст.-бел.; Булыка, Запазыч.). Рус. баска́к, укр. баска́к, польск. baskak. Запазычанне з цюрк. моў. Параўн. чагат. baskak. Праабражэнскі, 1, 18; Фасмер, 1, 131. Больш верагоднай здаецца версія пра запазычанне з тат. моў (ст.-тат. баскак). Гл. Дзмітрыеў, Тюрк. эл., 19; Шанскі, 1, Б, 51–52.

Баскетбо́л. Рус. баскетбо́л, укр. баскетбо́л і г. д. Новае запазычанне (здаецца, бел. і ўкр. праз рус. мову) з англ. basket‑ball ’тс’ (basket ’кошык, кош’, ball ’мяч’). Шанскі, 1, Б, 52.

Баско́й ’прыгожы’ (калінк., Арх. ГУ, Г. А. Цыхун, вусн. паведамл.). Рус. дыял. ба́сый, баский, ба́ско́й добры; прыгожы; хуткі і г. д.’ Фасмер (1, 129–130) звязвае гэтыя словы з рус. дыял. бас, бась ’прыкраса, прыгажосць і да т. п.’ (паходжанне іх не вельмі яснае: лічыцца запазычаннем з сканд. моў або з комі; ставіцца пытанне аб сувязі з санскр. bhās‑ ’святло, бляск і г. д.’; але ўсе значэнні добра выводзяцца з рус. дыял. басить, басовать). Магчыма, сюды і ўкр. баский ’хуткі (пра каня)’. Але параўн. укр. басува́ти ’стаць на дыбы, ісці галопам’, рус. басова́ть ’бадзёрыцца, іржаць, таптаць і г. д.’

Баславі́ць ’зычыць дабра, шчасця’, баславе́ння, баслаўлёны (КЭС, лаг.). Скарачэнне (гаплалогія, алегра-форма) з благаславі́ць. Таксама скарачэннем з’яўляецца і форма бласлаўля́ць ’благаслаўляць’ (Гарэц.).