Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Бары́цца ’марудзіць’ (Нас., Гарэц., Кос.), барі́цца (Бяльк.), бары́ць затрымліваць’ (Нас.). Ст.-бел. барити ’тс’ (Нас. гіст.). Укр. бари́тися, рус. дыял. (арл., кур., варонеж.) бари́ться ’тс’, бари́ть ’затрымліваць’. Цёмнае слова. Ільінскі (РФВ, 62, 251) бачыў тут аблаутную форму да і.-е. *bheu̯ā‑ ’быць’ + суф. ‑r‑ (*bhu̯ar‑ > *bar‑) і знаходзіў сувязь з серб.-харв. бо̀равити ’знаходзіцца’ (але аб серб.-харв. слове параўн. Чоп, SR, 12, 170–176, там і літ-pa). Іншая версія: сувязь з дзеясловам *variti (з часовым значэннем). Так, ужо Насовіч (Нас. гіст., пад барити), пазней Трубачоў (ZfSl, 3, 671). Але з семантычнага погляду гэта не пераконвае. Магчыма, таго ж паходжання, што і рус. дыял. ба́риться ’важнічаць; лодарнічаць, ляпіцца’ (параўн. і ноўгарад. бари́ться ’важнічаць’; усё ад ба́р(ин)); так ужо Даль (гл. Краўчук, БЛ, 1973, 4, 68). Параўн. яшчэ Рудніцкі, 81.

Бары́ш ’магарыч; прыбытак’ (Касп., Шат., Нас., Выг. дыс., Бір. Дзярж., Федар., 4, Інстр. III, барышы́Гарэц.). Ст.-бел. барыш (з XVI ст., Гіст. лекс., 139; Булыка, Запазыч.). Рус. бары́ш, укр. бари́ш. Запазычанне з цюрк. моў (параўн. тур., крым.-тат. baryš ’мір, прымірэнне’. Бернекер, 45; Праабражэнскі, 1, 18; Фасмер, 1, 129). Ёсць і іншая версія: запазычанне іменна з тат. мовы, гл. Шанскі, 1, Б, 50, там і літ-ра). Няяснае ўтварэнне бары́шнае ’агародніна’ (Касп.).

Барэ́лка ’бачонак’. Гл. бары́ла1.

Барэткі жаночыя туфлі’ (Касп.). Рус. дыял. баре́тки ’розныя віды жаночага абутку’ (смал., тул., свярдл., ярасл. і г. д.), баре́ты ’модныя чаравікі’ (данское). Паводле Шанскага, 1, Б, 43, магчыма, запазычанне з ісп. мовы (ісп. barreta ’скураная сцілка’). Няпэўна. Параўн. рус. дыял. баре́товый ’скураны’ (?): Надевал перчаточки баретовые (з песні). Зыходзячы з рус. дыял. варыянта буре́тки ’жаночы абутак’, можна лічыць, што слова таго ж паходжання, што і рус. буре́т, польск. burat, buret, boradek, boratek ’гатунак баваўнянай ці шарсцяной або шаўкова-шарсцяной матэрыі, якая мела ўзоры і зажывалася на парцьеры і для пакрыцця мэблі’ (а гэта з франц. burat, італ. buratto; Варш. сл., 1, 190, 235, 236). Тады значэнне ’скураны абутак’ другаснае, а першаснае ’абутак з матэрыі’ (гэта значэнне яшчэ вядома ў рус. гаворках). Таксама рус. перчаточки баретовые хутчэй за ўсё ’пальчаткі з матэрыі барету’ (гл. Краўчук, БЛ, 1973, 4, 69).

Барэ́ц1 (спарт.). Мабыць, запазычанне з рус. боре́ц (гэта слова, відаць, праславянскае — nom. agentis з суф. *‑ьcь ад *borti () ’змагацца’, гл. баро́цца; вельмі няпэўна Шанскі, 1, Б, 167: утварэнне ад *borъ ’барацьбіт’).

Барэ́ц2 ’расліна баршчэўнік сібірскі, Heracleum sibiricum L.’ (Кіс.). Укр. борец ’Heracleum Sphondylium L.’ (Макавецкі, Sł. botan., 178). Ад слав. *borьcь (< *borti (), гл. баро́цца). Матывацыя не зусім ясная. Магчыма, таму, што сцябло расліны пакрыта цвёрдымі валаскамі. Але не выключаецца, што назва дадзена ад моцнасці расліны (вышыня яе 90–200 см). Нарэшце, можна думаць і пра іншую матывацыю: расліна мае вострае лісце (адсюль і яе назвы ад асновы *bъrščь, Фасмер, 1, 198, гл. боршч, баршч; супраць такой этымалогіі Мяркулава, Очерки, 61–62). Цікава, што навуковая назва расліны — Heracleum узнікла ад імя антычнага героя Геракла (як думаюць, таму, што расліна вельмі моцная, высокая і мае лячэбныя ўласцівасці; Сімановіч, 229; Нейштадт, Определитель, 422).

Барэ́ц3 ’расліна мардоўнік, Aconitum L.’ (Інстр. II). Рус. боре́ц, укр. боре́ць, боре́ц. Бясспрэчна, ад *borti () (гл. баро́цца). Расліна Aconitum вельмі ядавітая і з яе рабілі атруту для ваўкоў. Нейштадт, Определитель, 254–255; Сімановіч, 8; Махэк, Jména rostl., 46. Параўн. яшчэ іншыя назвы для Aconitum: рус. волкобой, чэш. vlčí mor, psí mor, славен. pasja smrt, лац. aconitum lycoctonum, cynoctonum і г. д.

Бас1 ’бас; чацвёртая струна ў скрыпцы, самая тоўстая’ (БРС, Маш., Бяльк.). Рус. бас, укр. бас і г. д. Запазычанне з франц. basse або італ. basso (літаральна ’нізкі’). Праабражэнскі, 1, 19; Фасмер, 1, 129. Іначай Шанскі, 1, Б, 51, які на аснове гістарычных крыніц (рус. мовы) лічыць, што бас, прынамсі ў рус. мове, запазычана праз польск. bas (< італ.). Гл. яшчэ Клюге, 54 (тут і тлумачэнне слова як назвы інструмента); MESz, 1, 257. Сюды і бас (Браім, Весці АН БССР, 1973 (І), 128) ’кавалак дроту’. Параўн. бас2.

Бас2 ’пас, шнур у самапрадцы’ (Бяльк.). Слова не вельмі яснага паходжання. Можна меркаваць, што яно ўзнікла азванчэннем з пас (гл.). Але не выключаецца, што яно таго ж паходжання, што і бас ’чацвёртая струна ў скрыпцы, самая тоўстая’ (гл. бас1).

Ба́са ’вялікая кадушка’ (Сцяшк. МГ, Сцяц.). Мяркуем, што гэта можа быць скарачэннем слова басэ́тля (гл.), якое ў значэнні вялікая бочка’ ўжываецца якраз у зэльвенскіх гаворках. Іншая магчымая этымалогія: запазычанне з польск. fasa ’бочка’ (< ням. Faß), з субстытуцыяй f > b. З гэтага апошняга ўзята і бел. фаска (гл. Слаўскі, 1, 221).

Баса́к ’бусак’ (Сцяшк. МГ). Запазычанне з польск. bosak ’тс’ (а гэта з ням. Bootshacken, гл. Варш. сл., 1, 193; Брукнер, 37, зыходнай ням. формай лічыў Bootshacke). Параўн. бусак.

Басала́й ’нягоднік, нахабнік’ (Гарэц., Нас., Яруш.), бысыла́й ’нягоднік, абібок, гультай’ (Бяльк.). Рус. басала́й. Гэта апошняе Фасмер (1, 130) лічыць магчымым выводзіць ад рус. бас, бась ’аздабленне’ і ла́ять. Няпэўна. Параўн. яшчэ Львоў, Зб. Петравічу, 318–320, дзе прыводзяцца некаторыя меркаванні адносна паходжання слова.

Басалы́га ’басяк’ (Арх. Бяльк., слонім.). Параўн. рус. дыял. басалы́га ’ветраны, легкадумны чалавек, балаболка і г. д.’ Можна меркаваць пра сувязь з басала́й (гл.); тады «экспрэсіўны» суфікс ‑ыга? Але параўн. і польск. basałyk ’пуга; басяк’; basałyga ’тс’. Форму basałyga (экспрэсіўную!) Брукнер (17) лічыць вытворнай ад basałyk. Выходзіць, не выключаецца магчымасць і сувязі з ст.-бел. басалык ’пуга’, рус. басалы́к, укр. басалик (з XVII ст.), польск. basałyk, запазычанымі з цюрк. моў. Фасмер, ZfslPh, 16, 68; Фасмер (1, 130) тлумачыць іх з тур., тат. bašakly. Але ёсць і тур. форма basalik, basilik! Невядома, якую ролю пры запазычанні іграла тут польск. мова (Булыка, Запазыч., 38: праз польск. basałyk).