Барэткі жаночыя туфлі’ (Касп.). Рус. дыял. баре́тки ’розныя віды жаночага абутку’ (смал., тул., свярдл., ярасл. і г. д.), баре́ты ’модныя чаравікі’ (данское). Паводле Шанскага, 1, Б, 43, магчыма, запазычанне з ісп. мовы (ісп. barreta ’скураная сцілка’). Няпэўна. Параўн. рус. дыял. баре́товый ’скураны’ (?): Надевал перчаточки баретовые (з песні). Зыходзячы з рус. дыял. варыянта буре́тки ’жаночы абутак’, можна лічыць, што слова таго ж паходжання, што і рус. буре́т, польск. burat, buret, boradek, boratek ’гатунак баваўнянай ці шарсцяной або шаўкова-шарсцяной матэрыі, якая мела ўзоры і зажывалася на парцьеры і для пакрыцця мэблі’ (а гэта з франц. burat, італ. buratto; Варш. сл., 1, 190, 235, 236). Тады значэнне ’скураны абутак’ другаснае, а першаснае ’абутак з матэрыі’ (гэта значэнне яшчэ вядома ў рус. гаворках). Таксама рус. перчаточки баретовые хутчэй за ўсё ’пальчаткі з матэрыі барету’ (гл. Краўчук, БЛ, 1973, 4, 69).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)