Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

*Перабэ́ндзаваць, пырыбэ́ндзюваты, пырибэ́ндзо̂ватэ ’гультаяваць, забаўляцца, нічога не рабіць, дарэмна праводзіць час’ (драг., Клім., Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.), пэрэбэ́ньдювати ’перабіраць, капрызіць’ (Бес.), пырыбэндзюватэ ’перабіраць у ежы’ (кобр., Нар. лекс.). Укр. перебе́ндювати ’капрызіць’, ’балбатаць’, перебе́ндя, перебе́ндюха ’пустамеля, пераборлівы, капрызная’, перебе́нда ’жарт, балаканне, балбатня’. Арэальнае ўтварэнне ад формы 3 ас. адз. л. польск. дзеяслова przebyć ’правесці час’ — przebędzie > перебендя (як прыдзіра, гуляка, мурза, непаседа і інш.) з заменай прыстаўкі на пера-.

Перабэ́чыцца ’схіліцца на бок’, перабэчыць ’схіліць на бок, наставіць (напр., жывот)’ (Скарбы). Да пера- і бок (гл.), параўн. чаргаванне крок/крэч ’крык’ і пад., паралельнае да польск. дыял. znewu ’znowu’, depire ’dopiero’ (Клемянсевіч. Gr., 96).

Перабязу́ліцца ’надурэцца, насваволіцца’ (Нас.). Да пера- (гл.) і бязу́ліцца, бязу́ліць ’гарэзаваць, дурэць, дурыцца, непрыстойна паводзіць сябе’, бязу́льны ’шалапутны’, бязу́ля ’гарэзлівы’, гл. бязула.

Перава́га ’асаблівасць, якая выгадна адрознівае адно ад аднаго’ (ТСБМ, Гарэц., Нас.), сюды ж у перавагу — гульня (гродз., Нар. словатв.). Ст.-бел. превага (XV ст.) запазычана са ст.-польск. przewaga ’кошт, затраты, перамога’. У выглядзе перавага аформілася, відаць, пазней; формы з пера- зафіксаваны толькі ў вытворных: переваженье, переважити(ся), переважоный (Булыка, Запазыч., 54). Гл. таксама вага́. Сюды ж пераважыць, пераважны і інш.

Перава́дзіць ’пасварыць усіх, пасеяць разлад, нязгоду’ (Др.-Падб.). Да пера- (гл.) і вадзіць1 ’шкодзіць’ (гл.).

Перава́жваць ’навязваць (карову) у іншым месцы’, пераважа́ць ’тс’ (Сл. ПЗБ). Балтызм. Параўн. літ. pérvedžioti ’пераводзіць’.

Перава́л: перава́ламі (ісці) (аб дажджы) ’з перапынкамі’ (чэрв., Нар. лекс., ЛА, 2). Да пера- і валіць (гл.). Параўн. паралельныя рус. валаг. перм. перева́ла ’чорная, дажджавая хмара, якая раптоўна набягае, і з яе ідзе кароткачасовы дождж’, ст.-польск. przewal ’дождж’, у якіх захоўваецца старажытная семантыка ’падаць, ісці (пра дождж)’, параўн. балг. вали́ ’падае дождж’.

Перавала́кванне (пірівыла́кывыньня) ’перабудова’ (Юрч. СНЛ). Да валачы́ць (гл.) у старым тэрміналагічным будаўнічым значэнні, параўн. на́валак ’паверх’ (гл.), сво́лак, су́валак ’кладзь, якая служыла апорай страхі на сохах’ і пад.

Перавалачы́ ’сцебануць, ударыць’ (слонім., Нар. словатв.). Відаць, з польск. przewlec ’перацягнуць’ пры ад’ідэацыі бел. перацягну́ць ’сцебануць’.

Перавалачы́ць (переволочы́ць) ’апрацаваць (грады)’ (хойн., Мат. Гом.), сюды ж піравалака́ць ’пасеяную і забаранаваную збажыну пераяжджаць бараной уздоўж загонаў’ (Варл.). Да пера- і валачы́ць са старым значэннем ’рыхліць (зямлю)’, з якім слова ўжывалася ў больш старажытныя часы, калі замест сахі або бараны выкарыстоўвалася вершаліна ’верхняя частка яліны з завостранымі сукамі’.