Перабо́й 1 ’падарункі ад кумоў у час хрысцін’ (ТС). Да пера- і біць (гл.) — у час хрысцін разбіваюць гаршчок з бабінай кашай, і бабка-павітуха атрымоўвае падарунак.
Перабо́й 2 ’светаяннік, Hypericum perforatum L.’ (чач., ЛА, 1). Фармальна да пера- і біць (гл.). Аднак, параўнаўшы іншыя назвы расліны, можна дапусціць, што перабой — таксама відазмененая назва зверабой ’тс’, як сверабой, верабой, зварабой, варэбай (там жа).
Перабо́йка ’перагародка ў кватэры’ (віл., в.-дзв., Сл. ПЗБ; Ян.), пірябойка, перабойка ’тс’ (віц., леп., ЛА, 4), рус. перебойка ’дашчаная перагародка ў хаце’, серб.-харв. пре́бој ’перагародка’. Да пера- і біць ’дзяліць’. Параўн. лат. šķērssiena ’перагародка’, першая частка якога звязваецца са словам sķērēt ’рэзаць’.
Перабо́р 1 пярабор, перабі́р, пярэбір, пярэбірак, пярэ́бірка ’пласт сена’ (ЛА, 2). Да пера- і біраць ’складваць сена пластамі’ (гл.), што адлюстроўвае зграбанне сена граблямі да ног.
Перабо́р 2 ’адтуліна ў жалейцы’ (брагін., Мат. Гом.), сюды ж віц. pirabór, якое Машынскі параўноўвае з харв. далмацінск. prebirač, луж. přeberawa, польск. позн. przebierka ’пішчалка ў дудзе’ (Машынскі, Atlas, 3). Ад перабіра́ць (пальцамі) — у выніку пераносу значэння ’перабіранне’ > ’адтуліна’.
Перабора 1 (перэбо́ра) ’зяць-прымак’ (ТС). Утворана пры дапамозе суф. м. р. nomen agentis ‑а (< *‑a) ад перабірацца (у хату жонкі). Да пера- і браць (гл.).
Перабо́ра 2 ’рознакаляровы пояс’ (хойн., Мат. Гом.). Да перабіраць (гл.). Суф. ‑а (ж. р.), як у перабіранка (гл.).
Пераборка (піраборка) ’дашчаная перагародка ў хаце; канявая сцяна’ (бялын., докш., Янк. Мат.; Сцяшк. Сл.; Яруш.; Др.-Падб.; Гарэц.; рас., Шатал.; барыс., шуміл., кругл., ЛА, 4). Да пера- і браць (гл.) у значэнні ’аддзяляць частку’ (ТСБМ). Параўн. заборка ’тс’ (рас., Янк. Мат.), рус. дыял. перебира́ть ’перагароджваць’, переборка ’перагародка’.
Перабука́цца (пырыбука́тыся) ’перакуліцца’ (малар., Нар. лекс.), пірябу́кыцца ’пабіцца (пра бараноў)’ (Юрч. СНЛ). Да пера- і бука́ць (гл.). Звычайна апошнюю лексему адносяць да гукапераймальных (Фасмер, 1, 236; Трубачоў, Эт. сл., 3, 88; ЕСУМ, 1, 285 і інш.). У разгледзеным слове адбыўся перанос семантыкі: ’біцца лбамі’ > ’біцца’ > (і — як вынік) ’перакульвацца’.
Перабунтава́ць ’перабіць размову’ (Гарэц.), ’пераблытаць, збіць з ліку, перашкодзіць’ (Юрч., Нас.), пірібунто́вывыць ’пераблытваць’, ’перашкаджаць’ (Юрч. СНЛ), ’зрабіць мутным’ (Нас.). Да пера- і бунт 1 (гл.).
Перабуры́ць ’перастаць моцна, з вялікай сілай дзьмуць (пра вецер)’ (ТС). Да пера- і буры́ць, бу́ра (гл.). Апошняе да прасл. *buriti (sę) < і.-е. *bheu̯‑. Параўнаўшы з паралельнай прасл. парай *buna — *buniti (з блізкімі значэннямі), можна бачыць што ‑r‑ у bur’а — суфіксальнае (Трубачоў, Эт. сл., 3, 95–96 і 98–99).
Перабуты́рыць ’пераліць праз верх сасуда’ (Шпіл.), пірібухо́рівыньня ’пераліванне без патрэбы’ (Юрч. СНЛ), смал. перебухта́ривать, перебухто́ривать, перебуты́рить ’тс’. Да пера- і бухторыць ’празмерна ліць вадкасць’, ’непамерна многа піць (гарэлку, ваду)’, якое з прасл. інтэнсіва buxъtati (są) (гл. Трубачоў, Эт. сл., 3, 81), пашыранага суфіксам ‑or‑ (як, напр., рус. тараторить). Да гукапераймальнага bux‑ati > бу́хаць (гл.). Мена ‑о́р‑ > ‑ы́р‑ — вынік экспрэсіі. Параўн. бел. паўд.-зах. уды́рыць < ударыць.
Перабушма́чванне (пірібушма́чывыньня) ’пусты пераказ’ (Юрч. СНЛ). Да пера- (гл.) і ⁺бушма́чыць — экспрэсіўнага ўтварэння з суф. ‑ма(к/ч), магчыма, першапачаткова ў выразе бушма бушаваць, як крычма крычаць, лежма ляжаць і пад., тады да бушава́ць (гл.).