Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Тыку́н ‘балотны кулік’ (ТС). Ад гукапераймання тыку‑тыку — крыку куліка.

Тыку́я (ты​эку́я) ‘струга, шырокі і глыбокі праток вады на балоце’ (івян., мсцісл., ЛА, 5). Няясна; магчыма, утворана як прасл. *češu‑ja ‘луска’ ад прасл. *tekti ‘цячы’, аднак фанетыка незразумелая. Параўн. укр. течея́ ‘плынь, паток, ручэй’ ад укр. дыял. течи́ ‘цячы’.

Тык-мык — пра невыразнае маўленне: тык‑мык — і ні слова ад яе не дабʼешся (навагр., Сл. ПЗБ). Гукапераймальны імітатыў, суадносны з укр. тик‑мик — пра разгубленасць, параўн. пык‑мык, пыкаць, мыкаць, гл.

Тык-тык — пра стук сэрца: Дзидона рюмзала и выла… / А сердце тык, тык‑тык у ей (Энеіда навыварат; гл. Полымя, 1996, 10, 196). Гукапераймальнае, параўн. тых‑тых (гл.), верагодна, набліжанае да тык1, тыкаць, параўн. укр. тик, ід. tik (Астравух, Ідыш-бел. сл.).

Тыл ‘ задняя частка, процілеглая пярэдняй; задні бок чаго-небудзь’ (ТСБМ, Яруш.; шчуч., ашм., Сл. ПЗБ), ‘зад, задняя частка (тушы)’ (Нас., Бяльк., Байк. і Некр.), ‘ніжняя частка тулава чалавека, клубы’ (трак., Сл. ПЗБ), ‘знешняя паверхня рукі, процілеглая далоні’, ‘тэрыторыя ззаду лініі фронта’ (ТСБМ), ‘задні двор’ (навагр., Дзмітр.), ‘сцяна ў хаце насупраць варотаў’ (ТС), ст.-бел. тылъ ‘задняя частка, старана чаго-небудзь, процілеглая пярэдняй; тэрыторыя ззаду вайсковага падраздзялення, асобы’ (ГСБМ): подали тылъ ‘набеглі, адступілі’ (XVII ст., Карскі 2-3, 393). Параўн. укр. тил(ь), тило́ ‘хрыбетнік, спіна’, ‘задняя частка чаго-небудзь’, ‘тыльная частка нажа, нажніц’, ‘заднік абутку’; рус. тыл ‘зад, задняя частка чаго-небудзь’, ‘спіна’, ‘адварот, спод, левы бок’; стараж.-рус. тылъ ‘задняя часткі шыі, патыліца’, польск. tył ‘бок, процілеглы пераду, фронту’, ‘цела чалавека ззаду ніжэй спіны’, ‘частка цела жывёлы, якая знаходзіцца найдалей ад галавы’; палаб. tål ‘патыліца’; н.-луж. tył, tyło ‘карак’, в.-луж. tył ‘тс’, ‘тупы край нажа’; чэш. týl ‘карак’, ‘прастора за фронтам’, славац. tylo ‘карак, патыліца’, ‘абух’, ‘прастора за фронтам’, славен. tȋl ‘задняя частка шыі’, tȋlnik, zatȋlnik ‘карак’, харв. zàtiljak, pòtiljak, серб. за̀тиљак, по̀тиљак ‘карак’, дыял. тил ‘патыліца’, балг. тил ‘карак, патыліца’, макед. тил ‘задняя частка, карак’, ‘прастора за фронтам’, ‘абух’, дыял. тило ‘карак’: фана га за тило. Прасл. *tylъ, *tylo ‘задняя частка галавы і шыі’ (Борысь, 658; Бязлай, 4, 180) роднаснае літ. tū́las ‘іншы, шмат які’, tūlė̃ ‘(вялікае) мноства’, ст.-прус. tūlan ‘шмат’, вал. twl ‘круглае ўзвышэнне’, нова-в.-ням. бавар. Dollfuß ‘распухлая нага’, цірольск. doll ‘тоўсты’, ст.-грэч. τύλη ‘мазолістая спіна’, ‘падушка’, τύλος ‘мазоль’, ‘гуз’, алб. tul ‘мякіш (хлеба)’, ‘лытка, сцягно’, магчыма, таксама ст.-інд. tū́la‑ ‘пук валасоў’, утвораныя пры дапамозе суф. *‑l‑ ад і.-е. *teu̯ə‑/*tēu‑/*tu‑ ‘ацякаць, распухаць, павялічвацца’ > прасл. *tyti ‘таўсцець, пабухаць’, ‘густа расці’. Паводле Мартынава (Становление, 11), лексікалізаваны дзеепрыметнік на *lъ ад *tyti (як прасл. *ǫz‑l‑ъ ‘вузел’), параўн. харв. лак. til ‘тлусты’ — па паходжанні дзеепрыметнік ад titi ‘таўсцець’ (Борысь, Czak. stud., 110), гл. тыць. Куркіна (Этимология–1982, 23) падае яшчэ адзін апафанічны варыянт асновы *teu̯ə‑*tu̯el‑, параўн. каш.-славін. tvėla ‘тоўстая галіна, доўгі парастак’, аднак Борысь (SEK, 4, 184) выводзіць яго з н.-ням. Twehl ‘галіна’, Twäl ‘развіліна’, с.-ням. twele ‘тс’. Гл. яшчэ Фасмер, 4, 131; Чарных, 2, 275; Брукнер, 589; Махэк₂, 664; Голуб-Копечны, 399; Сной, 764; ЕСУМ, 5, 567; Арол, 4, 125; ESJSt, 17, 1002. Гл. таксама тул. Сюды ж вытворныя ты́лак ‘ягадзіцы’ (Адм., Сержп. Прык.; лях., Сл. ПЗБ), ‘заднік абутку’ (гродз., Сл. ПЗБ), тыло́к ‘задніца, зад’ (Баршч.), тыльё ‘тыльная (тупая) частка нажа, касы’ (Чуд., ТС), тыло́к ‘зад (у асы)’ (ТС); тылавы́, ты́льны ‘задні’ (Нас., Байк. і Некр.), ‘знешні, які знаходзіцца зверху’ (гродз., Сл. ПЗБ), апошняе, як і тыл, няма падстаў выводзіць з польск. tył, tylny (гл. Мацкевіч, Сл. ПЗБ, 5, 154); тылы́ ‘сукупнасць часцей, падраздзяленняў і ўстаноў, створаных для забеспячэння войск’ (ТСБМ, з рус. тылы́ ‘тс’), ты́льна сцяна, тылавая ‘глухая сцяна з цэлых бярвёнаў, прасла’ (баран., слуц., ЛА, 4), тылава́ць ‘адцягваць каня задам назад’, ‘адыходзіць задам’ (Шат.), з тылу ‘ззаду’ (Бяльк.; вільн., трак., Сл. ПЗБ).

Ты́ле, ты́ля ‘столькі’, ‘многа, вельмі шмат’ (Сцяшк., Скарбы; беласт., гродз., вільн., трок., Сл. ПЗБ; іўеў., валож., бераст., ЛА, 5), ст.-бел. тыле ‘столькі’ (1557 г.), ‘толькі’ (1501 г., ГСБМ). Лічыцца запазычаннем са ст.-польск. tyle ‘тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 201), якое з XIV ст. ужывалася побач з tele, teli, telico і інш. (Мацкевіч, Сл. ПЗБ, 5, 153). Узыходзіць да ўказальнага займенніка *to і часціцы *li > прасл. *toli ‘так многа’ (ESSJ SG, 2, 673). Гл. толезны, толесь. Пытанне пра запазычанне з польскай мовы застаецца спрэчным, улічыўшы варыянтнасць адлюстравання рэфлексаў прасл. *tъ ў розных спалучэннях, параўн. той, тый, тэй (гл.).

*Тыле́віць, тыле́выты ‘кеміць, разумець’ (пін. ЖНС), тылэ́выты ‘разбірацца’ (стол., Бел. дыял. 1, Клундук), тэле́выты ‘тс’ (стол., Бел. дыял. 1), тэлэ́выты, тэлэ́мыты ‘цяміць, разумець’ (Арх. Вяр.). Відаць, звязанае з арго янаўскіх лабараў, гл. тэлэбыты ‘разумець’ (Бел. дыял. 1). Няясна, магчыма, экспрэсіўнае ўтварэнне гукапераймальнага паходжання.

Тылізу́й ‘балотны кулік, Limosa melanura’ (Мядзв.). Магчыма, складанае слова, параўн. пачатак літ. tilvikas ‘бакас, баран, Scolapax’, лат. tilbīte ‘кулік’ і літ. zuĩkis ‘заяц’, гл. выкарыстанне назвы жывёлы для наймення птушак у літ. perkūno oželis ‘бакас’, дзе oželis — ‘козлік’.

Ты́лі-ты́лі — пра ігру на гармоніку (мсцісл., Нар. лекс.), пра ігру на скрыпцы (Шат.): тылі́‑тылі́ скрыпачка — прыпеўка ў казцы (Кліх, Пятк. 3), тылі́ ‘гулі, забавы’ (полац., Волк.), тылі́‑тылі́‑тылі‑лі́, каб капустку улілі́ — рыфмаванка (барыс., Дзіц. фальклор). Параўн. укр. тілі́, тілілі́ ‘тс’. Гукапераймальныя імітатывы. Ад іх утвораны тылі́каць, тылілі́каць — пра ігру (часцей за ўсё няўмелую) на музычным інструменце (ТСБМ, Мат. Маг., Шат.), ‘тромкаць, дрынкаць’ (Мат. Гом.), тылілі́каць ‘спяваць песню без слоў’, ‘дакучаць спевамі’ (Янк. 2, Мат. Маг.). Сюды ж з нарашчэннямі тылілі́каць ‘спяваць без слоў’ (Сцяшк. Сл.), тылілі́мкаць ‘няўмела іграць, пілікаць’ (ТС). “Звонкі” варыянт ды́лі‑ды́лі: ды́лі‑ды́лі, скрыпачка (Федар. 2), які Карскі (Труды, 395) звязваў з літ. dilinti ‘церці, шараваць’, dilti ‘знішчаць трэннем’, што няпэўна. Відаць, незалежнае ўтварэнне тылі́‑тылі́ — падзыўныя для кароў (ДАБМ, камент., 895), магчыма, узыходзяць да дыялектнай назвы цяляці, параўн. тылюк, гл.

Тыллё ‘лязо нажа’ (Касп.). Відаць, памылковы запіс, хутчэй — ‘тупая частка нажа’, параўн. тыльё (гл.), тылле́м — пра баранаванне перавернутай уверх зубамі бараной (пін., Сл. нар. мовы), дзе выступае форма Тв. скл. зборнага назоўніка ад тыл (гл.). Параўн. ід. tilek, tilik ‘заднік абутку’ (Астравух, Ідыш-бел. сл.), ст.-польск. tylec ‘кароткі меч, стылет’, якое Сяткоўскі (Studia, 181) выводзіць з чэш. týlec ‘тупы бок вострых прылад (нажа, сякеры)’. Гл. тыльё.