Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ляпешнік ’алешнік’, ’альховыя кусты з гразкімі месцамі і сенажатнымі лажкамі’ (слаўг., Яшк.; Касп., Мат. Гом.), ’аер’ (ТС). Укр. лепішник ’асака’, лепешни́к, лепешня́к ’чарот лясны’, рус. лепёшник ’аер, ірны корань’, Acorus calamus L.’, смал. ’зараснікі альхі’, калін. шелеп ’алешнік’ (з перастаноўкай зычных), кур. ’плюшчай галінасты, Sparganium ramosum Huds.’ разан. ’мальва’, ніжагар. ’падбел’, алан. лепешня́к ’нізкі вярбіннік або алешнік’, варон. лепёшечник ’трыпутнік’, сарат. ’алтэй’; польск. lepiaśnik, lepiężnik ’белакапытнік, Pelasites Mill.’, ’падбел’, якія Слаўскі (4, 166) лічыць запазычаннем з усх.-слав. моў. У зах.- і паўд.-слав. мовах (славен. lepeník, lepíš ’падбел’) з кораня lop‑/lap‑. Можна меркаваць, што тут зліліся ў адну некалькі лексем: ад ле́пест (гл.) і лексемы са значэннем ’алешнік’, запазычаныя з фін., карэльск. leppä, эст. lepp ’алешына’ (Каліма, 152; Фасмер, 2, 484).

Ляпёткі ’лёгкія пялёсткі, якія адлятаюць пры малацьбе аўса’ (Мядзв.). Рус. ле́пет, ле́пест ’кавалачак, акравак’. Роднаснае да літ. lepetà ’лапа’, ст.-грэч. λέπω ’абдзіраю’, λεπός ’скура, луска’.

Ляпёх ’перапечка з хлебнага цеста’ (гродз., Сцяшк. Сл.). Прасл. рэгіяналізм. Да ляпі́ць (гл.). Утвораны пры дапамозе суф. ‑exъ.

Ляпёха1 ’кавалак гразкай зямлі’ (Інстр. 1). Відавочна, роднаснае з рус. разан., свярдл. ’круглы, плоскі ком гразі, каравячага памёту’. Параўн. і балг. лепешка ’тс’. Да ляпі́ць (гл.).

Ляпёха2, лыпэ́ха ’поўная жанчына’, ’тоўстая нехлямяжая жанчына’, ’гультай’, ’непрыгожая жанчына з шырокім тварам’, ляплёха ’тоўстая жанчына, як вылепленая’ (Бяльк., Клім.; браг., Мат. Гом.; драг., Нар. лекс.; міёр., З нар. сл.; брасл., Сл. ПЗБ). Бел.-рус. ізалекса. Параўн. рус. пск., цвяр., смал., разан., валаг., алан., кур., тул. лепёха ’тс’. Узнікла ў выніку семантычнага пераносу з ляпёшка ’ляпёшка’, якое з прасл. lěpexa ’тс’. Аналагічна іншыя словы, што называюць розныя віды печыва: бу́лка, пы́шка, драг. у выразе: сыдэ́ть бы роўге́ня — аб поўнай прыгожай жанчыне. Сюды ж міёр. ляплёха ’тоўстая, як вылепленая’ (З нар. сл.).

Ляпёшка1 ’перапечка, праснак, скавароднік’ (Нас., Бяльк.; в.-дзв., Сл. ПЗБ), ’няўдалая булка хлеба’ (Ян.). Рус. лепёшка ’блін’, ’аладка’, ’дранік’, ’пірог’, ’круглая буханка’. Да ляпі́ць (Міклашыч, 178; Праабражэнскі, 1, 448; Младэнаў, 273). Сюды ж звычайна адносяць і рус. ле́пех, лепехи́, бел. ляпёшка (прастамоўн.) і балг. ле́пешка ’каравячы памёт’, ’кізяк’ (Фасмер, 2, 484; БЕР, 3, 363). Бернекер (1, 701) дапускае роднаснасць з рус. лепе́нь ’акравак’, лепест. Буга (Rinkt., 1, 452) супастаўляе рус. лепёшка з літ. lepaĩšis ’праснак з бульбы і ячменнай мукі’, lepatur̃šis ’праснак’.

Ляпёшка2 ’ўдар далоняй па мякаці цела’, ляпёшку падняць (зʼесці) ’упасці задняй часткай цела’ (Нас.). Да ля́паць1 (гл.).

Ляпёшка ’лісічка, Cantharellus cibarius’ (воран., Сл. ПЗБ). Відазмененае ля́пушкі (гл.) паводле ляпёшка пад уплывам народнай этымалогіі.

Ля́піс ’нітрат срэбра, які выкарыстоўваецца ў якасці процізапаленчага сродку (для прыпякання)’ (ТСБМ). Запазычана з польск. lapis ці з рус. ля́пис, якія з лац. lapis ’камень’ (SWO, 1980, 419).

Ляпі́та, лепі́та ’пячнік’, ’майстар нешта ляпіць з гліны’ (Янк. 1; маг., Нар. словатв.; КЭС, лаг.). Да ляпі́ць (гл.). Аб пашырэнні суфікса ‑іта, які з’яўляецца працягам балт. ‑i‑ta (Слаўскі, SP, 2, 38), на бел. моўнай тэрыторыі гл. Сцяцко (Афікс. наз., 44).

Ляпі́ць ’ствараць фігуры з пластычнага матэрыялу’, ’будаваць, майстраваць, карыстаючыся ліпкім, вязкім матэрыялам’, ’прыклейваць, прылепліваць’, ’з сілай ісці (пра мокры снег)’, ’рабіць соты’ (ТСБМ, Яруш., Шат., Анох.; пух., паст., Сл. ПЗБ), лепі́ць ’тынкаваць’ (ТС), ляпі́цца ’прыляпляцца’, ’цесна прымыкаць’, ’лезці ў цеснату’, ’прыставаць’ (Нас., ТСБМ, ТС; іўеў., паст., Сл. ПЗБ). Укр. ліпи́ти, рус. лепи́ть, польск. lepić, н.-луж. lěpiś, в.-луж. lěpić, чэш. lepiti, славац. lepiť, славен. lẹpíti, серб.-харв. lijèpiti, ле́пити, макед. лепи(се), ляпи, балг. лепя, ст.-слав. при‑лѣпити. Прасл. lepiti () — каузатыў да lьpěti > ліпе́ць2 (гл.). Другая ступень чаргавання галоснай кораня — ліпкі, ліпнуць (Слаўскі, 4, 164; Фасмер, 2, 484). Роднасныя і.-е. адпаведнікі: ст.-інд. lēpayati, iimpáti ’ён мажа’, lipyatē ’прыліпае’, lēpas ’мазь’, répas ’пляма’, ст.-грэч. λίπος ’тлушч’, літ. lìpti ’прыклейвацца’, лат. lipt ’тс’, літ. каузатыў lipýti, лат. lipinât ’прыклейваць’, алб. laparós ’запэцканы’, гоц. bilaibjan ’пакідаць’, aflifnan ’заставацца’, ст.-в.-ням. laiba ’скарынка’, тахар. lip‑ ’тс’, хецк. lip‑ ’мажу’. І.‑е. *loip‑, *lep‑ (Міклашыч, 178; Бернекер, 1, 712; Траўтман, 161; Скок, 2, 297–298; Трубачоў, Ремесл. терм. 188; Эт. сл., 14, 217–219; Бязлай, 2, 134; БЕР, 3, 365–367).

Ля́пка1 ’насечка, метка на бервяне’ (Бяльк.) — як вынік дзеяння ад ля́паць1 (гл.).

Ляпка2 ’пройгрыш, страта’ (КТС — Дунін–Марцінкевіч). З лексікі карцёжнікаў. Да польск. lapa ’ашуканства’, якое з ням. Lappe ’разява, расцяпа’ (Варш. сл., 2, 684).

Ляплёнік ’таўстун, як вылеплены’ (міёр., З нар. сл.), ’няўдалы хлеб ці праснак’ (КЭС, лаг.), ’муляр, пячнік’ (смарг., Сл. ПЗБ). Утвораны паводле прасл. мадэлі: дзеяслоў + суфікс ‑enъ з дадаткам суфікса ‑ik‑. Да ляпі́ць (гл.).