Ліпе́ць 1 ’ледзь трымацца’, ’жыць, не падаючы надзей на сілу, на працяглае жыццё’ (Нас., Грыг., Янк. БП, Бір. Дзярж., Др.-Падб., Янк. I, ТСБМ, Бяльк., Касп., Шат., Яруш.; бялын., докш., Янк. Мат., КЭС, лаг., Яўс.) і ліпецца ’тс’. Шальч. ’балець, ныць’, віл., паст. ’вельмі хварэць, ледзь жыць’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. ніжнегар., ярасл., уладз., бран., смал., ульян., сарат. липеть ’ледзь трымацца’. Генетычна роднасным да іх з’яўляецца літ. klibė́ti ’хістацца’ (Атрэмбскі, Gramatyka, 2, 230). Параўн. таксама хліпе́ць, хлі́пкі (гл.). Грынавецкене (Сл. паўн.-зах., 2, 658) параўноўвае бел. лексему з літ. lypė́ti ’выжыць’, léipėti ’млець’.
Ліпе́ць 2 ’гарнуцца, хіліцца’ (Нас., Касп.). Рус. липеть ’тс’, ’прылягаць’, ст.-рус. льпѣти, лпѣти ’прыліпаць, ляпіцца’, польск. lpieć ’быць прылепленым, моцна трымацца’, падгальск. ’быць цярплівым’, чэш. lpíti, lpěti ’моцна трымацца чаго-небудзь’, ’ліпнуць’, ’быць прывязаным’, ст.-чэш. lpieti ’гарнуцца, ляпіцца’, славац. lpieť, славен. lępę́ti ’тс’, ст.-слав. при‑льпѣти ’гарнуцца’, ’прыстаць, прыліпнуць’. Прасл. lьpěti ’прылягаць, быць прылепленым’ > усх.-слав. лі‑. І.‑е. адпаведнікі: ст.-інд. lipyáte ’лепіцца, прылягае’, літ. lìpti ’ліпнуць, прыліпаць’ (Слаўскі, 4, 342; там жа і літаратура).