Памаўза́ ’шкоднік, свавольнік’ (ТСБМ, Гарэц., Янк., Сл. ПЗБ), ’няспрытны, непаваротлівы чалавек’ (З нар. сл.), памаўзлі́вы ’зладзеяваты’ (Касп.), ’шкодны, праказлівы’ (Сцяшк.). Фармальна аддзеяслоўны дэрыват з ‑а асновай ад *памоўзаць; але ў гэтай форме дзеяслоў не зафіксаваны, хаця існуе палес. моўзаць ’кусаць без зубоў, дзяснамі (пра дзіця, сысуна)’. Далейшыя сувязі гл. галамоўза.
◎ Пама́чка ’мачанне’ (Сл. ПЗБ, Нар. сл.), памачу́шка ’верашчака’ (Сл. ПЗБ). Дэрыват ад памачыць < мачыць.
◎ Паме́г ’хмызняк’ (Яшк.). Няясна; паралеляў у іншых слав. мовах няма. Магчыма, з омег, вомег, вобмег (гл.), дзе о‑ можа ўспрымацца як прыстаўка і магло быць заменена на по-. Вомег ’балігалоў’ часта расце па берагах рэк сумесна з хмызняком, таму тут мог адбыцца перанос па сумежнасці.
◎ Паме́жак ’узмежак, мяжа’ (ТСБМ). Конфікснае ўтварэнне (прыст. па‑ і суф. ‑ак) ад мяжа (гл.).
*Паме́жнік, поме́жнік ’сусед па палетку, сенажаці; раўчак, які аддзяляе адно поле ад другога, як іх узаруць’ (ТС). Рус. поме́жник ’сусед па палетку (мяжа з мяжой)’, укр. помі́жнік ’тс’. Ад памежны < мяжа (гл.).
◎ Паме́ліхі ’завознікі’ (Сл. ПЗБ). Дэрыват з суф. ‑іх (старажытны спосаб словаўтварэння — SP, і, 73) ад асновы цяперашняга часу дзеясл. памалоць < малоць (гл.).
Паме́р ’велічыня чаго-н. у адным або некалькіх вымярэннях; ступень, развіцця, велічыня, маштаб якой-н. з’явы, здарэння і г. д.’ (ТСБМ), ’плата натурай за памол’ (ТС, Мат. Гом.), паме́ра ’вымярэнне зямлі’ (Нас., Гарэц.). Укр. помі́р ’вымярэнне зямлі’, польск. pomiar ’вымярэнне, абмер, прамер’, чэш. poměr ’адносіны’, славац. pomer ’адносіны; сувязь’, серб.-харв. pómer ’зрушэнне, ссоўванне’. Аддзеяслоўны дэрыват ад памерыць < мерыць (гл.). З прычыны розніцы ў семантыцы, відаць, самастойныя ўтварэнні ў розных славянскіх мовах.
Паме́сце ’асабістае (у адрозненне ад вотчыны) зямельнае ўладанне ў феадальнай Расіі да XVIII ст.’ (ТСБМ), поме́сцье ’месца, прытулак’ (ТС). З рус. поме́стье ’тс’. Ст.-рус. помѣстие ’зямельны надзел, які быў выдадзены за службу’ (у адрозненне ад вотчыны, якая была спадчынным уладаннем) < cловазлучэнне по мѣсту (Фасмер, 3, 323).
Паме́та ’пісьмовы знак, подпіс, адзнака’ (ТСБМ). Аддзеяслоўнае ўтварэнне ад памеціць < меціць, мета (гл.).
◎ *Паме́тнік, пометнік ’апоўзіны, якія кладуць паверх стога’ (ТС), пометнік, помеціна ’тонкія латы ў страсе на сохах’ (Нар. сл., жытк.), паметнік ’падсцілка пад стогам’ (Нар. сл., навагр.). Рус. пометины ’апоўзіны на стозе або на саламяным дасе’. Ад *памятаць (параўн. тур. метану́ць ’шпурнуць, кінуць аб землю’) з суф. ‑НІК, ‑ІН‑.