Паме́цца ’мець намер, жаданне, абяцаць’ (Бяльк.), ’падрадзіцца’ (Мат. Гом.). Да мець(ца) (гл.).
Паме́шчык ’землеўладальнік, звычайна дваранін, пан’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ). З рус. поме́щик (Крукоўскі, Уплыў, 74), дзе з’яўляецца дэрыватам ад поместье (гл.) (Фасмер, 3, 323).
Памёт 1 ’кал, экскрэменты жывёлы’ (ТСБМ, ТС). Паводле Крукоўскага (Уплыў, 40), з рус. помёт ’тс’, таму што корань мет‑ неўласцівы бел. мове. Але параўн. памёт 2.
Памёт 2 ’поле, якое ніколі не апрацоўвалася’ (Інстр. I), ’абложная зямля’ (Касп., ДАБМ, 857; Хрэст. па бел. дыялекталогіі, 334), ’няўдобіца’ (Сл. ПЗБ). Рус. арханг., смал. помёт ’аблога, папар’. Відаць, да *мятаць (параўн. памёт 1), г. зн. ’кінутае, пакінутае (на адпачынак) поле’.
◎ Па́мжа ’пахмурнае, імглістае надвор’е’ (Гарэц., Др.-Падб.), ’пошасць, напасць’ (Касп., Нік. Очерки). Рус. смал. памжа ’надвор’е (звычайна дрэннае)’, цвяр. ’санлівасць, дрымота’, пск., паўдн. ’бяда, напасць; хвароба, смерць; аб чым-н. кіслым; лаянк. чорт; аб няўдачніку’. У сувязі з апошнімі рус. значэннямі, магчыма, сюды ж адносіцца і славен. pamž, pamža ’крыкун, крыклівае дзіця’, але гэта няпэўна. Аддзеяслоўны дэрыват з суф. -а ад *памжыць < мжыць (гл.). Паколькі прымыкае да рус. моўнай тэрыторыі, магчыма, і пранікненне з рус. мовы.
Памідо́р ’аднагадовая агародная расліна сямейства паслёнавых з чырвонымі або жоўтымі пладамі, прыдатнымі для яды; плод гэтай расліны’ (ТСБМ, Кіс.), памідо́ра, памідо́рына ’плод памідора’ (Янк., Янк. 1). З рус. помидо́р(ы) ’тс’ (параўн. Крукоўскі, Уплыў, 73, 88), дзе запазычана з італ. мн. pomidʼoro < pomo dʼoro літар. ’залаты яблык’ (Фасмер, 3, 323).
Памі́ма прыназ. ’ужываецца для ўказання на прадмет або асобу, без удзелу якіх ці незалежна ад якіх што-н. праходзіць, адбываецца; не прымаючы каго-, што-н. пад увагу’ (ТСБМ). Рус. поми́мо, укр. помі́мо, польск. pomimo, чэш. дыял., славац. pomimo ’тс’. Складаны прыназоўнік з po‑ і mimo ’тс’ (гл. міма) (ESSJ, 1, 198).
Памі́нкі ’абрадавы абед у памяць памёршага пасля хаўтур або праз пэўны тэрмін са дня смерці’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Касп., Шат.), памі́нькі ’тс’ (Сл. ПЗБ), памі́н ’тс’ (Нас.). Рус. поми́нки, укр. поми́нки. Да памінаць, ітэратыўнай формы ад помніць (гл.).
◎ Памова ’змовіны’ (Нас., Бяльк.), памовіны ’тс’ (Нас.). Аддзеяслоўны і з суф. ‑іна дэрываты ад памовіць < мова (гл.).
Памога ’дапамога’ (Нас., Гарэц., Др.-Падб., ТС). Рус. помо́га, укр. помо́га ’тс’. Аддзеяслоўны дэрыват з суф. ‑а ад памагаць.
Паморак уст. ’мор’ (ТСБМ, Сцяшк. МГ, Арх. Бяльк.; слонім., Сл. ПЗБ), помо́рок, помэ́рок ’напасць, прывід’ (Сл. Брэс.), паму͡орак (Федар. 2), памо́р (Мат. Гом.) ’мор’. Рус. помо́р і помо́ра ’пошасць’, укр. помі́р ’тс’. Дэрыват з суф. ‑ак або бязафікснае ўтварэнне ад памары́ць < мары́ць. Гл. таксама мор.