Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Паваро́зка ’цясёмка, шнур’ (Пал.), павороз ’пацёк (поту, расы на вокнах і інш.)’ (Нар. лекс., лельч.). Гл. паўроз.

Паведамле́нне ’дзеянне паводле дзеясл. паведамляцьпаведаміць, тое, аб чым паведамляюць; дакумент, які ўтрымлівае звесткі аб чым.-н.’ (ТСБМ). Дэрыват ад паведаміць (гл. ведаць); апошняе калькіруе польск. powiadamiać (Гіст. лекс., 256).

Паведэ́нцыя ’паводзіны; абыходжанне, ветлівасць; звычай, завядзенне’ (Нас.). Рус. пск. асташк. поведёнция; у Гогаля поведенц; у рус. пераўтварэнне ў мове семінарыстаў слова поведение паводле аналогіі з лац. benevolentia, diligentia і інш. (гл. Фасмер, 3, 293; там жа і інш. літ-pa). У бел. м. з рус. (Гіст. лекс., 249).

Паве́ка ’рухомая складка скуры, якая прыкрывае вока’ (ТСБМ, Бяльк., Янк. 2, Яруш.), паве́йка ’тс’ (КЭС, лаг.). Укр. паві́ко, павіча́йка, польск. powieko ’тс’. З прэф. па‑ ад века (гл.). Улічваючы старажытнасць гэтага спосабу словаўтварэння, мабыць, магчыма рэканструяваць прасл. po‑věko (параўн. Краўчук, ЭСБМ, 2, 81), але як дыялектызм. Варыянт паве́йка пад уплывам вейкі (гл.).

Паве́р ’крэдыт’ (Нас., Гарэц., Яруш., Др.-Падб.). Ад паверыць < верыць (гл.). Уласна белар. У слоўніку Даля рус. пове́р адзначаецца як заходняе. Шырокае бытаванне набыло ў пачатку XX ст. (Гіст. лекс., 240).

Паве́раны ’асоба, якая мае правы дзейнічаць ад імя якой-н. асобы або ўстановы ў афіцыйным парадку’ (ТСБМ, Др.-Падб.). З рус. пове́ренный ’тс’ (параўн. Крукоўскі, Уплыў, 71).

Паве́рх ’частка будынка, у якой памяшканні знаходзяцца на адным узроўні; рад прадметаў над другім’ (ТСБМ, Гарэц.). Паводле Крамко (Гіст. лекс., 255), у бел. м. наватвор пач. XX ст. Гл. верх.

Паве́сма ’звязка часанага льну ад 10 да 12 жменяў’ (Нас., Маш.; КЭС, лаг.); у іншых крыніцах колькасць жменяў можа быць большай або меншай (Шат., Бяльк., Касп., Мядзв.), паве́сьма (Нар. сл., Мат. Гом.), повы́смо (Шатал., Сл. ПЗБ), пови́смо (Гарб., Выг.), пові́сма (Сл. ПЗБ), пове́сна (Жд. 2), паве́сло (Мат. Гом.), пові͡есмо ’пража на калаўроце’ (Бес.). Рус. паве́с(ь)мо ’пучок пражы ў сорак нітак’, чэш. pověsmo ’10 жменяў ільну’, славац. powesmo, ’пучок ільну або каноплі’, н.-луж. powězmo ’тс’, балг. повесмо́ ’звязка, вяроўка, канат’, славен. povésmo ’скручаны пучок для пражы’, серб.-ц.-слав. повѣсмо. Паводле Міклашыча (392), ад па‑ і весіць, тады прасл. pověsmo. Аналагічна Трубачоў (Ремесл. терм., 102). Махэк (476) узнаўляе прасл. po‑věz‑ьmo ад vęzati (гл. вязаць), але гэта версія не ўлічвае вакалізм слова.

Паве́стка ’афіцыйнае пісьмовае паведамленне з выклікам куды-н.; кола пытанняў, якія павінны быць абмеркаваны на сходзе, пасяджэнні’ (ТСБМ, Бяльк., Яруш., Сл. ПЗБ). Запазычанне з рус. пове́стка ’тс’, якое ад повестить ’паведаміць’.

Паве́т ’адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў дарэвалюцыйнай Расіі’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Касп.). Ст.-бел. поветъ, повятъ (1507 г.) з польск. powiat (Булыка, Запазыч., 247), Польск. слова звязана з вітаць (гл.) (Фасмер, 3, 293).