Пабраці́м ’той, хто звязаны з кім-н. пабрацімствам, названы брат’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., КЭС, лаг.). Рус., укр. побрати́м, польск. pobracim, чэш., славац. pobratim (з паўдн.-слав. моў — Махэк, 64), балг. побра́тим, серб.-харв. по̀братим, славен. pobrȃtim. Паводле Далабко (ZfSlPh, 3, 111), дэрыват ад pobratiti; параўн. серб.-харв. по̀братити ’зрабіць пабрацімам, братам’, славен. brátiti se, brȃtim se (гл. брат). У рус. усх. дыял. побрати́м яшчэ ’стрыечны брат’, пск. побрати́м, побрати́шка ’палюбоўнік, палюбоўніца’. Гл. таксама Фасмер, 3, 293.
◎ Пабры́дзіень ’гультай, пустаход, які цягаецца па свеце’ (КЭС, лаг.). Відавочна, утварэнне ад дзеяслова *пабра‑ дзіць < брадзіць (гл.) з суф. ‑ень і пераходам а > ы ў пераднаціскным складзе або пад уплывам брысці (гл.).
Пабудова ’дзеянне паводле знач. дзеяслова пабудаваць; сістэма думак, разважанняў; тое, што пабудавана’ (ТСБМ), ’любое збудаванне’ (Інстр. 1). Аддзеяслоўнае ўтварэнне ад пабудаваць < будаваць (гл.).
◎ Пабу́нька ’падліпала’ (Гар., Яруш.). Няяснае слова. У іншых славянскіх мовах можна параўнаць з рус. дыял. (раз., тамб.) буня ’ганарлівы, фанабэрысты чалавек’, чэш. дыял. мар. būna ’прыдуркаваты нікчэмны чалавек’. Апошнія — аддзеяслоўныя ўтварэнні ад прасл. buneti (гл. бунаваць). Падрабязна аб гэтай групе слоў гл. ЭССЯ, 3, 95 і наст.
◎ Пабэ́рляць ’пад’есці’ (Сцяшк. Сл.), ’узараць’ (Жд. 2). Няясна. Магчыма, звязана з барляць ’пераліваць, узбоўтваць, працаваць без толку’ (гл.) і далей з бурліць, бурыць.
◎ Пабяля́нне ’палуда чыгуннага посуду’ (Шат.). З польск. pobielanie ’тс’.
Па́ва ’самка паўліна’ (ТСБМ, ТС, КЭС лаг.). Рус. па́ва ’тс’, пав ’паўлін’, укр. па́ва, чэш., славац. pav, польск., в.- і н.-луж. paw. Ст.-бел. павъ (са ст.-польск. pawv — Булыка, Запазыч., 234; ён жа, Лекс. запазыч., 145). У слав. мовы запазычана з лац. pavo ’паўлін’ праз ст.-в.-ням. pfawo ’тс’ (Фасмер, 3, 181). Па́ва — карэлятыўная форма жаночага роду да паў.
Пава́га ’пачуццё пачцівасці да каго-, чаго-н., выкліканае прызнаннем высокіх якасцей, заслуг, важнасці і г. д.’ (ТСБМ, Нас., Касп.). Ст.-бел. павага (1528 г.). З польск. powaga ’павага, паважнасць’ (Булыка, Лекс. запазыч., 186). Таксама паважа́ць (ТСБМ, Касп., Шат.) < польск. poważać ’тс’. Як мяркуюць Фасмер (4, 144), Махэк (674), уся група з коранем ‑ваг‑ ва ўсх.-слав. з польск., дзе звязана з нов.-в.-ням. Wage ’вага’ (гл. яшчэ Брукнер, 598).
Павады́ ’сцяблы і лісце агуркоў’ (БДА, 863). Гл. повад.
Павады́р ’той, хто водзіць каго-н.’ (ТСБМ, Нас., Гар., Касп., Шат., Янк. 2, Грыг., Мядз., Сцяшк.), паво́дыр (Бяльк.). Усходнеслав.: рус. пово́дырь, укр. пово́дарь, пово́дирь ’тс’. Ад povoditi < voditi (гл. вадзіць) з суф. ‑yrʼ; праславянская мадэль (SP, 2, 28).