Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Паві́нкі мн. ’капуста, квашаная палавінкамі’ (Мат. Гом.). Не зусім ясна. У словаўтваральных адносінах — аддзеяслоўнае суфіксальнае ўтварэнне; у такім выпадку ад *павінуць (гл. вінуць) < viti; г. зн. звітыя часткі капусты ў процілегласць насечаным. Не выключана, аднак, што слова з’яўляецца і вынікам нерэгулярных дыялектных фанетычных працэсаў: моцнай рэдукцыі галоснага і асіміляцыі зычных: палавінкі < пальвінкі > паўвінкі > павінкі.

Павіра́ч ’дэталь у кроснах, якой замацоўваецца палатно на навоі’ (Сл. ПЗБ). Гл. заверыч.

Павірго́ня ’хатняя кветка’ (Сцяшк. Сл.). Нар. пераробка сл. пеларгонія.

Павіту́ха1 ’жанчына, якая дапамагае пры родах’ (ТСБМ, Шат., Сл. Брэс.). Рус. повиту́ха, укр. повиту́ха, польск. дыял. powitucha ’тс’. Усходнеславянскае (польск., мабыць, з беларускай). Ад павіць з суф. ‑ucha. Старажытнасць словаўтварэння (параўн. SP, 1, 75) сведчыць калі не аб праславянскім, то аб дастаткова старым паходжанні слова. Параўн. таксама Фасмер, 3, 294.

Павіту́ха2 ’пустазелле сямейства павітухавых’ (ТСБМ), ’фасоля, якая ўецца’ (Жд. 2). Рус. повиту́ха ’павітуха, бярозка’. Да павіць < віць з суф. ‑уха (гл. Мяркулава, Очерки, 107 і наст.).

Павіту́ха3 ’вясёлка’ (Сл. Брэс.). Адзінкавая рэгіянальная назва вясёлкі. Бясспрэчна, утворана ад павіты < павіць з суф. ‑уха (параўн. іншыя назвы вясёлкі: весялуха, мецʼелуха, парадуха і г. д. — гл. Талстой, ОЛА, 974, 29 і наст.), але матывацыю назвы вызначыць цяжка. Магчыма, гэта метафара да павітуха2, таму што вясёлка «лезе, караскаецца па небу»; не выключана, што семантыка гэтай лексемы асноўвалася і на ўяўленні аб нечым звітым, мнагаслойным. Аддаленай семантычнай паралеллю тут магла б служыць лексема пояс з рознымі вызначэннямі.

Паві́ха ’від асакі’ (Сл. ПЗБ), повіха ’павіліца’ (ТС). Аддзеяслоўнае ўтварэнне ад *павіхаць < віхаць (гл.)., ’віхляць, хістаць’ і далей да віць. У аснове намінацыі ляжыць ўяўленне аб тонкім хісткім сцябле. Параўн. яшчэ вікла.

Павія́н ’буйная малпа з падоўжанай мордай, якая жыве ў Афрыцн і Аравіі’ (ТСБМ). У бел. з рус. павиа́н ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 88), якое ў сваю чаргу праз ням. Pavian запазычана з гал. baviaan ад франц. babouin, першапачаткова ’дурань’ (Фасмер, 3, 181).

Паводзіны ’спосаб жыцця; сукупнасць дзеянняў; манера трымаць сябе’, ’рабіць што-н.; характар учынкаў’ (ТСБМ). Уласна беларускае. Ад паводзіць (< вадзіць, вясці) сябе з суф. ‑ін‑ы (Аб суф. гл. Сцяцко, Афікс. наз., 156).

Паводка ’часовае падняцце вады ў вадаёмах у выніку раставання снегу або вялікіх дажджоў’ (ТСБМ, Шат., Сл. ПЗБ), па́вадкі (Нас., Гарэц., Грыг., Бяльк., Касп.), павы́дкі (Нар. сл.), паво́ддзе ’тс’ (Сцяшк., Сл.; Нар. лекс., шчуч.). Ад по- і вада з розным суфіксальным афармленнем. Аналагічна ў іншых славян: рус. по́водь, па́водок, польск. powodź, чэш. povodeň, серб.-харв. по̏водањ ’тс’ (гл. Фасмер, 3, 294; Брукнер, 628; Махэк₂, 477). Сюды ж і па́вылка ’паводка, верхаводка’ (Бяльк.), дзе д > л у выніку нерэгулярных фанетычных змяненняў.

Паво́дле ’ў адпаведнасці з чым-н., згодна з якімі-н. прыкметамі’ (ТСБМ, Гарэц.), паво́для ’тс’ (КЭС, лаг.), павэ́дле ’ў параўнанні’ (Гарэц., Сцяшк. Сл., З нар. сл., гродз., шчуч.). Гл. водле, вэдле.

Паво́длуг ’у адпаведнасці з чым-н., згодна з чым-н.’ (КЭС, лаг.), павэдлуг ’тс’ (Яруш., ТС, Сл. ПЗБ), павэдлук ’акрамя’ (З нар. сл., гродз.). Гл. вэдлуг.