Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Нача́іць ’прадказаць’, пачувацца ’чакаць’ (Нас.). Да чиіць, чияць (гл.).

На́чай, на́чэй, на́чэ ’інакш, іначай’ (Кліх, Сцяшк., Жд. 1, Сл. ПЗБ; кап., Жыв. сл.; лельч., Нар. лекс.). З іна́чай ’тс’ (Карскі, 1, 392; ESSJ SG, 2, 435), гл. інакш.

Начакве́т ’букашнік горны, Jasione montana L.’ (віц., Кіс.), іншыя назвы: начнік, начніца, паўночнік (там жа). Складанае слова, першая частка (да ноч), відаць, сведчыць пра раскрыванне кветкі ў начны час (параўн. іншыя назвы), другая — да квет(ка), гл.

Начаке́ніцца ’прыбрацца’ (Ян.). Звычайна начачэніцца ’тс’, гл. начэпіцца; к на месцы ч пад уплывам чакаць?

Начаку́ (начыку́) ’напагатове’ (Бяльк.), рус. начеку́ ’напагатове; блізка да завяршэння; на віду’. Звязана з чака́ць (быць начаку́ = быць у чаканні), гл. Фасмер, 4, 324–325; назоўнік чак лічыцца страчаным ва ўсходнеславянскіх мовах, параўн. серб.-харв. чек ’месца, дзе паляўнічы чакае звера’ (КЭСРЯ, 286).

Нача́льнік ’хто кіруе, загадвае чым-небудзь’ (Яруш., Бяльк., Сл. ПЗБ, Некр. і Байк., БРС, ТСБМ), параўн.: nastaulaju naczalnikam nad waŭkami (Пятк. 2, 144), укр., рус. нача́льник ’тс’, польск. naczélnik ’хто стаіць на чале, кіраўнік, правадыр’, чэш. načelnik ’тс’, славац. načelnik, славен. načelnik, серб.-харв. на́челник, балг. нача́лник, макед. началник. Са ст.-слав. начѧльникъ ’правадыр, кіраўнік’ ад начѧло ’пачатак’, параўн. рус. под нача́лом ’пад кіраўніцтвам’; для шэрагу славянскіх моў дапускаецца змяшэнне асноў načęti, načьnǫ ’пачаць’ і čelo ’лоб, пярэдняе месца’ (гл. чало), параўн. на чале, польск. na czele, славен. na čelu ’на першым месцы, пад кіраўніцтвам’, гл. Бязлай, 2, 210; Махэк₂, 97 і інш.; параўн. таксама польск. naczelnik ’павязка на лоб; рамень у вуздэчцы, што знаходзіцца на ілбе ў каня’, якое разам з naczelnik ’загадчык, кіраўнік, камандзір’ выводзяць ад czoło, гл. Брукнер, 80; Варш сл., 3, 24.

Начапу́рыцца ’прыбрацца’ (жлоб., Жыв. сл.), начапурыцца ’тс’ (Нас.; лунін., Шатал.; Янк. БП), naczapúrycsa ’надуцца, наставіць пер’е’ (Федар.), укр. начепури́тися ’тс’, рус. начепури́ться ’тс’, чэш. načepýřiti se ’нахохліцца, натапырыцца, надуцца’, славен. načepériti se ’вычварна апрануцца’. Адзначаныя славянскія словы, відаць, самастойныя экспрэсіўныя ўтварэнні ў кожнай з моў, пра што сведчыць варыянтнасць асновы, параўн. славен. našeperiti, našopiriti ’тс’, серб.-харв. на̏шепурити ’тс’ і пад. Ад чапуры́цца ’прыбірацца’, чапуры́ць ’прыбіраць’ (гл.). Параўн. Бязлай, 2, 210; Махэк₂, 106.

Нача́так ’пачатак’ (Сл. ПЗБ), нача́ткі мн. (ТСБМ): нача́ткі робі́ць ’пачынаць якую-небудзь справу’ (ТС), рус. нача́ток ’пачатак’, польск. naczątek ’тс’, славен. načetek ’тс’, серб.-харв. наче́так ’пачатак; скібка’, ст.-слав. начѧтъкъ ’пачатак’. Прасл. načętъkъ, да načęti ’пачаць’, гл. нача́ць.

Начаць ’пачаць’ (Сл. ПЗБ, ТС), рус. нача́ць ’пачаць; меркаваць; быць у стане’, польск. устар. nacząć ’пачаць’, в.-луж. načeć ’пачаць (хлеб)’, н.-луж. naceś ’тс’, славен. načeti ’тс’, серб.-харв. на̀чета ’пачаць; надкусіць (хлеб і інш.)’, балг. на́чна, наче́на ’пачаць’, макед. начне ’пачаць; надкусіць’, ст.-слав. начѧти ’пачаць’. Прасл. na‑čęti, na‑čьǫnǫ, іншая ступень чаргавання канец, кон (гл. там жа і этымалогію слоў, параўн. Бернекер, 1, 168; Фасмер, 3, 51; Шустар-Шэўц, 13, 978–979). Меркаванні пра другаснасць слова ў беларускай мове (< рус. начать, гл. Сл. ПЗБ), відаць, не маюць падстаў, параўн. спецыфічныя дэрываты тыпу нача́ны ’пачаты’ (там жа), архаічныя выразы тыпу робіць нача́ткі (ТС) і інш., а таксама шырокую распаўсюджанасць слова ў славянскіх мовах.

Начачу́рыць ’натапырыць’ (Сл. ПЗБ), начачу́рыны ’натапыраны (пра пер’е)’ (там жа). Да чачёрыць ’тапырыць, настаўляць’.