Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Во́шта ’навошта’ (Касп.). З во‑ і што (гл.) або скарачэннем з навошта (гл.).

Во́шуст ’ашуканец’ (З нар. сл., карэліц.). Ст.-бел. ошустъ. Запазычанне з польск. oszust ’тс’ (Булыка, Запазыч., 234).

Во́шчыпкам, во́шчупку ’вобмацкам’ (Бяльк.). Запазычанне з рус. о́щупью ’тс’ пры ўдзеле словаўтваральнай мадэлі тыпу вобмацкам (гл.). Параўн. рус. дыял. во́щупкой ’тс’.

Во́шыўка ’абшыўка рукава, манжэта’ (Бяльк.). Рус. во́шивка ’тс’. Гл. ашыўка, ашэўка.

Вуа́ль (БРС, КТС). З рус. вуаль (Крукоўскі, Уплыў, 79), дзе ў сваю чаргу з франц. volle (Фасмер, 1, 365).

Вувто́рак (Бес.). Гл. аўторак.

Ву́гал, род. скл. вугла́ (БРС, Нас., Др.-Падб., Шат., Касп., Бяльк., Інстр. I, КЭС, Жд., 1) ’частка сушы, якая вуглом уразаецца ў балоцістае месца або сенажаць’ (Яшк.), вуго́л ’месца, дзе межы поля ўтвараюць прамы вугал’ (Яшк.). Рус. у́гол, род. скл. угла́, укр. ву́гол, ст.-рус. уг(ъ)лъ, ст.-слав. ѫгълъ, польск. węgieł, род. скл. węgla, чэш. úhel, славац. uhol, в.-луж. nuhł, н.-луж. nugeł, балг. ъ́гъл, серб.-харв. у̏гао, у̏гал, род. скл. у̏гла, славен. vȏgǝl, род. скл. vȏgla. Прасл. ǫgъlъ (Махэк₂, 666; Скок, 3, 536). Роднаснымі з’яўляюцца лац. angulus ’вугал’, умбр. anglom‑e ’ad angulum’, арм. ankiun, angiun ’тс’, ст.-інд. áṅgam н. р. ’член’, aṅgúriḥ, aṅgúliḥ ’палец’, aṅgulīyam ’пярсцёнак’, а таксама лат. ancus ’крывы, выгнуты’, unkus ’тс’ ст.-інд. aṅkáh ’круг’ (Вальдэ-Гофман, 1, 46; Майргофер, 1, 19). Думка Вальдэ (KZ, 34, 513) аб запазычанні слав. *ǫgъlъ з лац. angulus адмаўляецца большасцю даследчыкаў (Праабражэнскі, 2, 117 і наст.; Фасмер, 4, 145; Махэк₂, там жа).

Ву́галка ’грэбля праз балота’ (Жд., 2). Няясна. Магчыма, ад ву́гал ’частка сушы, якая вуглом уразаецца ў балоцістае месца або сенажаць’ (Яшк.).

Ву́галь (БРС, Нас., КТС, Шат., Касп., Гарэц., Бяльк., Мядзв.). Рус. у́голь, укр. ву́гіль, ст.-рус. оуг(ъ)ль, ст.-слав. ѫгль ’вугаль’, балг. въгле н. р. ’вугаль’, серб.-харв. у̏гаљ, славен. vọ̑gel, чэш. uhel, славац. uhol, польск. węgiel, в.-луж. wuhl, wuhel, н.-луж. hugel. Прасл. ǫgъlъ (Махэк₂, 666; Скок, 3, 537). Роднаснае літ. anglìs, ст.-прус. anglis, він. скл. адз. л. añglį̌, усх.-літ. ánglis, лат. ùogle, ст.-інд. áṅgāraḥ ’вугаль’, н.-перс. angišt ’тс’ (Траўтман, 8; Фрэнкель, 10; Фасмер, 4, 146). Сольмсен (Unters., 218) дапускае магчымасць роднасці з агонь. Аб гэтым гл. таксама Тапароў, Прус., 87.

Ву́гар ’высокае месца, бугор’ (Прышч., дыс.). Рус. уго́р ’круты бераг ракі, круча, пакаты пад’ём угору’. Ад у‑ і гара (Фасмер, 4, 146).