Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Імбі́р ’трапічная травяністая расліна з мясістым коранем, багатым на эфірны алей’ (ТСБМ), інбе́р (Бяльк.). Ст.-бел. имберъ (имбаръ, имбиръ, инберъ, инкберъ) 1498 г. < ст.-польск. imbier, inbir, ingbier < с.-в.-ням. ingebër, ingewër, imbër < лац. zingiber < с.-грэч. ζυγγίβερις < ст.-інд. śr̥ñgaveram (літаральна ’рогападобны’); гл. Булыка, Лекс. запазыч., 150; Слаўскі, 1, 451. Для рус. имби́рь, инби́рь, укр. імби́р таксама пасрэднік польская мова (Праабражэнскі, 1, 271; Фасмер, 2, 129); з польск. і літ. im̃bieras (Скарджус, Slav., 84).

Імбры́чак ’чайнік для заваркі чаю’ (ТСБМ, БРС, Бяльк., Арх. Бяльк., Сцяшк. МГ, Касп., Мат. Гом., Гарэц., Інстр. I; В. В., 114), індры́чак (гом., Нар. слова, 160). З польск. памянш. imbryczek ’чайнік’ (літ. im̃brikas, укр. імбрик < польск. imbryk); у польскую мову слова трапіла з тур. ibrik, адкуль таксама серб.-харв. ѝбрӣк ’збан для вады’, балг. ибри́к ’збан для ўмывання’, макед. ибрик ’збан’; тур. ibrik < перс. ābrīzāb ’вада’ і rithen ’ліць’). Гэта пасудзіна мела першапачаткова рытуальнае значэнне ў мусульманскім рэлігійным абрадзе, гл. Слаўскі, 1, 452; Скок, 1, 704; БЕР, 2, 2.

Імгла́ ’дробны дождж, імжа’, ’туман, смуга’ (ТСБМ, Бяльк., Сцяшк. МГ, Яруш., Інстр. I), імла́ (Кліх., Сцяшк. МГ, Мат. Гродз.); параўн. зах.-бранск., смал. имгла́ ’тс’. Рус. мгла, укр. мла, імла́, польск. mgła, в.-луж., н.-луж. mła, палаб. ḿåglă, чэш. mlha, уст. і дыял. mhla, славац. hmla, славен. megla, серб.-харв. ма̀гла, балг. мъгла́, макед. магла, ст.-слав., ст.-рус. мьгла — усе са значэннем ’туман, смуга’. Прасл. *mьgla ўзыходзіць да і.-е. *meigh‑ ’станавіцца цёмным’ (параўн. міг) з фармантам ‑l‑ (гл. Мейе, Études, 418); параўн. генетычна роднасныя літ. miglà, лат. migla, грэч. ὀμίχλη, алб. mjégullë ’туман’, нідэрл. miggelen ’імжэць’, ст.-інд. mih‑ ’дождж’, mēghás ’воблака’, авест. maēγa‑ ’тс’, перс. mēγ‑ ’тс’, арм. mēg ’туман’, англа-сакс. mist ’тс’. Гл. Покарны, 1, 712; Праабражэнскі, 1, 518; Фасмер, 2, 587–588; Махэк₂, 368; Скок, 2, 353. Беларуская лексема з пратэтычным і‑; форма імла са спрашчэннем кансанантнай групы. Гл. імгліць, імжа1.

Імглі́ць, імглі́цца ’імжэць’ (ТСБМ), імлі́ць (Сцяшк. МГ), імле́ць (Сцяц.) са стратай ‑г‑ у кансанантнай групе; форма і́ліць (Бяльк.), відаць, пад уплывам дзеяслова ліць. Рус. дыял. мглить, польск. mglić, mgleć, в.-луж. miholić, чэш. mlholiti, mrholiti, славац. hmliť sa, славен. megliti se, серб.-харв. ма́глити се, балг. мъгле́я се, макед. магли се. Прасл. дзеяслоў на ‑iti ад *mьgla (гл. імгла), суадносны з імжыць (гл.).

Імгне́нне ’міг, момант’ (ТСБМ, Яруш.). З польск. mgnienie, таго ж кораня, што і міг (гл.), з пратэзай і‑. Вядома яшчэ ў старабеларускай мове XVI ст. як кампанент выразу въ мгненіи ока («Катэхізіс» С. Буднага).

І́менна. З рус. и́менно (у пісьменнасці з XVI ст.), утворанага ад ст.-рус. именьныи ’ўласны’ (гл. імя); параўн. ням. namentlich (Фасмер, 2, 129; КЭСРЯ, 176).

Іме́нне ’імя, мянушка, прозвішча’ (ТСБМ, Нас.), іме́ньня (дзісн., Нар. сл., 113), мэньне (стол., Нар. лексіка, 126); параўн. рус. смал. и́ме́нье, укр. іме́ння, йме́ння. Утворана ад асновы ўскосных склонаў імен‑ (гл. імя) з суф. ‑j‑e.

Іме́цца, йме́цца ’верыцца’ (Нас., Касп.). Зваротны дзеяслоў ад мець (гл.) з пратэзай і‑. Семантычныя змены ў сувязі са значэннем ’прымаецца, бярэцца (на веру)’.

Імжа́1 ’імгла, дробны дождж’ (ТСБМ, Бяльк., Касп., Гарэц., Др.-Падб.), імга́ ’тс’ (ТСБМ). Рус. дыял. мга, имга́, имжа́, имжи́ца, мжи́ца, мжи́чка, укр. мжа, мжи́чка, польск. mżawka, чэш. mžička, дыял. mžitka. Ад імжыць (гл.). Відаць, ужо ў прасл. *mьga ’імжа, дробны дождж’ поруч з *mьgla ’туман, малапразрыстае паветра’ (гл. імгла), Мяркулава, Этимология, 1973, 59. Імжа́ка (ТСБМ, Мядзв., Шат., Касп., Янк. III; маг., Янк. Мат., 28), мжа́ка, мжак (Мат. Маг.) утворана суфіксам ‑ак‑а ад імжыць. Імжэ́нь (Мат. Маг.) — вытворнае з суф. ‑энь.

Імжа́2 ’незлічоная колькасць чаго-н.’ у кантэксце: «што йімжы рыбы» (маст., Весці, 4, 1969, 129). Утворана лексіка-семантычным шляхам ад імжах1: параўн. паралелізм семантычнай структуры слав. *tьma: ’цемра’ і ’процьма’.

Імжы́ць, імжы́цца, імжэ́ць ’ісці, падаць, асядаць дробнымі каплямі (пра дождж)’ (ТСБМ, БРС, Яруш., Гарэц., Шат., Касп., Бяльк.). Рус. дыял. имжи́ть, мжить, укр. імжи́ти, мжи́ти, польск. mżyć, чэш. mžíti. Прасл. mьgiti > *mьžiti, Махэк₂, 386. Гл. імгліць, імжа1.