Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

*Лухава́ты, драг. лухова́тый, лухый (Клім.). Да глухі, глухава́ты. Аб знікненні пачатковага г‑ гл. Карскі (1, 371–372).

Лухта́ ’бязглуздзіца, недарэчнасць, глупства’ (Нас., Гарэц., Дразд., Бяльк., Нар. Гом.), лухта непадсяваная ’бяссэнсіца’, ’манюка, балбатун’ (Юрч. Фраз. 2), лухту малоць, лухту пароць ’гаварыць недарэчнасць’ (Яруш.), лухці́ць ’маніць’, ’гаварыць бязглуздзіцу’ (Нас.). Рус. смал., цвяр., краснаяр. лу́хта, лухта́ ’бязглуздзіца, глупства’. Бел.-рус. ізалекса, магчыма, прасл. вузкі рэгіяналізм, утвораны ад xlusiti, у якім пачатковае x‑ адпала, а карэннае ‑s‑ нерэгулярна перайшло ў ‑x‑. Xlusiti роднаснае са sluxъ (дыстантная метатэза). (Слаўскі, SP, 2, 41–42; ён жа, SP, 1, 70–71). Аб xlusiti гл. Трубачоў, Эт. сл., 8, 40.

Лу́хта́н ’лодар, гультай’ (Ян.) і лухта́нішчэ ’таўстун’ (ТС). Узніклі ў выніку кантамінацыі лексем лухта ’манюка, балбатун’ і муцян (параўн. драг. муте́н < мутя́н ’тс’). Другой лексемай магла б быць і ⁺луца́н, параўн. укр. дуца́н ’таўстатвары мужчына’, якое з лут1 (гл.), і тураў. луця́ро ’гультай, лежань’ (ТС).

Лу́ху-лу́ху! — пра шпаркую хадзьбу дробнымі крокамі (Крыў., Дзіс.). Гукапераймальнае.

Лухчаві́на ’калдобіна’, ’ямка, якую курыца выграбае на градах’ (паст., Сл. ПЗБ). Да лог, лагчаі́на (гл.).

Лухчынка ’далінка’ (Федар., Дад.). Да лагчы́на (гл.).

Луці́ца ’сасна з тонкай абалонкай, моцнае бервяно з якой мае тонкія валокны’ (Маш.; лоеў., Мат. Гом.), ’лаза’, ’драўніна без сучкоў’ (Ян.). Укр. кіеўск. лути́ця ’малады слой дрэва, які знаходзіцца адразу пад карой’, жытом. лути́ця, лути́чина, лутичі́на ’стрыжань сасны ці елкі’, ’смалістая сасна або яліна’ (ЛАПП). Да лут1 (гл.).

Лу́ціць ’біць’ (Рамз.). Да лут1 (гл.) ’дубец’. Утворана, як хвастаць < ⁺хваст (параўн. укр. хваст ’зелле’, польск. chwasty ’тс’).

Луцыпер ’старшы нячысцік’ (Рам. 8). Да люцы́пар (гл.).

Луч1 ’лепш’ < лу́ччы ’лепшы’ (Рам. 1, Нар. Гом., ТС), лу́ччай ’лепш’ (Жд. 1, Ян.), лу́чча ’тс’ (Ян.), лу́тчай ’тс’ (в.-дзв., Шатал.), луччэй ’тс’ (Растарг.), лу́ччы, луччэйшы ’лепшы’ (Бяльк., Растарг., Мат. Гом.; круп., Сл. ПЗБ), лу́чшы(й), лу́ччый ’тс’, ’правы бок матэрыі’ (шчуч., стол., даўг., Сл. ПЗБ), лу́ччай ’больш’ (Ян.). Укр. лу́чче, лу́ччий, рус. лу́чше, лу́чший, ст.-рус. лучии, ст.-слав. лоучии, лоучьши — першапачаткова азначала ’які найбольш падыходзіць’. Да лу́чыць (гл.).

Луч2, мн. лучэ́ ’прамень’ (гарад., Сл. ПЗБ; Яруш.). Укр. луч ’тс’, рус. луч ’тс’, ’лучына’, ’паходня’, ’агонь на носе лодкі’ (арханг., пск., урал.), ’агонь на краі гумна пры малацьбе’ (цвяр.), ’агонь у жыллі’ (арханг.), ’колер’, луча́ ’лучына’ (цвяр.), ’прамень’ (вяц.); польск. łuczywo, н.-луж. łucywo, в.-луж. łučwo, łučiwo, чэш. louč, славац. lúč ’лучына’, lúče ’прамяні’, славен. lúč ’святло’, ст.-славен. ’свечка’, долен. ’лучына’, серб.-харв. лу̑ч ’лучына’, ’паходня’, ’сасна’, лу̏ча ’прамень’, макед. лач, балг. луч, луча ’тс’, ’зара’, ц.-слав. лучь ’святло, бляск’, лоуча ’прамень’. Прасл. lučь < *lou̯k‑is, luča < *lou̯ki̯a < і.-е. *leuk‑ ’свяціць’ (параўн. ст.-прус. luckis ’палена’, літ. laũkas ’жывёла — Лыска або Зорка’, ’поле’ — аналагічна славен. svet ’поле’; ст.-інд. loká‑ ’прастор, святло’, rōkás ’святло’, rōciṣ ’бляск’, авест. raōčah‑ ’святло’, ст.-грэч. λευκός ’светлы, бліскучы’, λύχνος ’зара’, лац. lūx ’святло’, lūcus ’святы гай’, lucerna ’лятарня’, ірл. lóche ’маланка’, гоц. liuhaþ ’святло’, ст.-в.-ням. lōh ’прасека’, ст.-ісл. log ’полымя, святло’ (Фасмер, 2, 537; Скок, 2, 323–324; Бязлай, 2, 154; БЕР, 3, 529–530; Шустэр–Шэўц, 11, 784–785).

Луч3 ’пучок лучыны, вязка карчоў, якія паляць у сетцы на носе лодкі, калі колюць рыбу васцямі ноччу’ (полац., З нар. сл.), рус. арханг., пск., урал. луч ’агонь на носе лодкі’; параўн. таксама паўн. ст.-рус. лучити ’лавіць рыбу з падсвечваннем на спецыяльным прыстасаванні на носе лодкі’ (XVII ст.). Да луч2 (гл.).