Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Труці́ць ‘знішчаць атрутай, рабіць шкоду атрутнымі рэчывамі’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Ласт., Касп., Байк. і Некр., Гарэц., Яруш., ТС, Варл., Сл. ПЗБ), труці́цса, тру́ціцса ‘турбавацца, мучыцца, непакоіцца’ (Кліх), ст.-бел. трутити перан. ‘пазбаўляць радасці, рабіць непрыемным’ (ГСБМ). Парны па трыванні дзеяслоў да атруціць (гл.), параўн. чэш. мар. otrutit ‘атруціць’. Узнік у выніку кантамінацыі *truti і *traviti пры ад’ідэацыі ст.-польск. truciźnik, truciciel(ka) або непасрэдна ад труць2 (гл.).

Труць1, труц ‘труціць’ (воран., ашм., смарг., гродз., Сл. ПЗБ), ст.-бел. трути, струти ‘атручваць’ (Гарб.). З польск. truć ‘тс’ (Мацкевіч, Сл. ПЗБ, 5, 134). Аналагічна тру́цца ‘атручвацца’ < польск. truć się ‘тс’, ‘мучыцца, пакутаваць’. Польск. truć (się) узыходзіць да прасл. *truti, 1 ас. trovǫ ‘спажываць, вытрачаць, ператраўліваць’, звязанага чаргаваннем галосных асновы з ітэратывам *traviti і назоўнікам трава́, трова́ (гл.). Прасл. лексема *truti роднасная літ. trūnýti ‘парахнець, тлець, гнісці’, вал. toraw ‘таўчы’, ‘біць, разбіваць’, ст.-грэч. τρύω ‘быць стомленым, замучаным’, ‘прыціскаю, прыгнятаю, раню’, ст.-англ.-сакс. dˊrōwigean ‘цярпець’, ст.-нарв. þrá ‘сум’, ‘моцнае жаданне’ < і.-е. *treu̯‑ ‘церці, расціраць’ (Борысь, 644; Фасмер, 4, 92; Махэк₂, 650; Чарных, 2, 255; Скок, 3, 507–508; Брукнер, 575, 577; ЕСУМ, 5, 656; Бязлай, 4, 234–235).

Труць2 ‘яд, атрута’ (Некр. і Байк., Ласт.). Магчыма, з польск. truć ‘расліна, сокам якой змазвалі стрэлы, палюючы на аленяў’ (Варш. сл.), параўн. trut, truta, trutka ‘атрута (як прынада)’ і папярэдняе слова (гл.).

Тру́ша ‘няўдалы чалавек’ (воран., Сл. рэг. лекс.). Няясна. Магчыма, утворана пры дапамозе суф. ‑ша ад дзеяслова, блізкага да літ. trū́kti ‘не хапаць (некаму нечага)’, ‘трэскацца, разрывацца’.

Труша ‘псіна’: сабака трушой смярдзіць (воран., Сл. ПЗБ), ‘гніль, цвіль, падла’ (там жа). Грынавяцкене (там жа, 5, 134) выводзіць з дыял. літ. trušà < trąšà ‘гніль’, ‘гной, угнаенне’, параўн. таксама літ. trũnys ‘гніль’, trèšti ‘гнісці’. Паводле Лаўчутэ (Балтизмы, 149), сумніўны балтызм.

Тру́шанка ‘трасянка, сумесь, салома, змешаная з сенам’ (ТСБМ, Шат., Бяльк., Байк. і Некр., Некр., Пятк. 1, Мат. Гом., Янк. 1, Др.-Падб.; мазыр., З нар. сл., Яшк. Мясц.), ‘мешаніна розных дробных частак’ (Гарэц.): боб, гарох і віку скалаціць — тру́шанка (чэрв., бярэз., Сл. ПЗБ); тру́шанка і стру́шанка, тру́шаніца, трушо́нка ‘трасянка’ (гродз., мін., маг., гом., ЛА, 2). Параўн. (ц.-слав.?) труша, смешение («Лексисъ съ толкованіемъ словенскіх мовъ просто», гл. Ст.-бел. лексіконы, 18). Да тру́сіцца2 (гл.).

Тру́шка ‘булка’ (Рэг. сл. Віц.). Відаць, скарочанае ад ватрушка (гл.), параўн. рус. фалькл. у нас трушки и ватрушки (СРНГ, 45, 178).

Трушо́к ‘павольны бег’ (ТСБМ), ‘бег павольнай рыссю, без напружання’ (Варл., Янк. 1), тру́шыцца ‘ісці паволі, трушком’ (іўеў., Сл. ПЗБ, Сцяц.), тру́шкі ‘трушком’ (Нік., Ян., ПСл), трушка́ ‘трухам’ (шчуч., Сл. ПЗБ), ‘бягом’ (Сцяц.), трушко́м ‘хутка бегчы’, ‘хутка ехаць’ (навагр., слаўг., ЛА, 2), ‘подбегам’ (ТСБМ, Сцяшк.), ‘дробнай рыссю’ (Нас., Шат., Касп., Янк. 1, Гарэц., Др.-Падб., ТСБМ, Сцяшк., Байк. і Некр.), трюшко́м ‘тс’ (Бяльк.). Утварэнні з памяншальным суф. *‑ьkъ (‑ьkъmъ) ад трух (гл.).

Трушча́віна ‘трэска’ (ТС). Да трушчыць (гл.).

Трушчо́ба ‘бедны, густа населены брудны квартал горада’, ‘брудны, цёмны, разбураны дом’ (ТСБМ). З рус. трущо́ба ‘тс’, якое зафіксавана ў такім значэнні ў слоўніках з першай паловы XIX ст., утворана пры дапамозе суф. ‑об‑a (як утроба) ад дзеяслова з асновай труск і суф. Параўн. ст.-рус. трускъ (з XV ст.), што з’яўляецца глухім варыянтам да друзгъ ‘сухое галлё, вецце’; у такім выпадку трущоба — гэта ‘лес, завалены галлём’ (КЭСРЯ, 453; Цыганенка, 491). Менавіта гэта значэнне пераважае ў трушчо́ба: ‘глухія мясціны’ (слаўг., Яшк.), ‘глуш’, ‘цяжкапраходнае месца ў лесе з бураломам’ (ТСБМ); трушчо́ба, трушчо́біна ‘непраходнае месца ў лесе’, ‘прорва, бездань’ (Нас.), трошчо́ба ‘гушчар, нетра’ (ТС), укр. дыял. трущоба ‘густы непраходны лес у забалочанай нізіне’ (Фасмер, 4, 112; ЕСУМ, 5, 662), што дае падставы для запазычвання толькі ў вузкім значэнні ‘густанаселены бедны квартал’. Да трушчыць (гл.).

Трушчы́на ‘гушча, якая засталася на дне’ (Нас., Растарг.), ‘штосьці кіслае, салёнае і горкае’ (Растарг.), трушчы́ны ‘адыходы ад воску, вашчына’ (Нас.), трушчы́нкі ‘рэшткі ад выціскання соку’ (Нас.). Параўн. славен. troščína ‘часцінка гушчы’ (< *treskati, Сной у Бязлай, 5, 233). Гл. наступнае слова.

Тру́шчыць ‘біць, ламаць, крышыць, разбураць крохкае, далікатнае’ (Янк. 3.), тры́шчыць ‘тс’ (Нас.), трю́шчыць ‘тс’ (Бяльк.), тру́шчыць ‘многа есці неспажыўнога’ (Янк. 3.), ‘есці са смакам, з апетытам’ (Адм.), ‘есці, хрумстаць’ (іўеў., Сл. ПЗБ), тру́шчыць, тро́шчыць ‘ламаць, разбіваць; есці з хрустам’ (ТС), трушчэ́ць ‘расціскаць’, ‘лузаць арэхі’ (Варл., капыл., ЛА, 1), трушчэ́ць, трушча́ць ‘хрусцець (пра снег, лёд пад нагамі)’ (Нас., Байк. і Некр.). Відаць, узыходзіць да труск ‘друзачкі, дробныя частачкі’ з варыянтным вакалізмам, характэрным для экспрэсіўных слоў (Сной у Бязлай, 4, 233), параўн. тру́сціць ‘ламаць, разбіваць на кавалкі’ (Нас., Некр. і Байк.). Параўн. укр. дыял. тру́щити ‘лушчыць’, якое разглядаецца як вынік кантамінацыі трощити ‘ламаць, разбіваць’ і лущити ‘лушчыць’ (ЕСУМ, 5, 662). Падабенства з літ. triùškinti, дыял. triùškyti ‘біць, разбіваць з хрустам’, triuškéti ‘хрумстаць пры разжоўванні ежы’ насуперак Лаўчутэ (Балтизмы, 133) не дае падстаў лічыць запазычаннем.