Трушчо́ба ‘бедны, густа населены брудны квартал горада’, ‘брудны, цёмны, разбураны дом’ (ТСБМ). З рус. трущо́ба ‘тс’, якое зафіксавана ў такім значэнні ў слоўніках з першай паловы XIX ст., утворана пры дапамозе суф. ‑об‑a (як утроба) ад дзеяслова з асновай труск і суф. Параўн. ст.-рус. трускъ (з XV ст.), што з’яўляецца глухім варыянтам да друзгъ ‘сухое галлё, вецце’; у такім выпадку трущоба — гэта ‘лес, завалены галлём’ (КЭСРЯ, 453; Цыганенка, 491). Менавіта гэта значэнне пераважае ў трушчо́ба: ‘глухія мясціны’ (слаўг., Яшк.), ‘глуш’, ‘цяжкапраходнае месца ў лесе з бураломам’ (ТСБМ); трушчо́ба, трушчо́біна ‘непраходнае месца ў лесе’, ‘прорва, бездань’ (Нас.), трошчо́ба ‘гушчар, нетра’ (ТС), укр. дыял. трущоба ‘густы непраходны лес у забалочанай нізіне’ (Фасмер, 4, 112; ЕСУМ, 5, 662), што дае падставы для запазычвання толькі ў вузкім значэнні ‘густанаселены бедны квартал’. Да трушчыць (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)