Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Тру́сень ‘трасянка, сумесь сена з саломай’ (ТС, Арх. Вяр.), тру́сенка ‘тс’ (Мат. Гом.). Да трусіць2 ‘мяшаць, растрасаць’, параўн. natrusiǔ, namešaǔ seno s sołomoǐu (Арх. Вяр.), гл. таксама трасянка1.

Трусе́я ‘баязліўка’ (Мат. Гом.). Да трусіць1 ‘баяцца’, трус1 ‘баязлівец’ з рэдкім суф. *‑ěja для абазначэння «жаночых прафесій» (Таўлава, Metods of Etymological Practice, 50) або асоб жаночага полу, “паводле ўласцівага ім дзеяння”, з экспрэсіяй зніжанасці (Сцяцко, Афікс, наз., 36).

Тру́сіць1 ‘дрыжаць ад страху, хвалявання’, ‘баяцца’ (ТСБМ, Др.-Падб., Жд. 1): тру́сіць трасца ‘трасца трасе’ (лун., стол., калінк., добр., лельч., ЛА, 3), трусі́ць ‘калаціць, трэсці ад тэмпературы’ (пух., Сл. ПЗБ), ‘калаціць, аббіваць, абтрасаць’ (Ян., Мат. Гом.; петрык., Шатал., Пятк. 2), ст.-бел. трусити ‘тузаць, штурхаць; хутка рухаць уверх і ўніз, туды і назад’ (ГСБМ). Сюды ж тру́скі ‘дрогкі, няроўны, трасучы’ (Байк. і Некр., Растарг., Сцяшк. Сл.), тру́скій ‘тс’ (Янк. 3.; брагін., Шатал.), трускі́й ‘выбіты (пра дарогу)’ (Мат. Маг.), тру́ска ‘дрогка, трасучыся’ (Нас., Янк. 3., Ян.). Параўн. укр. труси́ти ‘калаціць, трэсці’, труси́тися ‘трэсціся, дрыжаць’, рус. труси́ть ‘трэсці’, труси́ться ‘трэсціся, баяцца’, н.-луж. tšusyś ‘трэсці’. Да прасл. *trǫsiti, якое з’яўляецца каўзатывам да прасл. *tręsti ‘трэсці’ (Фасмер, 4, 102; Чарных, 2, 268; Махэк₂, 653; ЕСУМ, 5, 658), якому адпавядае лат. traušâtiês ‘баяцца’, што да і.-е. *tres‑ ‘трэсціся (са страху)’, гл. Бязлай, 4, 221; ESJSt, 16, 983. Сюды ж: трусі́ць чало на верацяно ‘трэсці чало (=кужаль) — для кудзелі’ (петрык., Шатал.), трусі́ць ‘трэсці, шукаючы што-небудзь’ (петрык., Шатал.; ТС), трусі́ць ко́міна ‘ачышчаць яго ад сажы’ (ТС, Мат. Гом.), трусі́ць рыбу ‘выбіраць рыбу з сеткі’ (калінк., Арх. ГУ), трусі́ць жолу́д ‘збіваць жалуды на корм’ (ТС).

Тру́сіць2 ‘рассыпаць, патроху сыпаць тонкім слоем’ (ТСБМ, Нас., Др.-Падб., Байк. і Некр., Федар. 7, Гарэц.), ‘імжаць’ (Бяльк.) трусі́ць ‘церусіць’ (карэліц., Нар. сл.), ‘сыпаць, церушыць’, ‘крапаць’, ‘пасыпаць соллю’ (Шымк. Собр., Сцяцк. Сл.; зэльв., Нар. словатв.), трусі́цца ‘растрасацца, рассыпацца (пра сена)’ (Бяльк:, Байк. і Некр.), ‘церушыцца, растрасацца’, ‘падаць маленькімі кроплямі, ісці паціху (пра дождж)’ (ТСБМ, Бяльк.; зэльв., Нар. словатв., Сцяшк. Сл.; іўеў., ЛА, 2), ‘сыпацца, натрасацца’ (смарг., лід., Сл. ПЗБ), ‘сыпацца патроху’ (Нас.). Параўн. укр. труси́ти ‘рассяваць’, рус. труси́ть ‘сыпаць’, в.-луж. trusyć ‘пасыпаць, рассыпаць, рассяваць’, чэш. trousiti ‘рассыпаць’, славац. trúsiť ‘сыпаць, рассыпаць’, славен. trósiti ‘рассыпаць, раскідваць’, балг. дыял. тръ́са ‘растрасаць, раскідваць віламі салому пры малацьбе’. Прасл. *trǫsiti — форма ітэратыва да прасл. *tręsti ‘трэсці’ (Фасмер, 4, 110; Махэк₂, 653; Бязлай, 4, 233; ЕСУМ, 5, 658). Шустар-Шэўц (1539–1540) узводзіць сучасныя славянскія формы да прасл. *trǫs(k)‑/*trus(k)‑, параўн. трушыць, трухнуць, гл.

Трусі́ць3 ‘разбіваць, раскідваць гной’ (беласт., Сл. ПЗБ). Хутчэй за ўсё, да трусіць1 ‘калаціць’, параўн., аднак, літ. trę̃šti ‘ўгнойваць’, што звязана з trèsti ‘гніць’ (Смачынскі, 688). Магчыма, балтызм пры другаснай ад’ідэацыі трусі́ць2 ‘расцярушваць, растрасаць’.

Труск ‘дробныя галінкі, ламачча’ (ТС, Ласт.), trusk ‘ігліца, шыгалле’ (АБ, 7); сюды ж, відаць, і тру́сок ‘тонкія галінкі, трэскі’ (ТС), тру́сак (trusok) ‘сухія галінкі, трэскі’ (Тур.), ‘трэскавае смецце’, ‘дробязь, драбяза’ (Нас., Некр. і Байк.), ‘попел, прысак’ (полац., Стан.), трусо́к ‘пілавінне’ (Касп.), тру́сачкі ‘трэскі, смецце’ (Гарэц.), трусо́чык ‘дробны хвораст’ (Бяльк.). Параўн. укр. труск ‘дробна пабітыя, паламаныя галінкі, лаза’, ‘сухія галіны дрэў’, в.-луж. trusk ‘пацяруха’, ‘пыл’, ‘параскіданыя кавалкі’. Магчыма, да прасл. *truskъ ці *trǫskъ (ЕСУМ, 5, 659), генетычна звязаных з *trǫskati ‘аддзяляць’, ‘разрывацца, трэскацца, трашчаць’ (Фасмер, 4, 110), параўн. трускаць (гл.), а таксама рус. труск ‘трэск, хруст’, стараж.-рус. трускъ ‘тс’, польск. trusk, trzusk ‘тс’, якія, паводле Брукнера (579), звязаны чаргаваннем з *trysk‑, *trosk‑, а таксама з *trěsk] і са звонкім варыянтам *druzga ‘дробныя кавалачкі чаго-небудзь разбітага ўшчэнт’, *druzgati ‘ламаць, крушыць, разбіваць, раструшчваць, таўчы, сціскаць’ (SP, 4, 274–275), гл. друзгаць і наст. слова.

Тру́ска1 ‘трэска’ (Нас., Некр. і Байк., ТС), труска́ ‘акаліна’ (пух., Сл. ПЗБ), ст.-бел. труска ‘адзінка вымярэння колькасці хмелю’ (Ст.-бел. лексікон), ‘вязанка, пучок’ (ГСБМ), ‘друзачка, трэска’: лукъ в​s трꙋскы зломи​т (XVI ст., Карскі 2-3, 424); сюды ж тру́сачка ‘парушынка’ (Ласт.), трушчы́на ‘гушча, што застаецца на дне (напр., у квасе)’ (Нас., Растарг.), ‘што-небудзь кіслае, салёнае і горкае’ (Растарг.), трушчы́нка ‘жамерыны, макуха ад выціснутага соку, малака ці дробнага насення’ (Нас.), трушчы́ны ‘вашчыны’ (там жа). Параўн. рус. труска́ ‘мякіна, труха’, в.-луж. truska ‘металічнае пілавінне’, ‘кавалак шлаку’, чэш. trůska, struska ‘акаліна’, ст.-чэш. tróska ‘адходы пры апрацоўцы металу’, славац. troska ‘тс’, ‘шлак’, славен. trôl1ska ‘жамерыны’, ‘шлак’, ‘акаліна’, серб. тро̏ска, тру̏ска, харв. trȍska, trȕska ‘акаліна, га́раль на метале’, балг. тру́ска ‘асколкі пры каванні’. Прасл. trǫska ‘асколак, трэска’ (Сной₂, 787), якое ад дзеяслова *truskati < treskati (Махэк₂, 652–653) з далейшай семантыкай ‘разбурацца, распадацца’ (Куркіна, Этимология–1994–1996, 50), параўн. трусіць, трушчыць, гл. Сной₂ (там жа) дапускае асіміляцыю са звонкага варыянта *drǫska, роднаснага літ. drum̃stas ‘мутны’; магчыма, літ. druskà ‘соль’, параўн. смал. аргат. тру́ска ‘тс’, з больш раннім значэннем у лат. druska ‘крышка, крыха’ (Анікін, Опыт, 289), параўн. тру́сачка ‘драбок, шчопаць’: дай трусочки соли (Нас.).

Тру́ска2 ‘ператрус, вобыск’ (Клім.; Горбач, Зах.-пол. гов.). Гл. трус3.

Труска́лкі, труска́ўкі, труска́вкы ‘клубніцы, Fragia viridis Duch.’ (ТСБМ, Касп., Байк. і Некр., Сцяшк., ТС, Выг., Сл. Брэс., Скарбы, Жд. 2; карэліц., Янк. Мат.; гродз., маг., мін., Кіс.; зах.-бел., Сл. ПЗБ); труска́вчына ‘ягада клубніц’ (Клім.); труска́лка ‘тс’ (Нік., Оч.), труска́ўка ‘тс’ (Кіс.), тру́скаўкі ‘суніцы, Fragaria ananassa Duch.’ (маг., мін., гродз., Кіс.; бяроз., ЛА, 1). Этымалогія няпэўная, звязваецца з назвамі іншых раслін, параўн. укр. тру́скавка ‘суніца’, труск, траскавка ‘тс’, польск. truskawka ‘клубніца’, вял.-польск. truśkawki, tryśkawki ‘тс’, truskawiec, truskawice ‘птушыны драсён, Polygonum aviculare L.’, truskowie ‘палын палявы, Artemisia campestris L.’; в.-луж. truskalca ‘суніца’, ‘клубніца’, чэш. truskavec ‘драсён птушыны’, jahodník truskavec ‘клубніца’, ст.-чэш. truskavicě ‘тс’, славац. truskavica ‘тс’, drúzgavica ‘чарэшня’, druzgavec ‘суніцы’, truskavec ‘хваснік, пярыльцы, Hippuris vulgaris L.’, славен. tróska, trúskavica, truska(vka), tróskva ‘суніца’, серб. труска, харв. truska, trȍskot, druzgavac ‘тс’. Паўн.-слав. *truskavъka/*truskavica (паводле Борыся, 645). У паўднёвых славян можа выступаць галосная ‑o‑ ў аснове. Зыходзячы са славянскага матэрыялу, нельга растлумачыць матывацыю назвы. Дапускаюць, што назва абумоўлена: трашчаннем на зубах насення пладоў (ЕСУМ, 5, 659); спецыфічным шумам (трэскам) пры зрыванні пладоў (Махэк₂, 655; Шустар-Шэўц, 1539); трэскам пры ламанні сцяблінак з лістамі — аналогіі маюцца ў розных мовах: укр. хрускавка, хру́ставка ад хрускати, хрусті́ти ‘хрусцець’, чэш. praskavec < praskati ‘трэскацца, лопацца, трашчаць’, в.-луж. pruskelcy < pruskotać ‘трашчаць’, літ. braškė ‘клубніца’ < braškė́ti ‘трашчаць’, нова-в.-ням. Knackbeere < knacken ‘хрусцець’, польск. truskawka < trusk ‘трэск, хруст’, ст.-рус. трускъ ‘трэск’, рус. дыял. труск ‘тс’ (Брукнер, 578; Махэк, 104–105; Борысь, 645). У беларускай мове (як і ў іншых славянскіх мовах) назва клубніц была перанесена з назвы суніц у першай палове XVIII ст., калі шляхам перакрыжавання віржынскіх і чылійскіх суніц былі выведзены гатункі клубніц.

Труска́ты, труска́тый ‘кусцісты (пра лён)’ (малар., Уладз., Сл. Брэс.). Няясна, магчыма, да труск ‘дробныя галінкі’ і інш.

Тру́скаць ‘есці шмат сырой садавіны і гародніны’ (Рэг. сл. Віц.). Гл. трошчыць, трушчыць.

Тру́скі, трускій ‘няроўны, нягладкі’ (Жд. 3, Мат. Маг.), ‘дрогкі’ (брагін., Шатал., Сцяшк. Сл., Сержп. Казкі). Параўн. укр. тру́ський ‘тс’. Відавочна, самастойныя ўтварэнні ад трус2, трусіць1 (гл.), параўн. серб. дыял. мло̏го тру̏скају ова̂ ко̀ла пры тру̂сак ‘трасенне’. Да трусі́цца1 (гл.), тру́скі ‘дрогкі, няроўны, які трасецца’.

Труско́м ‘ашчадна, патрошку’: насып труском ды бяжы трушком (Вушац. сл., Пятк. 3). Да трусіць2 ‘сыпаць, церусіць’, гл.