Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Трыпе́лы (трыпэ́лый) аргат. ‘малады’ (Бел. дыял. 1). Параўн. рус. смал., пск. трипёлый ‘тс’ (Дабр., СРНГ). Куркіна (Диал. структура, 110), зыходзячы са значэння ‘неакрэплы, нябіты’, звязвае з асновай *trip‑, параўн. славен. tripati ‘міргаць, дрыжаць’, літ. trỹpti ‘тупаць нагамі’ і інш., што няпэўна. Хутчэй да папярэдняга слова.

Тры́пер ‘ганарэя’ (ТСБМ), тры́пэр ‘тс’ (Некр. і Байк.). Праз рускую мову (триппер) ці польскую (tryper) з ням. Tripper ‘тс’, якое ад дзеяслова trippen ‘ка́паць’ (Голуб-Ліер, 489; Фасмер, 4, 103; ЕСУМ, 5, 640; Вінцэнц), генетычна звязанага з tropfen ‘тс’, ст.-в.-ням. tropfo ‘кропля’, англ. drop ‘тс’.

Трыпе́рсніца ‘гусялапка, Alchemilla vulgaris L.’ (Некр. і Байк., Яруш., Гарэц., Байк. і Некр., Кіс.), трыпе́рстнік ‘кураслеп дуброўны, Anemone nemorosa L.’ (Бейл.), трыпе́рсціца ‘герань балотная, Geranium palustre L.’ (Касп., Дэмб. 1; маг., Кіс.). Фармальна ўсе выводзяцца з тры (гл.) і ⁺перст ‘палец’ (гл. пярсцёнак), уключаючы і трыперсніца (у якім ‑т‑ выпала), хаця лісты іх — паводле формы якіх названы расліны — могуць мець не толькі тры, але і іншую колькасць долей, аднак лічбе тры прыпісваецца асаблівая магічная сіла (Коласава, Лексика, 128).

Трыпуга́ ‘мянташка’ (малар., Сл. Брэс.). Гл. трапуга.

Трыпу́зый, трохпу́зый іран. ‘вельмі тоўсты, тлусты’ (Юрч. Вытв.). Да пу́за (гл.). Прыстаўка трыц.-слав. тре‑, трь‑ < ст.-слав. трь‑: треклятый, гл. трыкляты) утварае прыметнікі найвышэйшай ступені. У трохпузый адбылося пераасэнсаванне пачатку слова (з тре‑) у значэнні траічнасці (гл. тры).

Трыпу́тнік1 ‘травяністая расліна Plantago major L.’ (ТСБМ, Нас., Шат., Касп., Ласт., Байк. і Некр., Сцяшк., Яруш., Бейл., Гарэц., Мядзв.; віц., маг., мін., смал., Кіс., Брасл. сл., ЛА, 1, Сл. ПЗБ), тріпу́тнік ‘тс’ (Бяльк.), тры́пуцень ‘тс’ (Мат. Маг.), тръпу́тнік ‘тс’, тръпу́тніна ‘адно сцябло (ліст) трыпутнік’ (мёрск., Нар. словатв.; дзісн., Жыв. сл.), тры́патнік ‘трыпутнік’ (карэліц., ЛА, 1), трэ́патнік ‘тс’ (капыл., Сл. ПЗБ), трыпу́тняк ‘тс’ (арш., ЛА, 1). Укр. три́путень, три́пу́тник, серб. тропутац, харв. кайк. trpūtȁc, tȑput, trpútac, trìputac, славен. trpótec. Традыцыйна выводзяць з прыпу́тнік ‘тс’ (гл.), параўн. у дзіцячым фальклоры: Прыпутнічку, прыпутнічку, / Сядзіш ты пры дарозе (палес., БНТ, Гульні, 193), параўн. рус. припу́тник, укр. припутень ‘тс’, славен. tr(i)pótek (pri > tre) ‘тс’ з далейшым збліжэннем пачатку слова з тры (гл.), пераходны этап дэманструюць запісы Меера: трепутень, или попутчикъ, по дорогомъ и во всѣхъ мѣстахъ (Меер Крыч.). Паводле Ваняковай (Prasl. dialektizacija, 313, 320), тут мела месца калькаванне, паколькі шмат якія назвы расліны не мелі народнага характару, параўн. падарожнік (гл.), дарожнік, польск. podróżnik, рус. дыял. путник, славац. cestní zelina, ням. Wederich і інш. Аднак параўн. ст.-слав. трьпꙋтица ‘нейкая расліна, шандра, трыпутнік?’, што дазваляе выводзіць першапачатковую форму з *tri (рэдукаваная форма ад *trije, (гл. тры) і дэрывата ад *pǫtь (гл. пуць) са значэннем ‘расліна, якая расце каля трох дарог, на раздарожжы’ (ESJSt, 17, 995). Падобным чынам Скок (3, 500) звязвае гэту назву расліны з лікам 3 (тры): ‘расліна, якая расце на раздарожжы, дзе ёсць тры дарогі’. Аналагічна Сной₂ (788), які выводзіць праславянскую форму *trьpǫtьcь з *trь ‘тры’ і *pǫtь ‘дарога’, дзе акрамя магіі лічбы 3 прысутнічае і міфалагема ‘раздарожжа’.

Трыпу́тнік2 ‘спарыш, Polygonum avuculare L.’ (хоц., ЛА, 1), параўн. укр. подоро́жник, чэш. мар. ucestka (< u + cesta ‘дарога’), ням. Weggras (< Weg ‘дарога’ + Gras ‘трава’). Матывацыя: расліна расце ля дарогі альбо на дарогах (Махэк, Jména, 87), на межах і палях як пустазелле, на гаспадарчых дварах і паміж пліткамі тратуараў.

Трыпу́цень ‘голуб-вяхір, Palumbus torquatus’ (Мядзв.). Параўн. укр. три́путень, три́потень, а таксама при́путень ‘голуб Columba palumbus L.’, рус. припутень ‘тс’. Ад пры ‘каля’ і пуць ‘шлях, дарога’ — гэта птушка часта водзіцца ля дарог, назва ўтворана аналагічна да ўкр. поруче́йник, побере́жниця, підʼя́лівчак, подборозня́ і інш. (Булахоўскі, Вибр. пр., 3, 227–228).

Тры́пціх ‘кампазіцыя з трох карцін, барэльефаў, малюнкаў, аб’яднаных адной ідэяй, тэмай і сюжэтам’, ‘складаны з трох створак абраз’ (ТСБМ). Праз рускую мову (три́птих) або непасрэдна з с.-грэч. τρίπτυχος ‘трайны, складзены ў тры столкі’, у якім першая частка τρί‑ — да тры (гл.), а другая πρυχή ‘складка, фальбона’ этымалагічна няясная (ЕСУМ, 5, 640; Трубачоў, Дополн., 4, 103; Голуб-Ліер, 490).

*Трыпялі́, трыпылі́, адз. л. трыпі́ль ‘кутас у поясе’, ‘махры ў хустцы, настольніку, рушніку’ (драг., ЛА, 4). Працяг ст.-бел. треперель ‘упрыгожанне на адзенні’ (1586 г.), якое са ст.-польск. treperela ‘тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 109). У XVI ст. ужываліся таксама формы treperele і trepele, з апошняй і паходзіць дыялектная лексема, усе да італ. trapelo ‘шнур’ (Брукнер, 568). Сюды ж, верагодна, і трапаля́сы ‘шматкі тканіны’ (пін., Бел. дыял. 1) — канец слова, відаць, пад уплывам кутасы (гл.), параўн. і назалізаваны варыянт трампялясы, гл.

Трыро́жкі ‘вілы на тры рагі’ (Мат. Маг.), трыро́гіе ві́лкі ‘тс’ (Янк. 1), трыро́гі ‘тс’ (Янк. 2). Да тры і рог (гл.), больш архаічная форма ў параўнанні з трохрожкі, гл.