Вінарка ’бутэлька для віна’ (КТС) утворана ад лексемы віна́рня ’вінны пограб’; ’вінная крама’. Суф. ‑ка той самы, што і ў лексем бутэлька (гл.), мане́рка ’біклага’ (гл.).
Вінаро́б ’вытворца віна’ (КТС, БРС). Утворана, паводле калькі, з рус. винодел пры наяўнасці ўкр. винороб ’тс’. Сюды ж вінаробны, вінаробчы, вінаробства (КТС, БРС).
Вінаспад (паэт.) ’багацце він’ (КТС, К. Крапіва). Новаўтварэнне па тыпу вадаспад (гл.).
Вінасховішча ’месца, дзе захоўваюць віно’ (КТС). Складанае новаўтварэнне — калька з рус. винохрани́лище.
Вінаход ’чалавек, які вельмі шпарка ходзіць, бегае, лятун’ (міёр., З нар. сл.). Укр. винохід ’інаходзец’, рус. виноходец, виноходь, виноход ’тс’, польск. inochód, чэш. jinochod, mimochod, славац. mimochod ’тс’. Бел. лексема з’яўляецца пераносам ад ’конь-інаходзец’. Пачатковае в‑ прыстаўное.
Віначэ́рп (уст. жарт.) ’асоба, якая падносіла пітво на банкетах ці бяседах’ (БРС). Укр. виночерпій, виночерпець, рус. виночерпий, ст.-рус. виночерпий, виночерпецъ ’тс’ (з XIV ст.). У бел. мове калька з грэч. οἰνοχόος ’тс’ праз ст.-рус.
Вінгор ’рыба ўгорыч, Anguilla anguilla L.’ (Дразд.). Узнікла шляхам кантамінацыі бел. вугор і польск. węgorz, пры якой ‑ę‑ > ‑e‑, якое на палескай тэрыторыі перайшло ў ‑і‑.
Ві́нда ’прыстасаванне для пад’ёму грузаў: бярвенняў, вады; пад’ёмнік у млыне’ (КТС, БРС, Бір. Дзярж., Сцяшк. МГ, Шат.), ст.-бел. винда ’дамкрат, прыстасаванне для падымання будаўнічых матэрыялаў, лябёдка, калаўрот-пад’ёмнік’ (з XVII ст.). Запазычана праз ст.-польск. winda (з XVI ст.) з ням. Winde < winden//wenden ’варочаць’ (Булыка, Запазыч., 64; Корчыц, Дасл. (Гродна), 1967, 131; Брукнер, 622).
*Віндас, ст.-бел. виндасъ ’цяслярская сякера’ (Дасл. (Гродна)), віц. бінда́с ’від сякеры для адсякання тоўстых трэсак; калун’; ’балван, дурань’ (Касп.). Запазычана з польск. bindas ’цясло’ < ням. Bindeaxt < н.-ням. bindex (Варш. сл.; Корчыц, Дасл. (Гродна), 131).
Віндзыцыраваць ’забіраць’ (КТС, Р. Няхай). Запазычана з ням. vindizieren. Да віндыка́цыя (гл.).