Вілавокі. У тэксце: «…І месяц вілавокі, нібы здань…» (КТС, Ю. Гаўрук). Відавочна, да вілы і вока (гл.).
Вілак ’дзераза звычайная, Lycopodium clavatum L.’ (маг., Кіс.). Відазменена ў адпаведнасці з беларускай фанетыкай: ‑dl‑ ⟷ ‑л‑ з польск. widłak ’дзераза’. Вілак‑дзераза ’дзераза гадавая, Lycopodium annotinum’ узнікла ў выніку наслаення запазычанай лексемы вілак на першапачатковую дзераза. Магчыма, дзераза названа вілаком паводле вілападобнасці знешняга выгляду яе. Параўн. вілакі (гл.). Гл. таксама відла́к.
Віла́кі мн. л. ’разгалінаванае дрэва’ (карм., Мат. Гом.). Параўн. рус. сіб. вилага ’разваліна, разгалінаванае дрэва’. Да вілы (гл.).
Вілападобны ’вілаваты’ (БРС). Калька з рус. вилообразный.
Віларо́г ’жывёла, Antilocapra americana’ (БРС). Запазычана з рус. вилорог ’тс’.
Віла́тый ’вілаваты’ (Бяльк.). Утворана ад ві́лы (гл.) пры дапамозе дзеепрыметнікавага суф. ‑т‑, як і рус. сохатый ’тс’.
Вілахвост ’ліслівец, падлізнік’, віляхвост ’той, хто «віляе хвастом», падліза’ (Бяльк., Нас., Яруш.). Складанае слова: да віляць (гл.) і хвост (гл.) з пераносным значэннем. Блізкія ўкраінскія лексемы вилохвостець ’Podura villosa’ і вилохвостый.
*Ві́лачка, ві́лочка ’прылада для вязання сеткавага палатна’ (нараўл., З нар. сл.) — дэмінутыў да ві́лка (гл.).
Ві́лачкі ’кліны ў баках ніжняй часткі верхняга адзення’ (Малч.); ’частка калаўрота ў выглядзе двухзубай жалезнай вілкі, на якую надзяюць шпульку’ (мін., барыс., Шатал.; лаг., КЭС), вылочкы́ ’маленькія вілы’ (Выг.). Дэмінутыўная форма лексемы ві́лкі (гл.), чыстая — у лексемы вылочкы́, з пераносам значэння — у ві́лачкі.
Ві́лачнік 1, ві́лашнік, ві́лышнік ’палка; цаўё, шасток, на якія насаджваюць вілы ці вілкі’ (БРС, КТС, Бяльк., Мат. Гом., Янк. I, лаг., КЭС; Касп., Выг.; бых., бялын., Янк. Мат.), палес. вілочнік ’вожаг’, ві́лошнік ’частка калаўрота, на якой трымаюцца «вілкі» (Уладз.). Вытворныя ад прыметніка вілачны і суф. ‑ік. Да ві́лы, ві́лкі (гл.). ‑Ш‑ у гукаспалучэнні ‑шн‑ замест ‑ч‑ з’яўляецца характэрнай рысай усходнебеларускіх гаворак.
Ві́лачнік 2 ’вугал ля печы, дзе стаяць вілы, ажогі, качэргі і інш.’ (БРС, КТС; бых., Янк. Мат., Інстр. I, Касп., Мат. Гом.) да вілачнік 1; тут маецца семантычны перанос значэння слова з суф. ‑нік (Nomen actionis перайшло ў Nomen loci).