Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Трантлі́вы ’смярдзючы’ (паст., Сл. ПЗБ). Няясна; магчыма, на базе адаптацыі польск. trącić ’смярдзець’ (гл. труціць) або літ. tranė́ti ’старэць’, trenė́ti ’буцвець’, адносна апошніх гл. Смачынскі, 686.

Тра́нты ’лахманы, старая падраная адзежа, бялізна’, ’хлам, старызна’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Бяльк., Касп., Байк. і Некр., Юрч. Сін., Варл.; малар., ЖНС; люб., Нар. ск.; гродз., касцюк., ЛА, 5; Мат. Маг. 2), ’анучы (іран. жаночыя ўборы)’ (Нар. Гом.), тра́нце ’рыззё’ (Мат. Гом.), тра́нцё ’рызманы’ (Нік., Оч., Шн. 3), тра́нцы ’старое, парванае адзенне, рыззё, лахманы’ (пух., З нар. сл.; Сержп. Грам.), транці́на ’рызман’ (Юрч. Вытв.), тра́ньціна ’адзежына’ (мёрск., Нар. сл.), тра́ньте ’рыззё’ (драг., Нар. лекс.), тра́нды ’тс’ (вільн., Сл. ПЗБ), трэ́нты ’транты’ (Скарбы; дзятл., Сл. ПЗБ), адсюль, відаць, выабстрагаваная форма адз. л. трант ’паношаная, дрэнная вопратка’ (капыл., Нар. словатв.), ’тс’, ’незнаёмы, нікчэмны чалавек’ (лей., Жыв. НС). Параўн. укр. дыял. тра́нти ’анучы, рыззё’, адз. л. трант; серб.-харв. дыял. тра́нци, трањци ’парванае адзенне або абутак’, адз. л. тра́њак. Беларуска-сербская ізалекса, што ўзыходзіць да *tertі ’церці’, параўн. тра́нне ’рыззё’ (Юрч. Сін.), серб. тра̏њав ’штосьці з адзежы ці абутку, зусім зношанае і падранае’ (Элезавіч, 2, 333), сінанімічнае тра̏ља ’тс’, тра̏њав ’парваны’ (падрабязней пра паходжанне і распаўсюджанне сербскіх слоў гл. Івіч, Галип., 147; а таксама Скок, 3, 490, які збліжае гэтыя словы з trȁlje ’кошык’, тра̏ња ’насілкі для гною’). Этымалагічна блізкія рус. труньё ’рыззё, старызна’, трун ’анучы’, ’абарванец’, для якіх Фасмер (4, 109) дапускае сувязь з трух, тереть. Гл. таксама ЕСУМ, 5, 621, дзе мяркуецца тое ж паходжанне для ўкраінскіх слоў, побач з магчымасцю фанетычнай змены дрант ’лахман; рызман’ (ад драты ’драць, рваць’), што, відаць, уяўляе паралельнае ўтварэнне, гл. серб. драњци ’рыззё, лахманы’. У сувязі з названым малаверагодна вывядзенне з літ. trántas ’адкіды, паношанае адзенне’, якое звязваюць з літ. trem̃ti ’выгнаць’, ’стаптаць, знасіць’, trendė́ti ’псавацца, пакрывацца плесняю’ (Смулкова, Балта-слав. иссл., 1980, 209), што, зрэшты, магло паўплываць на варыянты транды, трэнты. Гл. таксама Лаўчутэ, Балтизмы, 85. Параўн. трамця, гл.

Транца́цца ’ўнікаць, паглыбляцца ў справы’ (Сцяшк. Сл.). З польск. wtrącać się ’ўмешвацца’.

Транцу́к ’яечня’ (Сцяшк. Сл.). Няясна.

Траншэ́я ’выкапаны глыбокі роў для абароны’ (ТСБМ, Некр. і Байк.). Праз рус. транше́я ’тс’ з франц. tranchée ’роў, траншэя для закладкі фундамента, катлаван’, ’траншэя’ < trancher ’рэзаць, адсякаць’ (Фасмер, 4, 94; Чарных, 2, 258; Даза, 759; ЕСУМ, 5, 621).

Трап1 ’сцежка, дарога, кірунак; крок’ (Нас.; слаўг., Яшк.), укр. торопа́ ’тс’, ’кірунак слядоў’ (калі тут не другаснае поўнагалоссе), рус. трап ’сцежка’, харв. кайк. trȁp, серб. тра̑п ’капец (для гародніны)’, ’каляіна’, ’яма для буракоў, бульбы’, ’роў’, дыял. ’бахчаўнік’, ’бахчавыя культуры, памідоры’, ’малады вінаграднік’, балг. трап ’каляіна’, макед. трап ’яма, роў’, ст.-слав. трапъ ’яма для лоўлі звяроў’. Прымаючы пад увагу ўкраінскі і паўднёваславянскі матэрыял, можна вывесці прасл. *torpъ ’яма, роў’; паводле Борыся (Etymologie, 214), *torpъ або *trapъ (з пытальнікам), што разглядаецца як паўднёваславянскае праславянскае дыялектнае ўтварэнне. Абаеў (Зб. Геаргіеву, 102–110) уключыў прасл. *torpъ у фрака-скіфска-славяна-балтыйскую ізаглосу, параўн. фрак. *tarpa ў тапоніме Tarpodizos > асец. tærfæ ’лагчына, нізіна, даліна’ (другая частка ў іран. daiza ’крэпасць’), афг. tarma ’балота’, літ. tárpas ’прамежак’, ’дзірка, адтуліна’, ’цясніна’, ’прадонне, прорва’, trapùs ’рыхлы, гнілы, крохкі’, tarpẽklis ’цясніна’, лат. starpa, starps ’прамежак’, ’прабел (у тэксце)’, tàrps ’чарвяк’ < ’свідравальшчык’ (Каруліс, 2, 286). Адсутнасць падобнай лексемы *torpъ (усх.-слав. тароп) на поўначы Славіі можа наводзіць на думку пра запазычанне з паўд.-слав. trap. Скок (3, 491), Фасмер (Die griechischen Lehnwörter im Serbokroatischen. Berlin, 1944, 143) дапускаюць паўднёваславянскае запазычанне з грэч. τρύπη ’яма, пастка’ (< і.-е. *trūp‑) ці з τάφρος ’яма, роў’ > τράφος ’роў, рэчышча’, ’мяжа’, ’плот з камянёў’. Параўн., аднак, трап’е, гл.

Трап2 ’сходы на караблі’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ’лесвіца на страсе, каб лазіць да коміна’ (кобр., драг., жытк., Нар. сл.). Праз польскую ці рускую мовы з нідэр. trap ’лесвіца на караблі’ (Фасмер, 4, 94; SWO, 1980, 772; СИС, 516; Булыка, СІС, 472).

Трапа́ ’сцежка’ (Бяльк., Адм.), трапі́на ’тс’ (бярэз., Сл. ПЗБ), тропі́на ’тс’ (Мат. Гом.), тро́па ’сцяжынка’ (ігн., Сл. ПЗБ), трапі́нка ’тс’ (Ян.), тропі́нка ’тс’ (ТС), тропэ́на ’дарога’ (драг., Ск. нар. мовы), тро́пка ’сцяжынка’ (Нас., Байк. і Некр., Сержп. Прымхі, Др.-Падб.). Укр. тропа́, троп, тріп ’след’, ’вузкая горная сцежка’, ’шлях, кірунак’, укр. гуц. трапа́ш ’зімовая дарога, вытаптаная авечкамі’, рус. тропа́ ’сцежка, дарожка’, стараж.-рус. тропа ’шлях, дарога’, польск. trop ’след, каляіна’. Дапускаюць прасл. *tropa, відавочна, звязанае з тра́паць, тро́паць ’стукаць нагамі, тупаць’ (гл.), параўн. роднасныя лат. trapa ’натоўп, куча’, алб. trap ’сцежка’, ст.-грэч. ἀτραπός ’сцяжынка’ (Фасмер, 4, 105; Чарных, 2, 496–497; Брукнер, 577; ЕСУМ, 5, 649). Гл. таксама троп ’дарога, след’, трэп ’дарога, сцежка’.

Трапаві́ла ’трапло’ (Мат. Гом.). Да трапаць (гл.), утворана па ўзору матаві́ла, гл.

Трапа́йла (трапа́йло) ’прылада, якой трэплюць лён, трапальня’ (беласт., Сл. ПЗБ; АБ, 9). Варыянт іншай назвы прылады трапа́ла, трапло́ ’тс’. Не выключана трансфармацыя запазычанага польск. дыял. trzepadło ’тс’ па ўзору малойчык < малодчык. Да трапаць (гл.).

Трапа́к1 (трыпа́к) ’барана-спружыноўка’ (рас., Шатал.; лудз., брасл., Сл. ПЗБ). З драпа́к ’спружыноўка’, якое з польск. drapacz ’від культыватара для рыхлення глебы’. Сюды ж трапа́чыць ’баранаваць спружыноўкай’, трапа́ч ’барана-спружыноўка’ (рас., Шатал.).

Трапа́к2 (trepák) ’падстаўка, якая выкарыстоўваецца пры трапанні льну’ (шальч., Сл. ПЗБ; АБ, 9). Відаць, адаптаванае польск. trzepak ’тс’.