Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Даць. Гл. дар.

Да́ча ’даванне’ (Байк. і Некр.), таксама палес. (гл. Клімчук, Лекс. Палесся. М., 1968, 30). Узыходзіць да прасл. праформы *datja (ад *dati̯). Параўн. агляд форм у Трубачова, Эт. сл., 4, 195–196: значэнні лексем, паколькі яны паходзяць з аддзеяслоўнага імені, вельмі шматлікія (ад nomen actionis да назваў канкрэтных прадметаў). Параўн. яшчэ Папоўская–Таборская, Бел.-польск. ізал., 103.

Дачка́ ’дачка’. Параўн. рус. дочь, укр. дочка́, польск. córa, чэш. dcera, серб.-харв. кћи̑, балг. дъщеря́, ст.-слав. дъщи. Прасл. *dъktʼi. Параўн. ст.-інд. duhitár‑, грэч. θυγάτηρ, літ. duktė́ ’тс’ (далейшы аналіз вельмі няпэўны). Гл. Бернекер, 1, 243–244; Фасмер, 1, 533; асабліва Трубачоў, Эт. сл., 5, 178–179 (з бібліяграфіяй).

Дачыне́нне ’дачыненне’ (БРС). Магчыма, паланізм. Параўн. польск. mieć do czynienia ’мець справу’ (з кімсьці).

Дашчэ́нту ’дашчэнту’ (БРС, Байк. і Некр.). Слова гэта сустракаецца і ва ўкр. мове (доще́нту). У бел. мове лексема вядома з XVI ст. (дощенту; гл. Булыка, Запазыч., 101). Слова, якое прыйшло з польск. мовы (параўн. польск. doszczętu ’тс’). Кюнэ, Poln., 50.

Дбаць ’клапаціцца’. Засведчана ўжо ў ст.-бел. мове: дбати (гл. Булыка, Запазыч., 88). Паводле Кюнэ (Poln., 50), бел. лексема запазычана з польск. dbać ’тс’. Кюнэ (там жа) аргументуе магчымасць запазычання з польск. мовы тым, што гэта слова вядома толькі ў зах. славян. Булыка (там жа) таксама лічыць слова запазычаным. З іншага боку некаторыя этымолагі лічаць бел. дбаць, укр. дба́ти спаконвечна славянскімі лексемамі, якія зыходзяць да прасл. *dъbati (так мяркуе, напр., Слаўскі, 1, 142, але без рус. матэрыялу). Да прасл. *dъbati адносіць бел., укр. і рус. (рус. дыял. дбать) Трубачоў; гл. яго дадатак да Фасмера, 1, 486 (пад дбать), а таксама Трубачоў, Эт. сл., 5, 172–173. Няясна.

Два, дзве. Рус. два, две, укр. два, дві, польск. dwa, dwie, чэш. dva, dvě, балг. два, две, ст.-слав. дъва, дъвѣ. Прасл. *dъva, *dъvě. Параўн. літ. , dvì, ст.-інд. duvā́u, duvā́, грэч. δύω, лац. due, гоц. twai, twos. І.‑е. *d(u̯)uō, *d(u)u̯oi ’два’. Параўн. Брукнер, 105; Траутман, 64; Фасмер, 1, 486; Трубачоў, Эт. сл., 185–186.

Двайга́ ’двое’ (Сцяц.). Бясспрэчнае запазычанне з польск. мовы. Параўн. польск. dwojgo ’двое’ (параўн. таксама р. скл. dwojga ад лічэбніка dwoje ’двое’). Адносна польскіх форм гл. Слаўскі, 1, 183. Параўн. яшчэ ст.-бел. двойкга, двойга ’двое’ (якія дакладна адлюстроўваюць польскую форму dwojgo; гл. Булыка, Запазыч., 88).

Два́кроць ’два разы’ (Нас.). Запазычанне з польск. dwakroć ’тс’.

Двана́стка ’ўкладка жыта ў капу па 12 снапоў’ (Сцяшк.). Відавочнае запазычанне з польск. мовы. У аснове ляжыць польск. назва лічэбніка dwunastka.