Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Вярхо́віца ’верх галавы, сярэдзіна верхняй часткі галавы, дзе бывае лысіна’ (навагр., стаўб., З нар. сл.); ’лоб’ (стаўб., КЭС), верхо́віца ’цемя’ (петрык., Шатал.) узнікла ў выніку субстантывацыі прыметніка *вярховы ’верхні’ (< vьrx‑ovъ‑) пры дапамозе суф. ‑іц‑а (< ic‑a). Да верх (гл.). Параўн. ст.-рус. верхъ ’цемя, макаўка’ (з XVI ст.), верховица ’цемя, макаўка, верхняя частка галавы’ (з XVII ст.), рус. вяц., горк. верховка ’цемя галавы раскольніка, якое выстрыгалася, паводле звычаяў веры, як у ксяндза’, літ. viršū́ ’вяршок, макаўка, вершаліна’, viršùgalvis, galvóvtršis ’цемя, макаўка’.

Вярхо́вушка ’від лінейкі, экіпаж’ (Касп.). Да вярховы < верх (гл.); параўн. ст.-рус. верховой, верховый ’які прызначаецца для язды вярхом’. Суфікс ‑(ов)ушк‑а мае размоўнае адценне. Такое ж адценне экспрэсіўнасці заключаецца ў драг. лёхкову́шка ’легкавая машына’, гродз. легкаву́шка ’тс’ (Сцяш.).

Вярхо́вы ’размешчаны вышэй па цячэнню ракі’ (БРС), укр. верхови́й ’тс’, рус. верхово́й ’які знаходзіцца вышэй па рацэ; параўн. таксама верховье ’мясцовасць, якая ляжыць бліжэй да вяршыні ракі’, верховщик, верховец, верхота, верховщина ’жыхары, якія жывуць у верхнім цячэнні ракі’. Да верх (гл.). Утворана пры дапамозе суф. ‑ов‑ы (< прасл. vьrx‑ov‑ъ ’верхні’).

Вярхо́м ’конна’ (БРС), вярьхом ’тс’ (Бяльк.), укр. верхом, рус. верхом, польск. wierzchem ’тс’. Узнікла як адгалінаваны амонім з дзеепрыслоўя верхам (< vьrx‑ъmь) ’зверху, наверсе’, якое ўяўляе сабой творны склон адзіночнага ліку ад верх (Шанскі, 1, В, 70).

Вярхо́ўе1 ’частка ракі ля яе вытокаў’ (БРС, КТС), укр. верхівʼя, рус. верховье ’тс’. Усходнеславянская лексема (на астатняй слав. тэрыторыі слова мае іншыя значэнні; параўн. славен. vrhóvje ’горы’), утвораная ад vьrx‑ъ, дзе ‑ъ паходзіць з й < *‑ой; яго рэфлекс мы назіраем у пазнейшым суф. ‑ov‑ (Экерт, ВСЯ, 4, 104). Спачатку vьrxovьje абазначала ’верх чаго-небудзь’; ’вяршыня гары’, потым (ва ўсходніх славян) — ’месца на вяршыні, адкуль рака выцякае’ (Шанскі, 1, В, 69).

Вярхо́ўе2 ’першы ачос ільну’ (Касп.); ’нізкагатунковая пража з пачасся льну’ (Уладз.), вярхо́ўя ’горшы гатунак ільнянога валакна’ (Бяльк.); ’зрэб’е, ачоскі з атрапанага льну’ (Янк. II, III, барыс., Янк. Мат.), пін. вэрхо́вʼе ’зрэб’е’ (Шатал.). Рус. верховье: йонаўск. (ЛітССР), прэйл. (ЛатССР), пск., смал. ’першыя вычаскі’, таксама с.-урал. ’слой ільновалакна’, пск., йонаўск., прэйл. ’пража з першых вычасак’, йонаўск. ’палатно з гэтай пражы’. Бел. інавацыя. Да вярхоўе1 < прасл. vьrxovьje ’вярхі чаго-небудзь’.

*Вярхо́ўе3, вярхо́ўя (зборн.) ’вярхі дрэў’ (Бяльк.), укр. верхівʼя, польск. wierzchowie, славен. vrhǫ̑vje ’тс’, якое магло б быць другасным. Да вярхо́ўе1 < прасл. vьrxovьje ’вярхі, верхнія часткі чаго-небудзь’.

Вярхоўка1 ’вяршаліна (маладняку)’ (КТС), укр. верхівка ’вяршыня расліны’, рус. урал. верхо́вка ’вяршыня дрэва’. Утворана ад вярховы і суф. ‑к‑a. Да верх (гл.).

Вярхо́ўка2 ’верхаводка, Leucaspius delineatus’ (Інстр. II, Нік.; Очерки; Жук., 214), рус. верховка: наўг., цвяр., басейн р. Волгі ’дробная рыба, якая плавае ў верхніх слаях вады, верхаводка’, польск. wierzchówka ’гатунак плоткі’. Паўн.-слав. інавацыя ўтвораная ад вярховы (vьrx‑ov‑ъ) і суф. ‑к‑a. Да верх (гл.).

Вярхо́ўка3 ’вецер (на Азоўскім моры)’ (КТС). Запазычана з рус. мовы (пры перакладзе твораў К. Паўстоўскага).

Вярхо́ўнік (гіст.) ’начальнік, старшыня справы’ (БРС), укр. верховник, рус. верховник, ст.-рус. верховникъ, врьховникъ ’асоба, якая валодае вярхоўнай уладай, начальнік’; ’служка пры двары, дваровы’ (з XV ст.). Бел. лексема запазычана з рус. мовы.

Вярхо́ўны ’вышэйшы’ (БРС, КТС, Касп.), укр. верховний ’тс’, рус. верховный ’верхні’; ’тоўстае палатно са зрэб’я’; ’жыхар з вярхоўя ракі’; ’конны’, ст.-рус. верховный, вьрховьний, вьрьховнии, връховный ’верхні; ’вышэйшы, галоўны’; ’конны’; ’палацавы’ (з X ст.), славен. vrhǫ́ven, серб.-харв. вр̀ховни, макед. врховен, балг. върховен ’вярхоўны’. Да ст.-слав. прыметніка врьховьнии ’галоўны, вышэйшы’ (у царкоўным сэнсе). Відавочна, царкоўнаславянізм; гл. Шанскі, 1, В, 69. Утворана ад врьхъ і суф. ‑ьn‑ъ. Крукоўскі (Уплыў, 110) мяркуе, што бел. лексема — калька з рус. мовы.

Вярхо́чак (ласк.) ’верх’ (мядз., Нар. сл.) — дэмінутыў да верх (гл.), утвораны пры дапамозе суф. ‑очак. Карэннае ‑х‑ (а не ‑ш‑, як у вяршок, вяршочак) дае падставу меркаваць, што гэта магло быць вельмі старое ўтварэнне пры дапамозе суф. ‑ък‑ + ‑ьkъ > ‑ъčьkъ.

Вярхо́чысьце ’трэція ачоскі льну’ (Касп.). Да верх (гл.) і ‑чысьце, якое ў выніку распадабнення паходзіць з чэсьсе (< česьje < česati). Народная этымалогія атаесамлівае апошняе з čistiti > чысціць.