Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ХАДАРО́ВІЧ Павел Аляксеевіч (16.7.1889, С.-Пецярбург — 18.8.1949),

савецкі геадэзіст. Праф. (1919), д-р тэхн. н. (1938), Скончыў Маск. межавы ін-т (1916) і фіз.-матэм. ф-т 1-га Маск. ун-та (1919), У 1919—30 праф. геадэзіі Горы-Горацкага земляробчага ін-та (з 1925 Бел. с.-г. акадэмія), з 1930 праф. і заг. кафедры вышэйшай геадэзіі Сібірскага с.-г. ін-та. Вёў н.-д. работу па стварэнні трыганаметрычнай сеткі, нівелірных рэпераў астр. пунктаў. Працы па выяўленні сапраўднага мерыдыяна і азімута, распрацоўцы спосабаў найменшых квадратаў канструкцыі геад. і астр. інструментаў.

Тв.:

Краткая теория ошибок в применении к землемерной практике. Горки, 1923;

Материалы по тригонометрической сети Б.Г. Академии С.Х. и сводка данных геометрического нивелирования. Горки. 1927.

т. 16, с. 516

ХАДАРО́ВІЧ Уладзімір Паўлавіч (н, 27.8.1947, г. Слуцк Мінскай вобл.),

бел. мастак. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1977). Працуе пераважна ў жанры нацюрморта. Яго творы адметныя кампазіцыйнай завершанасцю, нац. характарам і каларытам, пабудаваным на згарманізаваных колеравых адценнях з перавагай серабрыстага, часам залацістага «Хлеб», «Лён» (абодва 1987), «Народная скульптура», «Вясковы нацюрморт» (абодва 1988), «Травы майго дзяцінства» (1989), «Нацюрморт з яблыкамі», «На Каляды», «Слыннаму беларускаму вестуну прысвячаю», «Памяці Францыска Скарыны» (усе 1990), «Нацюрморт з сотамі» (1991), «Бацькава скрыпка» (1998). «Лета», «Старадрукі» (абодва 2000), «Нацюрморт з клубніцамі і шыпшынай» (2001), «Вясна. Вясковы нацюрморт» (2003).

І.​Л.​Чэбан.

У.Хадаровіч. Бацькава скрыпка. 1998.

т. 16, с. 516

ХАДАСЕ́ВІЧ Уладзіслаў Феліцыянавіч (28.5.1886, Масква — 14.6.1939),

рускі паэт, крытык. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це. З 1922 у эміграцыі (з 1925 у Парыжы). Друкаваўся з 1905. Першая кніга — «Маладосць» (1908). Яго лірыка (зб-кі «Шчаслівы домік». 1914; «Шляхам зерня», 1920; «Цяжкая ліра», 1922; цыкл «Еўрапейская ноч», 1927) спалучае традыцыі рус. класічнай паэзіі, арыентацыю на пушкінскую глыбіню, гарманічнасць і светаадчуванне чалавека 20 ст., які перажывае яго катаклізмы. У мемуарах «Некропаль» (1939) літ. партрэты сучаснікаў у кантэксце гісторыі рус. л-ры пач. 20 ст. Аўтар біяграфіі Г.​Дзяржавіна (1931), зб. арт. «Пра Пушкіна» (1937), літ.-крытычных арт., перакладаў.

Тв.:

Державин. М., 1988;

Стихотворения. Л., 1989.

т. 16, с. 517

ХАДАСЕ́ВІЧ Эра Васілеўна (н. 30.8.1929, Мінск),

бел. вучоны ў галіне фотабіялогіі. Д-р біял. н. (1983). Скончыла БДУ (1952). З 1952 у Ін-це эксперым. батанікі. з 1967 у Ін-це фотабіялогіі Нац. АН Беларусі (у 1973—94 заг. лабараторыі). Навук. працы па праблемах метабалізму хларафілу і стане пластыд у вечназялёных раслін, фітахромнай фотарэгуляцыі біягенезу і функцыянавання пігментных сістэм раслін.

Тв.:

Биохимия и биофизика фотосинтеза. М., 1965 (у сааўт.);

Биосинтез и состояние хлорофиллов в растении. Мн., 1975 (у сааўт.);

Фотосинтетический аппарат хвойных: (Онтогенетич. аспект). Мн., 1982.

С.​С.​Мельнікаў.

т. 16, с. 517

ХАДАСЕ́ВІЧ-ЛЕЖЭ́ Надзея Пятроўна (5.11.1904, в. Асецішчы Докшыцкага р-на Віцебскай вобл. — 8.5.1983),

французская мастачка. Вучылася ў Школе прыгожых мастацтваў у Варшаве (1921—24). З 1924 у Парыжы вучылася ў акадэміі жывапісу Ф.Лежэ (1924—29), пазней стала яго жонкай. Працавала ў манум. і станковым жывапісе. Аўтар мазаічных партрэтаў Ю.​Гагарына, Ж.​Дзюкло, М.​Кашэна, Н.​Крупскай, У.​Маякоўскага, М.​Тарэза, герояў 2-й сусв. вайны, дзеячаў культуры, кампазіцый для аэрапортаў у Парыжы і Вашынгтоне. Сярод жывапісных работ: «Нацюрморт з вазай» (1925), «Аўтапартрэт» (1941), «Пачатак руху (Узлёт-1)» (1922—68). Стварыла музей Лежэ ў Б’ёце (Прыморскія Альпы, 1960) і на радзіме мастака ў Лізоры (Нармандыя, 1970).

Літ.:

Дубенская Л.А. Рассказывает Надя Леже. Мн., 1983.

Н.​М.​Бараноўская.

Н.Хадасевіч-Лежэ. Аўтапартрэт.

т. 16, с. 517

ХАДЖ (араб. — паломніцтва),

паломніцтва мусульман у Мекку да храма Кааба ў час свята ахвярапрынашэння Курбан-Байрам; адзін з асн. абавязкаў мусульманіна. Здзяйсняецца на 7—12-ы дзень зу-ль-хіджа (12-ы месяц мусульм. месячнага календара хіджры). Звязаны з правядзеннем шэрагу мусульм. абрадаў, якія, паводле падання, вызначаны Мухамедам у час т.зв. «развітальнага» Х. (632): абход Каабы. цалаванне «чорнага каменя», піццё вады са свяшчэннага калодзежа Зам-зам, сяміразовы прабег паміж узгоркамі ас-Сафа і аль-Марва, малітвы каля скалы Арафат і ў даліне Муздаліфа, ахвярапрынашэнні жывёл і інш.

т. 16, с. 517

ХАДЖА́ЕЎ Алім (7.10.1910, г. Бухара, Узбекістан — 14.2.1977),

узбекскі акцёр. Нар. арт. СССР (1959). Вучыўся ў Бухарскім ін-це асветы, скончыў рэжысёрскія курсы ў Маскве (1951). З 1929 ва узб. Т-ры імя Хамзы. Мастацтва вылучалася лірызмам і інтэлектуальнасцю. Сярод роляў: Алішэр Наваі («Алішэр Наваі» Уйгуна і І.​Султанава), Хамза («Хамза» К.​Яшэна і А.​Умары), Юлдаш Камілаў («Людзі з верай» Султанава), Гамлет, Яга («Гамлет», «Атэла» У.​Шэкспіра), Карл Моар («Разбойнікі» Ф.​Шылера), Астраў («Дзядзька Ваня» А.​Чэхава). Выступаў і як рэжысёр. Здымаўся ў кіно. Дзярж. прэміі СССР 1949, 1977. Дзярж. прэмія Ўзбекістана 1967.

т. 16, с. 517

ХАДЖА́Р, Аманскія горы,

на У Аравійскага п-ва, пераважна на тэр. Амана. Даўж. каля 600 км. Выш. да 3353 м (г. Шам у масіве Эль-Ахдар). Складзены пераважна з вапнякоў, базальтаў, серпенцінітаў. На З — пустыні і апустыненыя саванны, на У — участкі мусонных трапічных лясоў і высакагорныя лугі. У аазісах пасевы пшаніцы, кукурузы, плантацыі бананаў, фінікавай пальмы. Рэзерват Вадзі-Серын.

т. 16, с. 517

ХАДЖЫ́ (араб., цюрк. — паломнік),

мусульманін, які здзейсніў хадж.

т. 16, с. 517

ХАДЖЫБЕ́ЙСКІ ЛІМА́Н,

заліў у паўн.-зах. ч. Чорнага м., у вусці р. М.​Куяльнік, паблізу г. Адэса, на Ўкраіне. Даўж. каля 31 км, шыр. 2,5 км, глыб. да 2,5 м. Адгароджаны ад мора пясчана-ракушачным перасыпам шыр. 4,5 м. Утварыўся шляхам аддзялення ад мора вусця р. М.​Куяльнік. На дне Х.л. глеевая гразь і хларыдна-натрыева-магніевая рапа, якія выкарыстоўваюць у лекавых мэтах. На беразе — вядомы бальнеагразевы Хаджыбейскі курорт з дзіцячымі санаторыямі.

т. 16, с. 517