Атла́с 1 ’гатунак тканіны’ (БРС). Агульнаеўрапейскае слова ўсходняга паходжання. У старарускай мове з 1453 (Шанскі, 1, А, 171); у ст.-бел. з 1511 у форме отласъ (Булыка, Запазыч., 33), з 1555 — атлас. Ст.-укр. гатласъ у 1627 (атласъ з XVIII ст.), даўнейшыя старарускія прыклады ў Сразнеўскага ў форме отласъ (XVI ст.). Ст.-польск. hatłas (Sł. staropolski). Канчатковая крыніца араб. атлас гладкі’ (корань т‑л‑с). Паводле Шанскага, у рускай мове з цюрк. атлас (з арабскай) не пазней XV ст. Паводле Фасмера, 1, 96 (які не ведаў выпадку ўжывання слова ў XV ст.), у рускай з польскай ці нямецкай, якія ўзыходзяць да арабскай. Улічваючы гандлёвыя зносіны з Усходам, заходняе пасрэдніцтва для рускай мовы не неабходна. У беларускую мову слова магло трапіць як праз рускую, так і праз польскую.

А́тлас 2 ’збор карт’. Інтэрнацыяналізм; у беларускай мове. з рускай, дзе з пачатку XVIII ст. з ням. Atlas (Шанскі, 1, А, 171) ці з галандскай або лацінскай. Гэта назва ўзыходзіць да назвы працы Меркатара Atlas (Дуісбург, 1595), папулярнай у той час і перавыдадзенай у скарочаным выглядзе некалькі разоў у першай палавіне XVII ст. Фасмер, 1, 96; Махэк₂, 39.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ба́рбара ’рэвень’ (Жд.). Скарачэнне запазычанага з польск. мовы *рэбарбара, *рабарбара (< польск. rabarbara, rebarbara), якое паходзіць з лац. rhabarbarum, reubarbarum (падрабязней гл. Брукнер, 456; Махэк, Jména rostl., 86). Польск. barbara азначае зусім іншую расліну (Barbaraea) і не можа быць крыніцай бел. слова, нягледзячы на фанетычную блізкасць.

Барбара 1 (ст.-бел.) ’прылада катавання’ (Чартко, Дасл. (Гродна), 1967, 54). Чартко, там жа, бачыць тут запазычанне з ням. Barbarei ’варварства, дзікасць’. Этымалогія вельмі няпэўная. Хутчэй ст.-бел. слова трэба параўноўваць з укр. барба́ра, байба́ра́ ’бізун, пуга і г. д.’ Усё гэта запазычанні з польск. barbara ’тс’ < уласн. імя Barbara (матывацыю гл. Брукнер, 15). Параўн. Краўчук, ВЯ, 1968, 4, 126 (параўн. яшчэ ўкр. ванда́ ’арапнік, доўгі бізун’ < Wanda). Аб называнні прадметаў уласнымі імёнамі людзей гл. падрабязна Банфантэ, RL, IV, 19–28. Параўн. барба́ра 2.

Барба́ра 2 ’кол у плытагонаў’ (нёманск., гродз., Г. А. Цыхун, вусн. паведамл.). Відаць, таго ж паходжання, што і барба́ра 1 (гл.), г. зн. запазычанне з польск. Параўн. barbara ’доўгі, тоўсты канат’ (< уласн. імя Barbara); параўн. яшчэпольск. дыял. barbaro, jadwiga ’драўляны крук для падвешвання катла над агнём’. Гл. яшчэ Махэк₂, 46 (пад barbora, дзе прыводзяцца розныя назвы прадметаў ад жаночага імя).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Клёпка 1 ’дошчачкі, з якіх складаецца бочка, дзежка, кадушка і пад.’ (ТСБМ, Нас., Касп., Сл. паўн.-зах., Сцяшк.), ’дранка’ (Мат. Гом.). Укр. клепка, рус. клёпка, польск. klepka ’тс’. Няма падстаў разглядаць гэта слова як праславянскае. У такіх значэннях выступаюць толькі польскія і ўсходнеславянскія словы. Калі ўлічыць існаванне ст.-рус. клепка ў тым жа значэнні, польская крыніца становіцца неверагоднай і больш надзейнай здаецца старажытнаруская крыніца. Тэрмін мог узнікнуць на старажытнарускай глебе на аснове дзеяслова klepati, адтуль пранікнуць у польскую мову, а далей у чэшскую. Ням. Klappholz можа быць калькай з польскай мовы. Слаўскі (2, 209–210), Трубачоў (Эт. сл., 10, 11), ЕСУМ (2, 459) лічаць гэта слова праславянскім, хаця тэрміналагічнае значэнне яго абмежавана ў прасторы і часе.

Клёпка 2 ’розум’ (ТСБМ, Нас., Шат., Юрч. Фраз. 2). Гэта значэнне ў тых жа дыялектах, дзе адзначана клёпка 1 (гл.), што сведчыць аб метафарычным пераносе. Параўн. бел. клёпкі ў галаве не хапае, укр. не хватае клепок у голові, рус. не хватает клёпки в голове, польск. brak mu piątej klepki. У той жа час на беларускай моўнай глебе мы адзначаем клёпка ў значэнні ’розум’ і не ў складзе адпаведнага фразеалагізма. Гэта тлумачыцца тым, што тут атрымалася кантамінацыя з бел. клёк ’розум’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аві́н ’будынак для сушкі снапоў’ (ДАБМ, Касп.), авин, аввинь (Лысенка, СПГ) ’тс’, овин ’будоўля для захоўвання і малацьбы снапоў’ (Мат. Смал.), ovinʼ ’будынак для сушэння збожжа (паўд.-бел.)’ (Смул.). Рус. овин, укр. овин, ст.-рус. овинъ. Нельга гаварыць пра генетычныя суадносіны з літ. jáuja ’амбар’, лат. jauja ’гумно’, ст.-іран. yəvīn ’збожжавае поле’, бо літ. jáuja суадносіцца з javai ’збожжа’, ст.-іран. yəvīn з yava‑ ’тс’. Генетычна тоеснай назвы збожжа славянскія мовы не ведаюць: гл. Брукнер, KZ, 45, 307. Арэал слова авін абмежаваны (толькі частка ўсходнеславянскіх дыялектаў). Даводзіцца меркаваць аб запазычанні: авін < ст.-іран. yəvīn. Геаграфія гэтага слова гаворыць таксама ў карысць іранскай крыніцы. Слова пашырылася з тэрыторыі на ўсход ад сярэдняга цячэння Дняпра, дзе, як вядома, існаваў іранскі субстрат. У карысць генетычнай сувязі авін з пералічанымі балтыйскімі і іранскімі словамі выказваюцца Бернекер, 455; Траўтман, 107; Мюленбах-Эндзелін, 2, 97; Фрэнкель, 192; Майргофер, 3, 10. Думка Ільінскага, РФВ, 74, 136; Slavia, 262, пра непасрэдную генетычную сувязь авін з і.-е. au̯ (au̯es? — параўн. Покарны, 86) ’грэць’ неверагодная, ён, аднак, справядліва аспрэчвае думку Карскага, Белорусы, 133, аб цюркскім паходжанні слова і лічыць, што цюркскае слова (тат. avyn) мае рускае паходжанне. Таксама Фасмер, 3, 114.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кага́т ’бурт’ (БРС, ТСБМ), ’яма для захавання бульбы’ (Бяльк.), ’доўгі, мелкі капец бульбы’ (кобр., Нар. сл.), ’стог’ (чач., Мат. Гом.), параўн. у Яшкіна, 83, ветк. кагацішча ’месца, дзе стаяла сцірта (кагат) сена’. Укр. міргар. кагат ’куча’, дан. ’куча рыбы, па-асабліваму складзеная і пакрытая чаротам’, палес. кагата ’яма для сховы бульбы зімой’, рус. смал. кагат ’конусападобная куча бульбы ў полі’. На думку Лучыца-Федарца, БЛ, 3, 1973, 57, кагат з’яўляецца іранізмам. Лінгвагеаграфія слова быццам не супраць гэтага, аднак існуюць пэўныя фармальныя і семантычныя цяжкасці. У якасці блізкіх да магчымай іранскай крыніцы Лучыц-Федарэц прыводзіць асец. къахт ’яма’, къахын ’выдзеўбаць’, kʼахуn : kʼaxt ’капаць’. Аднак, паводле Абаева, 1, 620, гэта слова з’яўляецца параўнальна рэдкім для асец. мовы прыкладам адназоўнікавага дзеяслова, ад kʼax ’нага’, першапачаткова такім чынам, ’капаць нагой’ (аб жывёлах), а само слова kʼax не іранскае, гл. Абаеў, 1, 619. Зразумела, што ненадзейнасць асецінскай паралелі вымушае яшчэ больш сумнявацца ў патэнцыяльнай іранскай крыніцы. Апрача гэтага, значэнне ’яма’, якое дазваляе меркаваць аб сувязі іран. і слав. слоў, нельга, безумоўна, лічыць першапачатковым для слав. лексем, тым больш што словы з такімі значэннямі суадносяцца геаграфічна і ўказваюць на другасны іх характар. Слова нагадвае вандроўны культурны тэрмін, аднак крыніца запазычання невядомая.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пасце́ль, посте́ль, пості́ль, пасце́ля, посце́ля ’ложак’, ’тое, што падсцілаецца для спання’ (ТСБМ, Грыг., Сцяшк., Бір., Зян., Касп., Сл. ПЗБ, Мат. Гом., Бяльк., ТС; КЭС, лаг.; паўн.-бел., зах.-палес., ДАБМ, к. 285), ’пасцельная бялізна’ (Мат. Гом., ТС), ’раскладка снапоў для малацьбы’ (ДАБМ, к. 285; Выг., Касп., Сл. ПЗБ; КЭС, лаг.), ’разасланы лён для скручвання ў кудзелю’ (карэліц., талач., Шатал.; пух., Сл. ПЗБ), ’насціл з дошак у возе’ (Бір.), ’саламяны адонак, стажар’е’ (Выг.), ’месца ў хляве, дзе ляжыць карова’ (паст.), ’суцэльны слой сала са ўсёй тушы’ (чэрв., Сл. ПЗБ), пасце́ль, посьце́льнік ’насціл з дошак у санях’ (Шатал.). Укр. посте́ля, пості́ль, рус. посте́ль, посте́ля, арханг. постлань, польск. pościel, ст.-польск. pościela, палаб. püstilʼa, pöstilʼa, н.-луж. postola, устар. postoła, чэш. postel, славац. posteľ, славен. póstelj, póstelja, серб.-харв. по̀стеља, макед. постела, балг. посте́ля, ст.-слав. постелꙗ. Прасл. postelʼa ўтворана ад stьlati > слаць (гл.). Падобна ўтворана ст.-інд. upa‑star‑aṇa ’цыноўка, матрац на ложак’ (у якім ‑star‑ раўняецца прасл. ‑stel‑), арм. pastar ’посцілка, кілім’. Прэфікс ‑po‑ узыходзіць да і.-е *upo ’пад’; у такім выпадку postelʼa — ’падклад пад ляжачага чалавека’ (Махэк₂, 474; Фасмер, 3, 341). Магчыма, сюды ж пасцель ’паслед у каровы’ (Сл. ПЗБ; карэліц., Шатал.; гродз., Сцяшк. Сл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́дзвіг 1 ’гераічны ўчынак; важнае дзеянне’ (ТСБМ). Бел. слова запазыч. з ц.-слав.; параўн.: май месец пройшоў у холодном подвігу (ТС), што можна растлумачыць як “у змаганні з холадам”. Значэнне “барацьба, змаганне” ў гэтым кантэксце блізкае да значэння ст.-слав. подвигъ. Можна дапусціць, што ў тураўскай гаворцы яно захавалася з часоў непасрэднага ўплыву кірыла-мефодзіеўскай традыцыі (Цыхун, Зб. Талстому, 423). Укр. по́двиг ’подзвіг’, рус. по́двиг, славен. podvíg, серб.-харв. по̏двйг, балг. подвиг ’тс’. Паводле Станкевіча (Зб. тв., 1, 527), у гэтым значэнні — русізм. Гл. наступнае слова.

По́дзвіг 2 ’зрух у рабоце’ (мядз., Нар. словатв.), по́двіх ’лямеш у плузе’ (ДАБМ, камент., 827). Рус. по́двиг ’рух; ход, развіццё (справы, падзеяў)’, подвиг ’рух’. Прасл. *podvigъ ад *dvig(a)ti ’падымаць, перамяшчаць’, якое выводзяць ад *dvigъ або *d(ъ)vigъ ’развіліна, раздвоены сук, які служыў сродкам падымання ці перамяшчэння’, роднасны ням. Zweig ’галіна’ (Трубачоў, ЭССЯ, 5, 168). Але Мартынаў (Зб. Крапіве, 211–212) мяркуе, што ўсх.-палес. pódwih ’дубовая галінка для ўмацавання правай паліцы сахі’ выводзіцца з *pod‑vig, дзе другая частка слова звязана з серб.-харв. вигови ’сіло, пута’, виг ’пастка’, што, магчыма, сведчыць пра аманімію формаў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́ршні мн. л. ’абутак з кавалка ялавай або свіной сырамятнай скуры’ (ТСБМ, Анім.), рус. по́ршни, по́рушни ’абутак, зроблены з загнутага кавалка скуры з поўсцю’, ’гатунак абутку з адрэзанага кавалка скуры, сандалі’, по́рошень ’тс’. Не зусім ясна. Фасмер пагаджаецца з Сабалеўскім (Фасмер, 3, 337), выводзячы слова ад порт > порчни > поршни (гл. порт); Вахрас (Наим. об., 161) збліжае рус. і бел. поршни/поршні з порхлый/порхлы ’рыхлы, мяккі’, што падаецца семантычна далёкім, аднак уключае названыя словы ў шырокае гняздо прасл. *pъrxъ ’россып: бухматасць’. Малаверагодным падаецца старажытнае германскае запазычанне, бо падабенства (гл. Лявіцкі, 2, 98) прасочваюцца ў ням. Borste ’шчацінне, шчэць’, дзе другую частку слова можна звязаць з Riester ’кавалак скуры для рамонту абутку’, дац. ros ’абрэзкі’, нарв. дыял. rus ’шкарлупінне, скурка’, ст.-ісл. holdrosa ’мяса са скурай’, ням. rauh ’шурпаты, грубы, неапрацаваны’, англ. rough ’тс’, ст.-англ. rūh ’пакрыты валасамі’. Тады поршні — утварэнне з прыстаўкай по- ад *‑rug‑/*‑rъg > *‑ruz‑/*‑rъz‑ > *‑rus‑/*‑rъs‑. Паводле Краўчука (Бел.-укр. ізал., 37), рус. по́ршни ’від прымітыўнага абутку’ разам з бо́ршни ’чаравікі з аднаго кавалка скуры без падэшваў і абцасаў’ праз рус. смал. борсни́ ’скураныя пасталы’, бел. барсні ’лапці з пяньковых вяровак’ узыходзяць да барсаць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пу́хнуць 1 ’распухаць, разбухаць’ (ТСБМ, Гарэц., Шат., Сл. ПЗБ, ТС), ’апухаць’: пухнуць людзі ад голаду (Сержп.), по́хнуць ’тс’: шчыка похніць (дрыс., Хрэст. дыял.); параўн. укр. пу́хнути, рус. пу́хнуть, польск. puchnąć, чэш. puchnouti, в.-луж. puchnyć ’пыхнуць, дунуць’, н.-луж. puchnuś se ’ўздуцца’, славен. púhniti ’дунуць; ударыць, піхнуць’, серб.-харв. пу́хнути ’дунуць; сапсаваць паветра’, балг. пу́хна ’пыхнуць; узбіць, выбіць’, макед. пувне ’глуха стукнуць’. Прасл. *puxnǫti суадноснае з *puxati (гл. пу́хаць, параўн. цягаць/цягнуць і пад.); значэнне уздымацца, разбухаць’ характэрна для паўночнаславянскіх моў, грунтуецца на семантыцы ’брадзіць’ (“o skutkach fermentacji, gnicia, rozkładu” гл. Банькоўскі, 2, 963), а форма незак. тр. на ‑nǫ‑ другасная да *puxъti, гл. пухці, і ў паўднёваславянскіх мовах у дзеясловах зак. тр. са значэннем аднакратнага дзеяння пераважала зыходная семантыка імітацыі раптоўнасці руху, выбуху (гл. пух 1), параўн. Фурлан–Бязлай (3, 135), дзе зроблена спроба звязаць паўднёваславянскія формы з *pьchati (гл. піхаць, пхнуць). Гл. таксама Куркіна, Этимология–1994–1996, 204.

Пу́хнуць 2 ’многа спаць, дрыхнуць’ (ТС; ушац., Нар. лекс.; уздз., Жд. 3; светлаг., Мат. Гом.), ’спаць без просыпу’ (Ян.), параўн. польск. арг. puchnąć ’заспаць’. Метафарычнае ўтварэнне на базе пухнуць 1; зыходнае значэнне ’брадзіць, гнісці, раскладацца’, параўн. тыпалагічную паралель: серб. дыял. ква̏сити ’ляжаць доўга ў ложку, гультайнічаць’ і ’кіснуць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ры́ба 1 ’рыба’ (ТСБМ; Бяльк.; Сцяшк. МГ), ры́біна ’рыбіна’ (ТСБМ; брасл., в.-дзв., Сл. ПЗБ). Укр. ри́ба, рус. ры́ба, польск. ryba, палаб. roibó, н.-луж. ryba, в.-луж. ryba, чэш. ryba, славац. ryba, славен. riba, серб., харв. рӣба, макед. риба, балг. ри́ба. Наконт паходжання слова аднадушнага меркавання няма. Мікала (Ursl. Gr., 1, 124; РФВ, 48, 279) супастаўляе з ням. Aalraupe (радзей Raubaal) ’налім; рыба з сямейства вугроў; рыба са змеепадобным целам’, дзе Aal ’вугор’, а ‑raupe < ruppo (ст.-в.-ням. rūppa, rūpa ’налім’). Ваян (RÉS, 9, 123 і наст.) звязвае прасл. *ryba і *ryti з і.-е. коранем *reu‑/*rou‑/*rŭ‑ і суфіксам ‑(ъ)b‑a (як *strělьba) і першасным значэннем ’спосаб лоўлі рыбы шляхам узрывання дна’, але гэтая спроба крытыкуецца. Паводле Тапарова (ЭИРЯ, 1, 5–10), звязана з рабы́ ’стракаты’. Агляд іншых версій і літ-ры гл. ESJSt, 13, 786; Жураўлёў, Язык и миф, 457–458.

Ры́ба 2 ’няроўнасці на палатне касы пры няўмелым кляпанні’ (Сл. Брэс.). Можа, да *ryti з суфіксам ‑(ъ)b‑a?

Ры́ба 3, у ры́бу ’гульня хлопчыкаў’ (гродз., Нар. словатв.). Да рыба 1 з прычыны таго, што гульня імітуе лоўлю рыбы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)