Клёпка 1 ’дошчачкі, з якіх складаецца бочка, дзежка, кадушка і пад.’ (ТСБМ, Нас., Касп., Сл. паўн.-зах., Сцяшк.), ’дранка’ (Мат. Гом.). Укр. клепка, рус. клёпка, польск. klepka ’тс’. Няма падстаў разглядаць гэта слова як праславянскае. У такіх значэннях выступаюць толькі польскія і ўсходнеславянскія словы. Калі ўлічыць існаванне ст.-рус. клепка ў тым жа значэнні, польская крыніца становіцца неверагоднай і больш надзейнай здаецца старажытнаруская крыніца. Тэрмін мог узнікнуць на старажытнарускай глебе на аснове дзеяслова klepati, адтуль пранікнуць у польскую мову, а далей у чэшскую. Ням. Klappholz можа быць калькай з польскай мовы. Слаўскі (2, 209–210), Трубачоў (Эт. сл., 10, 11), ЕСУМ (2, 459) лічаць гэта слова праславянскім, хаця тэрміналагічнае значэнне яго абмежавана ў прасторы і часе.
Клёпка 2 ’розум’ (ТСБМ, Нас., Шат., Юрч. Фраз. 2). Гэта значэнне ў тых жа дыялектах, дзе адзначана клёпка 1 (гл.), што сведчыць аб метафарычным пераносе. Параўн. бел. клёпкі ў галаве не хапае, укр. не хватае клепок у голові, рус. не хватает клёпки в голове, польск. brak mu piątej klepki. У той жа час на беларускай моўнай глебе мы адзначаем клёпка ў значэнні ’розум’ і не ў складзе адпаведнага фразеалагізма. Гэта тлумачыцца тым, што тут атрымалася кантамінацыя з бел. клёк ’розум’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)