Аві́н ’будынак для сушкі снапоў’ (ДАБМ, Касп.), авин, аввинь (Лысенка, СПГ) ’тс’, овин ’будоўля для захоўвання і малацьбы снапоў’ (Мат. Смал.), ovinʼ ’будынак для сушэння збожжа (паўд.-бел.)’ (Смул.). Рус. овин, укр. овин, ст.-рус. овинъ. Нельга гаварыць пра генетычныя суадносіны з літ. jáuja ’амбар’, лат. jauja ’гумно’, ст.-іран. yəvīn ’збожжавае поле’, бо літ. jáuja суадносіцца з javai ’збожжа’, ст.-іран. yəvīn з yava‑ ’тс’. Генетычна тоеснай назвы збожжа славянскія мовы не ведаюць: гл. Брукнер, KZ, 45, 307. Арэал слова авін абмежаваны (толькі частка ўсходнеславянскіх дыялектаў). Даводзіцца меркаваць аб запазычанні: авін < ст.-іран. yəvīn. Геаграфія гэтага слова гаворыць таксама ў карысць іранскай крыніцы. Слова пашырылася з тэрыторыі на ўсход ад сярэдняга цячэння Дняпра, дзе, як вядома, існаваў іранскі субстрат. У карысць генетычнай сувязі авін з пералічанымі балтыйскімі і іранскімі словамі выказваюцца Бернекер, 455; Траўтман, 107; Мюленбах-Эндзелін, 2, 97; Фрэнкель, 192; Майргофер, 3, 10. Думка Ільінскага, РФВ, 74, 136; Slavia, 262, пра непасрэдную генетычную сувязь авін з і.-е. au̯ (au̯es? — параўн. Покарны, 86) ’грэць’ неверагодная, ён, аднак, справядліва аспрэчвае думку Карскага, Белорусы, 133, аб цюркскім паходжанні слова і лічыць, што цюркскае слова (тат. avyn) мае рускае паходжанне. Таксама Фасмер, 3, 114.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)