По́дзвіг 1 ’гераічны ўчынак; важнае дзеянне’ (ТСБМ). Бел. слова запазыч. з ц.-слав.; параўн.: май месец пройшоў у холодном подвігу (ТС), што можна растлумачыць як “у змаганні з холадам”. Значэнне “барацьба, змаганне” ў гэтым кантэксце блізкае да значэння ст.-слав. подвигъ. Можна дапусціць, што ў тураўскай гаворцы яно захавалася з часоў непасрэднага ўплыву кірыла-мефодзіеўскай традыцыі (Цыхун, Зб. Талстому, 423). Укр. по́двиг ’подзвіг’, рус. по́двиг, славен. podvíg, серб.-харв. по̏двйг, балг. подвиг ’тс’. Паводле Станкевіча (Зб. тв., 1, 527), у гэтым значэнні — русізм. Гл. наступнае слова.
По́дзвіг 2 ’зрух у рабоце’ (мядз., Нар. словатв.), по́двіх ’лямеш у плузе’ (ДАБМ, камент., 827). Рус. по́двиг ’рух; ход, развіццё (справы, падзеяў)’, подвиг ’рух’. Прасл. *podvigъ ад *dvig(a)ti ’падымаць, перамяшчаць’, якое выводзяць ад *dvigъ або *d(ъ)vigъ ’развіліна, раздвоены сук, які служыў сродкам падымання ці перамяшчэння’, роднасны ням. Zweig ’галіна’ (Трубачоў, ЭССЯ, 5, 168). Але Мартынаў (Зб. Крапіве, 211–212) мяркуе, што ўсх.-палес. pódwih ’дубовая галінка для ўмацавання правай паліцы сахі’ выводзіцца з *pod‑vig, дзе другая частка слова звязана з серб.-харв. вигови ’сіло, пута’, виг ’пастка’, што, магчыма, сведчыць пра аманімію формаў.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)