Пасце́ль, посте́ль, пості́ль, пасце́ля, посце́ля ’ложак’, ’тое, што падсцілаецца для спання’ (ТСБМ, Грыг., Сцяшк., Бір., Зян., Касп., Сл. ПЗБ, Мат. Гом., Бяльк., ТС; КЭС, лаг.; паўн.-бел., зах.-палес., ДАБМ, к. 285), ’пасцельная бялізна’ (Мат. Гом., ТС), ’раскладка снапоў для малацьбы’ (ДАБМ, к. 285; Выг., Касп., Сл. ПЗБ; КЭС, лаг.), ’разасланы лён для скручвання ў кудзелю’ (карэліц., талач., Шатал.; пух., Сл. ПЗБ), ’насціл з дошак у возе’ (Бір.), ’саламяны адонак, стажар’е’ (Выг.), ’месца ў хляве, дзе ляжыць карова’ (паст.), ’суцэльны слой сала са ўсёй тушы’ (чэрв., Сл. ПЗБ), пасце́ль, посьце́льнік ’насціл з дошак у санях’ (Шатал.). Укр. посте́ля, пості́ль, рус. посте́ль, посте́ля, арханг. постлань, польск. pościel, ст.-польск. pościela, палаб. püstilʼa, pöstilʼa, н.-луж. postola, устар. postoła, чэш. postel, славац. posteľ, славен. póstelj, póstelja, серб.-харв. по̀стеља, макед. постела, балг. посте́ля, ст.-слав. постелꙗ. Прасл. postelʼa ўтворана ад stьlati > слаць (гл.). Падобна ўтворана ст.-інд. upa‑star‑aṇa ’цыноўка, матрац на ложак’ (у якім ‑star‑ раўняецца прасл. ‑stel‑), арм. pastar ’посцілка, кілім’. Прэфікс ‑po‑ узыходзіць да і.-е *upo ’пад’; у такім выпадку postelʼa — ’падклад пад ляжачага чалавека’ (Махэк₂, 474; Фасмер, 3, 341). Магчыма, сюды ж пасцель ’паслед у каровы’ (Сл. ПЗБ; карэліц., Шатал.; гродз., Сцяшк. Сл.).