По́ршні мн. л. ’абутак з кавалка ялавай або свіной сырамятнай скуры’ (ТСБМ, Анім.), рус. по́ршни, по́рушни ’абутак, зроблены з загнутага кавалка скуры з поўсцю’, ’гатунак абутку з адрэзанага кавалка скуры, сандалі’, по́рошень ’тс’. Не зусім ясна. Фасмер пагаджаецца з Сабалеўскім (Фасмер, 3, 337), выводзячы слова ад порт > порчни > поршни (гл. порт); Вахрас (Наим. об., 161) збліжае рус. і бел. поршни/поршні з порхлый/порхлы ’рыхлы, мяккі’, што падаецца семантычна далёкім, аднак уключае названыя словы ў шырокае гняздо прасл. *pъrxъ ’россып: бухматасць’. Малаверагодным падаецца старажытнае германскае запазычанне, бо падабенства (гл. Лявіцкі, 2, 98) прасочваюцца ў ням. Borste ’шчацінне, шчэць’, дзе другую частку слова можна звязаць з Riester ’кавалак скуры для рамонту абутку’, дац. ros ’абрэзкі’, нарв. дыял. rus ’шкарлупінне, скурка’, ст.-ісл. holdrosa ’мяса са скурай’, ням. rauh ’шурпаты, грубы, неапрацаваны’, англ. rough ’тс’, ст.-англ. rūh ’пакрыты валасамі’. Тады поршні — утварэнне з прыстаўкай по- ад *‑rug‑/*‑rъg > *‑ruz‑/*‑rъz‑ > *‑rus‑/*‑rъs‑. Паводле Краўчука (Бел.-укр. ізал., 37), рус. по́ршни ’від прымітыўнага абутку’ разам з бо́ршни ’чаравікі з аднаго кавалка скуры без падэшваў і абцасаў’ праз рус. смал. борсни́ ’скураныя пасталы’, бел. барсні ’лапці з пяньковых вяровак’ узыходзяць да барсаць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)