МУЗЫКА 19 — пач. 20 ст.
У 19 ст. абудзілася цікавасць да бел. нар. песні. Паралельна са збіраннем, вывучэннем і публікацыямі рабіліся спробы яе кампазітарскай апрацоўкі і канцэртнай прапаганды. Першыя публікацыі мелодый бел. нар. песень змешчаны ў працах М.Чарноўскай («Помнікі міфалогіі славянскай у звычаях, якія захаваліся ў сельскім насельніцтве Беларусі», 1817), Л.Галамбёўскага («Люд польскі, яго звычаі, забабоны», 1830), А.Абрамовіча (арт. «Некалькі мелодый беларусаў, запісаных і складзеных фартэпіянным таварыствам», 1843). Перыяд інтэнсіўнага назапашвання звестак пра нар. муз. культуру беларусаў, фіксацыя напеваў і найгрышаў, іх публікацыі прыпадаюць на 2-ю пал. 19 — пач. 20 ст. Муз. матэрыял уключаўся ў этнаграфічныя апісанні і фалькл. зборы: «Матэрыялы для вывучэння побыту і мовы рускага насельніцтва Паўночна-Заходняга краю» П.Шэйна(т. 1—3, 1887—1902), «Ліцвіны-беларусы Чарнігаўскай губерні, іх побыт і песні» М.Косіч (1901), «Беларусы-сакуны» І.Сербава (1915). Асобнымі выданнямі выйшлі «Беларускія песні Дзісенскага павета Віленскай губерні» А.Цернага (1895), «Зборнік народных песень, запісаных у пасёлку Калюга-Камарна Рагозненскай воласці Кобрынскага павета Гродзенскай губерні» І.Бычко-Машко (1911). Сярод важных прац гэтага перыяду: муз. «Зборнік маларускіх і беларускіх песень Гомельскага павета, запісаных для голасу пад акампанемент фартэпіяна» (1881) і «Гомельскія народныя песні (беларускія і маларускія)» (1888; упершыню апісаны стараж. тып бел. шматгалосся — гетэрафонія) З.Радчанкі, «Беларускі зборнік: Беларускія народныя мелодыі. Песні сезонныя, абрадавыя, гульнявыя, танцы, духоўныя вершы» Е.Раманава (1910), «Беларускія песні з нотамі» А.Грыневіча (т. 1, 1910). Стыль двухгалосых спеваў Беларусі ўпершыню зафіксаваны ў кн. «Беларускія песні з нотамі» А.Грыневіча (з А.Зязюлем, т. 2, 1912). У рэчышчы рамантызму і пазітывізму разгортвалася дзейнасць М.Федароўскага і О.Кольберга. У фундаментальным зборы «Люд беларускі» М.Федароўскага (падрыхтаваны ў 1890-я г., выд. т. 5, 1958; т. 6, 1960) змешчана 1413 разнажанравых песень з мелодыямі, запісанымі і натаванымі Я.Карловічам, Л.Патула, І.Трачыкам. У асноўнай бел. працы ў т. 52 «Беларусь—Палессе» (1968) «Поўнага збору прац» (т. 1—69, 1961—95) О.Кольберга змешчана 41 мелодыя з тэкстамі абрадавых і пазаабрадавых песень. Першы тэарэтык-этнамузыколаг Л.Куба ў зборы «Беларуская народная песня» (1887) вызначыў месца бел. нар. песні ў слав. свеце, ахарактарызаваў асноўныя яе муз.-стылявыя прыкметы з асаблівай увагай на іх старажытнасць у параўнанні з рус. і ўкраінскімі. Дзейнасць М.Янчука вызначалася арганізацыйным размахам, навізной навук. падыходу, што дазволіла надаць этнамузыкалогіі статус адной з народазнаўчых навук. Кола праблем, акрэсленых і распрацаваных у найб. буйных яго муз.-фалькларыстычных працах «Па Мінскай губерні» (1889) і асабліва «Маларускае вяселле ў Карніцкай парафіі Канстанцінаўскага павета Седлецкай губерні» (1886), дазволілі сістэмна асэнсаваць муз.-песенны кампанент у структуры бел. вясельнага абраду. Асаблівая роля належыць зб. «Народныя песьні з мелодыямі» М.Гарэцкага (з М.Аладавым і А.Ягоравым, 1928), які ў значнай ступені з’явіўся правобразам будучых аналітычных этнамузыкалагічных зборнікаў 1980—90-х г.
У 1-й пал. 19 ст. вядомасць набылі маёнткавыя тэатры, галерэі, бібліятэкі і прыватныя школы магнатаў Тышкевічаў (Лагойск, Астрашыцкі Гарадок, Плешчаніцы, Свіслач), графа З.Чарнышова (Магілёў, Чачэрск), князёў Сапегаў (Ружаны), меламана і мецэната У.Ракіцкага (Гарадзішча пад Мінскам). Пашырэнню хатняга музіцыравання і выхавання спрыяла дзейнасць муз. салонаў графаў А.Тызенгаўза ў Жалудку Гродзенскай губерні і Л.Ракіцкага ў Гарадзішчах, генерала Завішы ў Кухцічах, князя М.К.Агінскага ў Залессі Мінскай губ. і інш. Актыўнымі арганізатарамі хатніх муз. вечароў былі бацькі С.Манюшкі і В.Дуніна-Марцінкевіча. Інтэнсіўны характар набыло муз. жыццё ў буйных гарадах Беларусі (Мінск, Брэст, Віцебск, Магілёў, Бабруйск, Гродна, Гомель і інш.). Важную ролю ў яе пашырэнні набылі пансіёны ў Мінску, Пінску, Гомелі, Віцебску і Полацку, Слуцку, Мсціславе, Беластоку, Брэсце, Гродне і інш. У Мінскіх пансіянатах муз. адукацыю набылі бел. піяністка, кампазітар і педагог К.Марцінкевіч (пансіянат Л. і М. Мантэграндзі), С.Манюшка, Ф.Міладоўскі (пансіён Д.Стафановіча). Пашырэнню муз. культуры садзейнічалі гарадскія аркестры ў Мінску (дырыжоры браты Д. і В.Стафановічы), Гарадзішчы (дырыжор Ю.Дашчынскі), Магілёве (дырыжор Л.Скрабецкі), Гомелі (дырыжор Т.Сіпайла), Віцебску (дырыжор і кампазітар І.В.Шадурскі), аматарскі аркестр у Гродне (дырыжор І.В.Дабравольскі); сольныя выступленні піяністаў К.Марцінкевіч, Ф.Міладоўскага, Н.Орды, скрыпачоў К.Кжыжаноўскага, М.Ельскага, выканаўцаў на духавых інструментах сына і бацькі Т. і Ю. Сіпайлаў, вакалістаў Н.Муранскай, Ю.Рэйдар, гітарыста К.Стрэлкі. Некаторыя музыканты займаліся муз.-тэарэтычнай дзейнасцю: Н.Орда стварыў «Граматыку музыкі, ці Тэарэтычнае і практычнае выкладанне мелодыі і гармоніі з кароткім дадаткам пра фугу, кантрапункт, аркестравыя інструменты, арган, фартэпіяна і пра навуку спеваў для піяністаў» (1873), Я.Голанд напісаў «Акадэмічны трактат пра сапраўднае музычнае мастацтва» (1806), Л.Скрабецкі — артыкулы пра муз. жыццё Магілёва і інш. З 1838 вялася хроніка муз. жыцця (газ. «Минские губернские ведомости»). З 19 ст. абудзілася цікавасць да бел. нар. песні. Разам са збіраннем, публікацыяй і вывучэннем (гл. Музыказнаўства ў раздзеле Навука) рабілася спроба яе кампазітарскай апрацоўкі і канцэртнай прапаганды. Бел. народнапесенныя тэмы ці інтанацыі эпізадычна выкарыстоўвалі польскія (Ф.Шапэн, С.Манюшка, М.Карловіч) і рус. (М.Рымскі-Корсакаў, А.Глазуноў) кампазітары-класікі. На бел. фальклоры былі заснаваны творы бел. кампазітара А.Абрамовіча («Беларускае вяселле», «Беларускія мелодыі», «Зачараваная дуда»). Адным з першых прапагандыстаў бел. песеннага фальклору быў расійскі харавы дырыжор Дз.Агрэнеў-Славянскі (з 1863). У 1893 некалькі бел. песень у апрацоўках М.Кляноўскага з суправаджэннем сімф. аркестра прагучалі ў зале маскоўскага дваранскага сходу. Значная роля ў вывучэнні і прапагандзе бел. нар. песні належала Муз.-этнаграфічнай камісіі этнаграфічнага аддз. Т-ва аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі пры Маскоўскім ун-це, арганізаваная ў 1901 М.Янчуком. У яе рабоце ўдзельнічалі С.Танееў, М.Кляноўскі, А.Маслаў, Ю.Энгель. У кампазітарскай дзейнасці ў гэты перыяд вылучыліся жанры аперэты («Канкурэнты» Ф.Міладоўскага, «Тарас на Парнасе» І.Шадурскага, «Рэкруцкі набор» і «Сялянка» С.Манюшкі і К.Кжыжаноўскага, «Спаборніцтва музыкаў» і «Чарадзейная вада» С.Манюшкі), муз. камедыі («Латарэя» С.Манюшкі), а таксама інстр. канцэрта (2 скрыпічныя канцэрты М.Ельскага), інстр. мініяцюры (фартэпіянныя кампазіцыі В.Пшыборы, танцы для розных інструментаў, у т. л. паланэзы, мазуркі, англезы П.Карафа-Корбута), фартэпіянныя мініяцюры (мазуркі М.Ельскага, Н.Орды, К.Марцінкевіч, Ф.Міладоўскага, вальсы А.Абрамовіча, Ю.Дашчынскага, Н.Орды, экспромты Ф.Міладоўскага, М.Ельскага, серэнады Н.Орды, «песні без слоў» М.Ельскага і інш.). Побач са свецкай стваралася і духоўная музыка. Яе пісалі: Ю.Дашчынскі (месы, рэквіемы, нешпары, Вастрабрамская літанія і інш.), С.Манюшка (месы, рэквіемы, Вастрабрамскія літаніі, арганныя кампазіцыі, рэлігійныя песні і інш.), Ф.Міладоўскі (месы, гімны і інш.), Ё.Глінскі (месы, матэты), Ю.Грым (месы, арганныя апрацоўкі і інш.) і інш. Пашырыліся месы на тэксты польскамоўных вершаваных парафраз традыц. лац. тэкстаў. У Вільні рэгулярна выдаваліся касцельныя канцыяналы Э.Тупальскага, М.Гербурта, Вашкевіча, спеўнікі Ю.Грыма, падручнікі арганнай ігры Я.Галіча, Ю.Грыма, месы Л.Герынга, Ю.Грыма і інш. Былі спробы стварэння спец. навуч. устаноў для касцельных музыкантаў.
На мяжы 19—20 ст. працавалі прыватныя муз. школы ў Мінску (С.Шацкінай, з 1894), Магілёве (Пячкоўскай, з 1886), Гомелі (С.І.Захарына, з пач. 20 ст.). У 1872—97 у Мінску дзейнічала вучылішча арганістаў (заснавальнік канонік Ф.Сенчыкоўскі), у якім выкладаліся ігра на фартэпіяна, скрыпцы, спевы, тэорыя музыкі, а таксама выканальніцтва на аргане і ў аркестры духавой музыкі. Аб узроўні культуры на Беларусі ў 19 ст. сведчыць існаванне фабрык муз. інструментаў у Мінску (фабрыка фартэпіяна І.Бяляўскага, ёй папярэднічала фабрыка муз. інструментаў І.Фохта, Ю.Качкоўскага; у 1858 тут зроблены касцельны арган); у 1896 у друку ўпаміналася дэпо раяляў і піяніна В.Л.Валіцкага. У канцы 19 ст. на Беларусі стацыянарныя тэатры былі ў Мінску (з 1890) і Магілёве (з 1888). Пашырылася дзейнасць антрэпрызных труп: А.Металава (1877—81, Мінск, Бабруйск; паст. аперэты, а таксама оперы «Аскольдава магіла» А.Вярстоўскага і «Наталка-Палтаўка» М.Лысенкі), А.Даніловіча, А.Ф.Картавага (першы антрэпрэнёр у новым будынку Мінскага тэатра, дырыжор В.Сук; пастаўлены оперы класічнага рэпертуару), І.А.Шумана (арандаваў будынак Мінскага тэатра з 1892, дырыжор В.Сук), Ф.Кастэлана (1899—1901, 1903), М.Ф.Кнаўф-Камінскай (з 1902—03), Е.Бяляева (1906—07), О.Суслава (красавік 1906); польская аперэтачная трупа Б.Марэцкага (лістапад 1906), італьянская трупа братоў Гансалец (снежань 1906) і інш. У 1907 у Мінскім тэатры прадстаўлена новая форма сцэнічнага мастацтва «опера ў фраках», якую паказала маскоўскае Т-ва оперных артыстаў. У 2-й пал. 19 ст. на Беларусі арганізаваны Муз. таварыства (1860), Літаратурна-муз.-драматычны гурток аматараў (1884) і Таварыства аматараў прыгожых мастацтваў (1898) у Мінску, Брэсцка-літоўскае муз.-драматычнае таварыства аматараў (1885), Таварыства муз. і драм. мастацтва ў Віцебску (1887), Брэсцкі муз.-драм. гурток (1892), Магілёўскі муз.-драм. гурток (1905—14), Гродзенскае таварыства аматараў драм. і муз. мастацтва «Муза» (1907—14), Мінскае таварыства сяброў музыкі (1912), «Ліра», «Лютня» ў Дзвінску, Муз.-драм. таварыства ў Гомелі, Таварыства прыгожых мастацтваў у Віцебску і інш. Сярод музыкантаў, што канцэртавалі ў той час на Беларусі, Л.Аўэр, М.Батыстыні, А.Вержбіловіч, Г. і Ю. Вяняўскія, М.Гельмар (салістка Венскай оперы, ураджэнка Мінска), І.Гофман, К.Давыдаў, Г.Есіпава, А.Зілоці, А.Концкі, С.Ментар, Мікалай і Медэя Фігнеры, Ф.Шаляпін. У 1895 у Гродне, Мінску і Магілёве адбыліся канцэрты С.Рахманінава, які выступаў з італьян. скрыпачкай Т.Туа. На мяжы 19—20 ст. на Беларусі гастраліравалі піяністы Р.Пюньё, І.Слівінскі, скрыпачы К.Грыгаровіч, П.Сарасатэ, віяланчэліст Д.Попер, аркестр рус. нар. інструментаў пад кіраўніцтвам В.Андрэева і інш. У пач. 20 ст. аднавілася работа літаратурна-маст. таварыстваў і муз. класаў пры іх. У 1915 арганізавалася аддз. Рус. муз. таварыства ў Віцебску (сярод яго дырэктараў М.Арцімовіч, В.Кармілаў, Ф.Левінсон, П.Рэнгартэн, В.Сомаў). З 1907 дзейнічала Мінскае муз. вучылішча (дырэктар Н.Рубінштэйн) з дзённым і вячэрнім аддзяленнямі. Штогод наладжваліся 5—6 камерных і сімфанічных канцэртаў. Уступныя лекцыі чытаў І.Патулаў. З бел. муз. культурай звязана творчасць польскага кампазітара Л.Рагоўскага, які стварыў муз. афармленне да спектакляў трупы І.Буйніцкага, склаў «Беларускі песеннік з нотамі для народных і школьных хароў» (1911) і інш. муз. творы, у т. л. хары (у іх ліку на верш «А хто там ідзе?» Я.Купалы).
т. 18, кн. 2, с. 669