МУЗЫКА 19 — пач. 20 ст.

У 19 ст. абудзілася цікавасць да бел. нар. песні. Паралельна са збіраннем, вывучэннем і публікацыямі рабіліся спробы яе кампазітарскай апрацоўкі і канцэртнай прапаганды. Першыя публікацыі мелодый бел. нар. песень змешчаны ў працах М.​Чарноўскай («Помнікі міфалогіі славянскай у звычаях, якія захаваліся ў сельскім насельніцтве Беларусі», 1817), Л.​Галамбёўскага («Люд польскі, яго звычаі, забабоны», 1830), А.​Абрамовіча (арт. «Некалькі мелодый беларусаў, запісаных і складзеных фартэпіянным таварыствам», 1843). Перыяд інтэнсіўнага назапашвання звестак пра нар. муз. культуру беларусаў, фіксацыя напеваў і найгрышаў, іх публікацыі прыпадаюць на 2-ю пал. 19 — пач. 20 ст. Муз. матэрыял уключаўся ў этнаграфічныя апісанні і фалькл. зборы: «Матэрыялы для вывучэння побыту і мовы рускага насельніцтва Паўночна-Заходняга краю» П.​Шэйна(т. 1—3, 1887—1902), «Ліцвіны-беларусы Чарнігаўскай губерні, іх побыт і песні» М.​Косіч (1901), «Беларусы-сакуны» І.​Сербава (1915). Асобнымі выданнямі выйшлі «Беларускія песні Дзісенскага павета Віленскай губерні» А.​Цернага (1895), «Зборнік народных песень, запісаных у пасёлку Калюга-Камарна Рагозненскай воласці Кобрынскага павета Гродзенскай губерні» І.​Бычко-Машко (1911). Сярод важных прац гэтага перыяду: муз. «Зборнік маларускіх і беларускіх песень Гомельскага павета, запісаных для голасу пад акампанемент фартэпіяна» (1881) і «Гомельскія народныя песні (беларускія і маларускія)» (1888; упершыню апісаны стараж. тып бел. шматгалосся — гетэрафонія) З.​Радчанкі, «Беларускі зборнік: Беларускія народныя мелодыі. Песні сезонныя, абрадавыя, гульнявыя, танцы, духоўныя вершы» Е.​Раманава (1910), «Беларускія песні з нотамі» А.​Грыневіча (т. 1, 1910). Стыль двухгалосых спеваў Беларусі ўпершыню зафіксаваны ў кн. «Беларускія песні з нотамі» А.​Грыневіча (з А.​Зязюлем, т. 2, 1912). У рэчышчы рамантызму і пазітывізму разгортвалася дзейнасць М.​Федароўскага і О.​Кольберга. У фундаментальным зборы «Люд беларускі» М.​Федароўскага (падрыхтаваны ў 1890-я г., выд. т. 5, 1958; т. 6, 1960) змешчана 1413 разнажанравых песень з мелодыямі, запісанымі і натаванымі Я.​Карловічам, Л.​Патула, І.​Трачыкам. У асноўнай бел. працы ў т. 52 «Беларусь—Палессе» (1968) «Поўнага збору прац» (т. 1—69, 1961—95) О.​Кольберга змешчана 41 мелодыя з тэкстамі абрадавых і пазаабрадавых песень. Першы тэарэтык-этнамузыколаг Л.​Куба ў зборы «Беларуская народная песня» (1887) вызначыў месца бел. нар. песні ў слав. свеце, ахарактарызаваў асноўныя яе муз.-стылявыя прыкметы з асаблівай увагай на іх старажытнасць у параўнанні з рус. і ўкраінскімі. Дзейнасць М.​Янчука вызначалася арганізацыйным размахам, навізной навук. падыходу, што дазволіла надаць этнамузыкалогіі статус адной з народазнаўчых навук. Кола праблем, акрэсленых і распрацаваных у найб. буйных яго муз.-фалькларыстычных працах «Па Мінскай губерні» (1889) і асабліва «Маларускае вяселле ў Карніцкай парафіі Канстанцінаўскага павета Седлецкай губерні» (1886), дазволілі сістэмна асэнсаваць муз.-песенны кампанент у структуры бел. вясельнага абраду. Асаблівая роля належыць зб. «Народныя песьні з мелодыямі» М.​Гарэцкага (з М.​Аладавым і А.​Ягоравым, 1928), які ў значнай ступені з’явіўся правобразам будучых аналітычных этнамузыкалагічных зборнікаў 1980—90-х г.

У 1-й пал. 19 ст. вядомасць набылі маёнткавыя тэатры, галерэі, бібліятэкі і прыватныя школы магнатаў Тышкевічаў (Лагойск, Астрашыцкі Гарадок, Плешчаніцы, Свіслач), графа З.​Чарнышова (Магілёў, Чачэрск), князёў Сапегаў (Ружаны), меламана і мецэната У.​Ракіцкага (Гарадзішча пад Мінскам). Пашырэнню хатняга музіцыравання і выхавання спрыяла дзейнасць муз. салонаў графаў А.​Тызенгаўза ў Жалудку Гродзенскай губерні і Л.​Ракіцкага ў Гарадзішчах, генерала Завішы ў Кухцічах, князя М.​К.​Агінскага ў Залессі Мінскай губ. і інш. Актыўнымі арганізатарамі хатніх муз. вечароў былі бацькі С.​Манюшкі і В.​Дуніна-Марцінкевіча. Інтэнсіўны характар набыло муз. жыццё ў буйных гарадах Беларусі (Мінск, Брэст, Віцебск, Магілёў, Бабруйск, Гродна, Гомель і інш.). Важную ролю ў яе пашырэнні набылі пансіёны ў Мінску, Пінску, Гомелі, Віцебску і Полацку, Слуцку, Мсціславе, Беластоку, Брэсце, Гродне і інш. У Мінскіх пансіянатах муз. адукацыю набылі бел. піяністка, кампазітар і педагог К.​Марцінкевіч (пансіянат Л. і М. Мантэграндзі), С.​Манюшка, Ф.​Міладоўскі (пансіён Д.​Стафановіча). Пашырэнню муз. культуры садзейнічалі гарадскія аркестры ў Мінску (дырыжоры браты Д. і В.​Стафановічы), Гарадзішчы (дырыжор Ю.​Дашчынскі), Магілёве (дырыжор Л.​Скрабецкі), Гомелі (дырыжор Т.​Сіпайла), Віцебску (дырыжор і кампазітар І.​В.​Шадурскі), аматарскі аркестр у Гродне (дырыжор І.​В.​Дабравольскі); сольныя выступленні піяністаў К.​Марцінкевіч, Ф.​Міладоўскага, Н.​Орды, скрыпачоў К.​Кжыжаноўскага, М.​Ельскага, выканаўцаў на духавых інструментах сына і бацькі Т. і Ю. Сіпайлаў, вакалістаў Н.​Муранскай, Ю.​Рэйдар, гітарыста К.​Стрэлкі. Некаторыя музыканты займаліся муз.-тэарэтычнай дзейнасцю: Н.​Орда стварыў «Граматыку музыкі, ці Тэарэтычнае і практычнае выкладанне мелодыі і гармоніі з кароткім дадаткам пра фугу, кантрапункт, аркестравыя інструменты, арган, фартэпіяна і пра навуку спеваў для піяністаў» (1873), Я.​Голанд напісаў «Акадэмічны трактат пра сапраўднае музычнае мастацтва» (1806), Л.​Скрабецкі — артыкулы пра муз. жыццё Магілёва і інш. З 1838 вялася хроніка муз. жыцця (газ. «Минские губернские ведомости»). З 19 ст. абудзілася цікавасць да бел. нар. песні. Разам са збіраннем, публікацыяй і вывучэннем (гл. Музыказнаўства ў раздзеле Навука) рабілася спроба яе кампазітарскай апрацоўкі і канцэртнай прапаганды. Бел. народнапесенныя тэмы ці інтанацыі эпізадычна выкарыстоўвалі польскія (Ф.​Шапэн, С.​Манюшка, М.​Карловіч) і рус. (М.​Рымскі-Корсакаў, А.​Глазуноў) кампазітары-класікі. На бел. фальклоры былі заснаваны творы бел. кампазітара А.​Абрамовіча («Беларускае вяселле», «Беларускія мелодыі», «Зачараваная дуда»). Адным з першых прапагандыстаў бел. песеннага фальклору быў расійскі харавы дырыжор Дз.​Агрэнеў-Славянскі (з 1863). У 1893 некалькі бел. песень у апрацоўках М.​Кляноўскага з суправаджэннем сімф. аркестра прагучалі ў зале маскоўскага дваранскага сходу. Значная роля ў вывучэнні і прапагандзе бел. нар. песні належала Муз.-этнаграфічнай камісіі этнаграфічнага аддз. Т-ва аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі пры Маскоўскім ун-це, арганізаваная ў 1901 М.​Янчуком. У яе рабоце ўдзельнічалі С.​Танееў, М.​Кляноўскі, А.​Маслаў, Ю.​Энгель. У кампазітарскай дзейнасці ў гэты перыяд вылучыліся жанры аперэты («Канкурэнты» Ф.​Міладоўскага, «Тарас на Парнасе» І.​Шадурскага, «Рэкруцкі набор» і «Сялянка» С.​Манюшкі і К.​Кжыжаноўскага, «Спаборніцтва музыкаў» і «Чарадзейная вада» С.​Манюшкі), муз. камедыі («Латарэя» С.​Манюшкі), а таксама інстр. канцэрта (2 скрыпічныя канцэрты М.​Ельскага), інстр. мініяцюры (фартэпіянныя кампазіцыі В.​Пшыборы, танцы для розных інструментаў, у т. л. паланэзы, мазуркі, англезы П.​Карафа-Корбута), фартэпіянныя мініяцюры (мазуркі М.​Ельскага, Н.​Орды, К.​Марцінкевіч, Ф.​Міладоўскага, вальсы А.​Абрамовіча, Ю.​Дашчынскага, Н.​Орды, экспромты Ф.​Міладоўскага, М.​Ельскага, серэнады Н.​Орды, «песні без слоў» М.​Ельскага і інш.). Побач са свецкай стваралася і духоўная музыка. Яе пісалі: Ю.​Дашчынскі (месы, рэквіемы, нешпары, Вастрабрамская літанія і інш.), С.​Манюшка (месы, рэквіемы, Вастрабрамскія літаніі, арганныя кампазіцыі, рэлігійныя песні і інш.), Ф.​Міладоўскі (месы, гімны і інш.), Ё.​Глінскі (месы, матэты), Ю.​Грым (месы, арганныя апрацоўкі і інш.) і інш. Пашырыліся месы на тэксты польскамоўных вершаваных парафраз традыц. лац. тэкстаў. У Вільні рэгулярна выдаваліся касцельныя канцыяналы Э.​Тупальскага, М.​Гербурта, Вашкевіча, спеўнікі Ю.​Грыма, падручнікі арганнай ігры Я.​Галіча, Ю.​Грыма, месы Л.​Герынга, Ю.​Грыма і інш. Былі спробы стварэння спец. навуч. устаноў для касцельных музыкантаў.

На мяжы 19—20 ст. працавалі прыватныя муз. школы ў Мінску (С.​Шацкінай, з 1894), Магілёве (Пячкоўскай, з 1886), Гомелі (С.​І.​Захарына, з пач. 20 ст.). У 1872—97 у Мінску дзейнічала вучылішча арганістаў (заснавальнік канонік Ф.​Сенчыкоўскі), у якім выкладаліся ігра на фартэпіяна, скрыпцы, спевы, тэорыя музыкі, а таксама выканальніцтва на аргане і ў аркестры духавой музыкі. Аб узроўні культуры на Беларусі ў 19 ст. сведчыць існаванне фабрык муз. інструментаў у Мінску (фабрыка фартэпіяна І.​Бяляўскага, ёй папярэднічала фабрыка муз. інструментаў І.​Фохта, Ю.​Качкоўскага; у 1858 тут зроблены касцельны арган); у 1896 у друку ўпаміналася дэпо раяляў і піяніна В.​Л.​Валіцкага. У канцы 19 ст. на Беларусі стацыянарныя тэатры былі ў Мінску (з 1890) і Магілёве (з 1888). Пашырылася дзейнасць антрэпрызных труп: А.​Металава (1877—81, Мінск, Бабруйск; паст. аперэты, а таксама оперы «Аскольдава магіла» А.​Вярстоўскага і «Наталка-Палтаўка» М.​Лысенкі), А.​Даніловіча, А.​Ф.​Картавага (першы антрэпрэнёр у новым будынку Мінскага тэатра, дырыжор В.​Сук; пастаўлены оперы класічнага рэпертуару), І.​А.​Шумана (арандаваў будынак Мінскага тэатра з 1892, дырыжор В.​Сук), Ф.​Кастэлана (1899—1901, 1903), М.​Ф.​Кнаўф-Камінскай (з 1902—03), Е.​Бяляева (1906—07), О.​Суслава (красавік 1906); польская аперэтачная трупа Б.​Марэцкага (лістапад 1906), італьянская трупа братоў Гансалец (снежань 1906) і інш. У 1907 у Мінскім тэатры прадстаўлена новая форма сцэнічнага мастацтва «опера ў фраках», якую паказала маскоўскае Т-ва оперных артыстаў. У 2-й пал. 19 ст. на Беларусі арганізаваны Муз. таварыства (1860), Літаратурна-муз.-драматычны гурток аматараў (1884) і Таварыства аматараў прыгожых мастацтваў (1898) у Мінску, Брэсцка-літоўскае муз.-драматычнае таварыства аматараў (1885), Таварыства муз. і драм. мастацтва ў Віцебску (1887), Брэсцкі муз.-драм. гурток (1892), Магілёўскі муз.-драм. гурток (1905—14), Гродзенскае таварыства аматараў драм. і муз. мастацтва «Муза» (1907—14), Мінскае таварыства сяброў музыкі (1912), «Ліра», «Лютня» ў Дзвінску, Муз.-драм. таварыства ў Гомелі, Таварыства прыгожых мастацтваў у Віцебску і інш. Сярод музыкантаў, што канцэртавалі ў той час на Беларусі, Л.​Аўэр, М.​Батыстыні, А.​Вержбіловіч, Г. і Ю. Вяняўскія, М.​Гельмар (салістка Венскай оперы, ураджэнка Мінска), І.​Гофман, К.​Давыдаў, Г.​Есіпава, А.​Зілоці, А.​Концкі, С.​Ментар, Мікалай і Медэя Фігнеры, Ф.​Шаляпін. У 1895 у Гродне, Мінску і Магілёве адбыліся канцэрты С.​Рахманінава, які выступаў з італьян. скрыпачкай Т.​Туа. На мяжы 19—20 ст. на Беларусі гастраліравалі піяністы Р.​Пюньё, І.​Слівінскі, скрыпачы К.​Грыгаровіч, П.​Сарасатэ, віяланчэліст Д.​Попер, аркестр рус. нар. інструментаў пад кіраўніцтвам В.​Андрэева і інш. У пач. 20 ст. аднавілася работа літаратурна-маст. таварыстваў і муз. класаў пры іх. У 1915 арганізавалася аддз. Рус. муз. таварыства ў Віцебску (сярод яго дырэктараў М.​Арцімовіч, В.​Кармілаў, Ф.​Левінсон, П.​Рэнгартэн, В.​Сомаў). З 1907 дзейнічала Мінскае муз. вучылішча (дырэктар Н.​Рубінштэйн) з дзённым і вячэрнім аддзяленнямі. Штогод наладжваліся 5—6 камерных і сімфанічных канцэртаў. Уступныя лекцыі чытаў І.​Патулаў. З бел. муз. культурай звязана творчасць польскага кампазітара Л.​Рагоўскага, які стварыў муз. афармленне да спектакляў трупы І.​Буйніцкага, склаў «Беларускі песеннік з нотамі для народных і школьных хароў» (1911) і інш. муз. творы, у т. л. хары (у іх ліку на верш «А хто там ідзе?» Я.​Купалы).

т. 18, кн. 2, с. 669

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)