Трос 1 ‘канат з пянькі або са стальнога дроту’ (ТСБМ, Сцяшк.), ‘карабельная вяроўка’ (Некр. і Байк.), ‘якарны канат’ (ТС), ‘ліна, якой звязваюць звенні плыта’ (дзісн., Бел. дыял. 3), троса́ ‘тс’ (петрык., З нар. сл.). Праз рускую мову з нідэрл. tros ‘трос, ліна’, якое разам з с.-н.-ням. trosse, ням. Troß, Trosse ўзыходзяць да франц. trousse < trousser ‘круціць’ < с.-лац. tortiare ‘тс’ (Фасмер, 4, 106; Duden. Etymologie, 867).
Трос 2 ‘ колас’ (Сцяшк. Сл.). Адзінкавая фіксацыя не дае падстаў для надзейнай этымалогіі. Можна параўнаць з чэш. trs ‘сцябло, мяцёлка расліны’, ‘вінаградная лаза’, славац. trs ‘наземная частка некаторых раслін’ (з чэш., Кралік, 630), славен. tȓs ‘вінаградная лаза’, серб. трс, харв. tȓs, tȑs ‘сцябло, вузел, вінаградная лаза’, ст.-слав. тръсиѥ ‘вінаград’. Прасл. *trьsъ ‘сцябло, вінаград’ (Глухак, 640), параўноўваюць з грэч. θρινία ‘адростак, парастак’, алб. trishë ‘тс’ (Скок, 3, 509) або разглядаюць у якасці запазычання з с.-лац. tirsus, trisus ‘сцябло’ (Махэк₂, 654). Магчыма, на Балканах першасная назва перанесена на вінаград (Лома, Зб. ФЛ, XLV/1, 94); няясныя адносіны да макед. дыял. тросук ‘пырнік’, балг. дыял. тро́сък ‘від пустазелля’, параўн. троскат, гл.
Трос 3, ст.-бел. тросъ ‘скураная торба або пояс для грошай’ (1585 г., ГСБМ). Са ст.-польск. trzos, czrzos ‘тс’, якое ўзводзіцца да прасл. *čersъ, параўн. каш. třos ‘гасцінец, чаявыя’, рус. че́рес, че́рез ‘шырокі скураны пояс на грошы’, укр. че́рес ‘тс’, роднасныя ст.-ірл. criss ‘пас, пояс’, шатл. crioss ‘тс’, ‘паўпасак’, вал. crys ‘кашуля, сукенка’, ‘адзенне з фалдамі’ < і.-е. *kerd‑ ‘пас; падпяразвацца поясам’ (Борысь, 651). Звязана з польск. trzosła (XVI ст.) ‘паясніца’, гл. чарасло.