Стара́цца ‘рупіцца, імкнуцца’, ‘прыкладаць намаганні, шчыраваць’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Федар. 4, Ян., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС, ЛА, 3), старе́цца ‘рупіцца, клапаціцца’ (Нас.), стара́нны, стара́тлівы, старэ́нны ‘клапатлівы; хуткі ў рабоце’ (ЛА, 3), ст.-бел. старати сѧ ‘тс’, старѣють сѧ ‘стараюцца’ (Карскі 2–3, 388). Параўн. укр. стара́тися, рус. стара́ться, польск. starać się, в.-луж. starać so, н.-луж. staraś se, чэш. starati se, славац. starať sa, серб.-харв. ста̏рати се, славен. stȃrati se, балг. стара́я се ‘старацца’. Прасл. *starati sę ‘мучыцца з чым-небудзь, імкнуцца да чаго-небудзь, старацца’, якое да і.-е. *(s)ter(ə)‑/*(s)trě‑; гл. Борысь, 575. Роднаснае лат. starîgs ‘старанны’, літ. starìnti ‘цягнуць з цяжкасцю’, ст.-прус. stūrnawiskan ж. р. Тв. скл. адз. л. ‘сур’ёзнасць, важнасць’, англ.-сакс. stierne ‘сур’ёзны, строгі’, лац. sternāx ‘упарты, заўзяты’ (Фасмер, 3, 746 з літ-рай). Меркавалі таксама, што слова роднаснае стары, гл. (Скок, 3, 328; Брукнер, 513; Гуйер, LF, 50, 1923, 319–320, Шустар-Шэўц, 1354–1355). Махэк₂ (574) у якасці паралеляў прыводзіць яшчэ ням. stören, ст.-в.-ням. stōran ‘перашкаджаць’. Версію пра этымалагічную тоеснасць *starati (sę) з прасл. *terti (гл. церці), што грунтуецца на славен. tárati ‘мучыць’, ‘напружана працаваць’, terati ‘дапытваць, мучыць’ і пад., прапануе Куркіна (Этимология–1994–1996, 207), што патрабуе падмацавання матэрыялам іншых славянскіх моў. Гл. таксама Варбат, Зб. Вінаградаву₂, 77–82: спроба, грунтуючыся на бел. ста́рыць ‘садраць’, давесці паходжанне *starati sę ад *terti, гл. церці; параўн. таксама старкава́ны ‘стары, зморшчаны’ (Сцяшк. Сл.) ад та́ркаць, та́рыць ‘церці на тарцы’, ‘штурхаць’ (там жа). Гл. агляд версій у Новое в рус. этим., 217.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сту́па ‘драўляная або металічная пасудзіна, у якой таўкуць што-небудзь таўкачом’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Шат., Касп., Бяльк., Бес., Сцяшк., Сл. ПЗБ, Уладз., ТС; панёс., З нар. сл.), ‘прэс для выціскання алею’, ‘калода каля кузні для акоўвання колаў’, ‘прылада для збівання сукна’, ‘тоўстая жанчына’ (ТС), ‘пастка’ (ТС, Пятк. 1), ‘ход у гульні ў каменьчыкі’ (ТС, Рам. 8), ‘міска’ (гом., Рам. 8), сту́пка, памянш. да ступа (Сл. ПЗБ, Мат. Гом., Федар. 6), ‘кубак, кружка’ (Жд. 1; слуп., староб., люб., ДАБМ, камент., 815), ‘сальніца’, ‘адтуліна ў жорнах’ (Мат. Гом.), сюды ж сту́піца ‘пастка на ласёў’ (Пятк. 1). Параўн. укр., рус. сту́па, стараж.-рус. ступа, ц.-слав. (XIV ст.) стѫпа, польск. stępa, в.-луж., н.-луж. stupa, чэш. stoupa, серб.-харв. сту̏па, славен. stọ́pa, балг. стъ́па, макед. стапица ‘пастка’. Прасл. *stǫpa запазычанне з германскіх моў, параўн. с.-н.-ням. stampe ‘ступа, трамбоўка’, англасакс. stampe, ст.-в.-ням. stampf (Кіпарскі, Gemeinslav., 266; Фасмер, 3, 788; тая ж крыніца паходжання ў Брукнера, 515; Бязлая, 3, 321; Трубачова, Ремесл. терм., 68–69). Мартынаў (Лекс. взаим., 75–76) лічыць запазычаннем сярэдняй ступені надзейнасці. Спрадвечнаславянскае паходжанне слова дапускаюць Праабражэнскі (2, 408), Младэнаў (616), Махэк₂ (580), ад ступаць. Гл. таксама агляд версій: Шустар-Шэўц, 1371; ЕСУМ, 5, 458–459.

Ступа́ ‘тэмп руху пры хадзьбе, яздзе на кані; крок’ (ТСБМ, Гарэц., Некр., Сл. ПЗБ, Сцяшк.), ‘раўнавага ў руху ў часе’ (Ласт.), ‘ступня’ (Сцяшк., ТС), (ісці, ехаць) ступо́й і ступо́ю ‘павольным крокам; самым павольным алюрам’ (ТСБМ, ТС, Бяльк.). Аддзеяслоўны дэрыват з суф. ‑а ад ступаць (гл.); у прыслоўе перайшоў Тв. скл. гэтага назоўніка. Да значэння ‘крок’ параўн. укр. ступ, балг. стъ́пка, макед. стапка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тваро́г ’прадукт харчавання з кіслага малака пасля адтоплівання’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Сцяшк., Сл. ПЗБ), тво́раг ’тс’ (Нас., Нік. Очерки, Касп., Растарг.), ’густыя часці малака’ (Ласт.), тво́рах ’тс’ (полац., Нар. сл.), творо́г, творі́х, твору́г, атваро́г, отворо́г ’малочная тварожная маса; страва з такой масы, размешанай са смятанай або малаком’ (Лекс. Бел. Палесся). Укр. дыял. тва́рог ’тварожная маса’, рус. тво́ро́г ’тс’, польск. twaróg, н.-луж. twarog, в.-луж. twaroh, чэш., славац. tvaroh, ст.-слав. тварогъ. Існуе некалькі версій паходжання слова. Згодна з асноўнай версіяй, прасл. (дыял.?) *tvarogъ/*tvorogъ ’тварог’ утворана ад асновы *tvar‑/*tvor‑ ’твор, форма’ з дапамогай суфікса *‑og‑ъ (ён жа ў *pirogъ ’пірог’, *ostrogъ ’астрог’), аснова слова звязана з *tvoriti ’тварыць, надаваць форму’, гл. твары́ць 1. Адносна развіцця семантыкі параўн. італ. formaggie ’сыр’, франц. formage ’тс’ < нар.-лац. formaticum ’тс’ < лац. forma ’форма’ (Фасмер, 4, 31, Брукнер, 586; Слаўскі, SP, 1, 67; Шустар-Шэўц, 1563; Борысь, 656; ЕСУМ, 5, 530–531; Чарных, 2, 231). Паводле іншых версій, лічыцца роднасным да грэч. τυρός ’сыр’, авест. tūiri‑ ’сселае малако’ (адносна гэтай версіі гл. Гамкрэлідзэ–Іваноў, 570 і інш.), а таксама мяркуецца, што можа быць запазычаннем з цюркскіх моў, параўн. чагат. торак ’сыр’ (Махэк₂, 662; Міклашыч, 366 і інш.; ЕСУМ, 5, 530–531; Чарных, 2, 231; Брукнер, 586). Версію пра славянскае паходжанне, якая грунтуецца і на палескім матэрыяле, прапанаваў Страхаў (Palaeoslavica, 13, 2, 19): у выніку перараскладання *ot‑variti ’аттапіць, адварыць’ > *o‑tvariti, параўн. балг. изва́ра, отва́ра ’тварог’, чэш. svaroh ’тс’ (< svařiti se ’зварыцца’), рус. дыял. сваро́к ’тварог’, адкуль палес. атварог і пазнейшыя формы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жыга́ць ’калоць, кусаць, апякаць, бліскаць’, жага́ць (кліч., Жыв. сл., 126), жэ́гаць (барыс., Шатал.) ’бліскаць; смаліць’, жо́гаць ’удараць’ (КТС). Рус. дыял. жи́гать, жага́ть ’кусаць, джаліць, калоць; пячы (аб крапіве); кідаць, біць’, укр. жига́ти ’апякаць; кусаць, калоць’, в.-луж. žahać ’абпальваць, пратраўляць’, чэш. žihati ’апальваць, распальваць, бліскаць’, žáhati ’паліць, рабіць жар’, славац. žihať ’паліць, калоць, кусаць’, žíhať ’апякаць’, славен. ‑žagati, ‑žigati (у прэфіксальных утварэннях), серб.-харв. жи́гати (у прэфікс, утварэннях ‑жизати) ’калоць (пра боль), пячы, паліць’. Ст.-слав. ‑ѫизати, ‑жагати (у спалучэнні з прэфіксамі) ’паліць, абпальваць’. Ст.-рус. жигати ’паліць’, у прэфіксальных утварэннях таксама ‑жизати, ‑жагати ’паліць’. Параўн. палаб. zazăt ’паліць’, н.-луж. žagliś ’гарэць’, в.-луж. žehlić ’гарэць’, рус. дыял. жа́грить ’моцна паліць (печ)’, серб.-харв. жа̏грити ’паліць’, польск. дыял. żagawka ’куслівае насякомае’. Безлай (Jezik in slovstvo, 16, 1970/71, 4, 94–95) пастуліруе старажытнасць як žigati, так і žagati, што мае дастатковае абгрунтаванне, таму бел. жыгаць і жагаць не вынік нядаўніх фанетычных працесаў, а рэфлекс старажытных форм. Паходжанне кораня няяснае. Лічаць з і.-е. *dheg​u̯k‑ ’гарэць’, аб чым гл. жгаць 1, аднак прапанаваныя рашэнні нельга лічыць канчатковымі. Вакалізм кораня ўказвае на розныя чаргаванні: *ē > *ě > *a; *ī > *i; *ǐ > ь > ∅ *ě > e > e/o; ō > а: жэгаць, жагаць, жыгаць, жгаць, жэгаць, укр. згага (гл. жага); два з іх прадстаўлены ў формах жыгаць, жагаць. Аб вакалізме жегѫ гл. яшчэ Іванаў, Славянский, балтийский і раннебалканский глагол, 1981, 129. Адносна кансанантызму ці не трэба бачыць у *gēg‑ > *žag‑ і г. д. рэдуплікацыю кораня, выкліканую экспрэсіўна-інтэнсіфікуючымі момантамі? Такім коранем мог быць *g​u̯her‑ (параўн. гарэць, грэць, гаршок, гарачы), тым больш што ‑р‑ у серб.-харв. жа̏грити ’паліць’ тлумачаць (Скок, 3, 674) як «устаўное», магчыма, ад грејати ’грэць’; параўн. яшчэ жэгліць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Печары́ца ’шампіньён, Agaricus campestris L.’ (Нар. Гом.), пычуры́ца, пэчэры́ца, пэчуры́ца ’тс’ (стол., пін., Жыв. сл.), печурыца ’тс’ (Нас.; Растарг.; добр., брагін., Мат. Гом.; стол., Сл. Брэс.), печуры́ца і пячу́рка ’тс’ (уздз., Нар. словатв.), печэры́ца ’тc’ (ТС). Укр. печери́ця, печа́риця, рус. печери́ца, печери́ка, печурица, печерка ’тс’, польск. pieczarka ’грыб, які вырас у пячоры’ (Брукнер, 407), pieczarka, pieczarek pieczorynki ’шампіньён’, чэш. pečárka, pečurka, pekarka, pečirka, pečírek, славац. pečiarka, pečarka, pičurka ’розныя віды шампіньёна’, славен. pečȗrka, pečurica ’грыб’, серб.-харв. пѐчурка, пѐчурица ’тс’, ’шампіньён’, макед. печурка ’грыб’, балг. печу́рка ’шампіньён’. Прасл. *pečerъka/*pečerica/*pečura (Мяркулава, Этимология–1964, 95–96). Этымалогія лексемы не зусім ясная. Звычайна мяркуюць пра паходжанне лексемы ад дзеяслова *pekti (Міклашыч, 235; Фасмер, 3, 256; Машынскі, O sposobach, 120–121, які ў пацвярджэнне гэтага зазначае, што “яшчэ і зараз славянскія пастухі, знайшоўшы на пашы шампіньёны, пякуць іх, нанізаўшы на дубец, над агнём”). Супярэчыць гэтаму і наяўнасць у гэтым слове ва ўсіх славянскіх мовах гука č, што прадугледжвае першаснае k, а не ‑kt‑. Махэк₂ (441) мяркуе, што слова узнікла ў выніку намінацыі выразу накшталт pečena turova — такая назва бытуе ва украінскіх Карпатах: турова печеня, праўда, для іншага грыба (ЛБ, 1956, 6, 13). Для пацвярджэння паходжання лексемы з *pekti М. Майтанава (Slsl. 5, 1970 (1), 71) прыводзіць славац. biela huba na pečenie. На карысць такой этымалогіі прамаўляюць некаторыя сінанімічныя назвы: укр. печериця висока ’грыб-парасон, Lepiota procera (Scop.) Quel’, яшчэ называецца пряжівка (у Карпатах) < пряжити ’смажыць’, ці палес. пажа́рак, пажа́рки, а таксама варыянт з метатэзай да печериця — чепериця ’шампіньён’, ’грыб увогуле’, шырока прадстаўлены ва Украіне, у Венгрыі, Румыніі і на балгарскай і сербскахарвацкай тэрыторыях (гл. Непакупны, Связи, 36–41).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Не́вад ’вялікая рыбалоўная сетка, нерат’ (Некр. і Байк., БРС, ТСБМ, Сцяшк., Сл. ПЗБ), ’вялікая рыбалоўная сетка з двума крыламі і кулём пасярэдзіне’ (полац., З нар. сл.), не́вод ’самая вялікая перасоўная рыбалоўная аднасценная сетка з заходам’ (палес., Крыв., ТС), нэ́вуд ’тс’ (Бес.; пра распаўсюджанне назвы і рэаліі ў Беларусі больш падрабязна гл. Браім, Рыбалоўства, 48–49), укр. не́від, рус. не́вод, нёвод, польск. niewód, чэш. nevod, в.-луж. njewod, н.-луж. nawod, балг. на́вод, нъво́д, ст.-слав. неводъ ’рыбалоўная сетка’. Прасл. *nevodъ, паходжанне якога застаецца няясным; пры наяўнасці рус. пск. вод ’вельмі вялікі невад’, славен. дыял. vada ’доўгая рыбалоўная сетка з двума крыламі’, літ. vãdas ’сетка’, лат. vads ’вялікая сетка, крыло невада’, літ. vedė́ja ’рыбалоўная сетка, якую абслугоўваюць два чалавекі’ хутчэй за ўсё звязана чаргаваннем галоснага асновы з *vesti (< ved‑ti), параўн. згадку Пярвольфа аб наяўнасці ў балтыйскіх славян назвы рыбалоўнай сеткі невед (nyewede in vulgari vocatur, гл. Первольф, Германизация балт. славян. Спб., 1876, 113). Адмоўе тлумачыцца табуізацыяй назвы («каб рыбы не пазналі небяспечнага для іх прыстасавання», гл. Фасмер, 3, 55; Махэк₂, 398) ці непрадуктыўным словаўтваральным тыпам усходнеславянскіх назваў з не- для аб’ектаў, што падобныя да адпаведных ім аб’ектаў, але маюць прыкметныя адрозненні тыпу рус. клен ∼ не́клен ’Acer campestris’, егла ’ёлка’ ∼ негла (*неегла) ’лістоўніца’, тады вод ∼ не́вод ’не надта вялікая сетка’ (Маркаў, ЭИРЯ, 8, 1976, 114–115). У рамках той жа этымалогіі тлумачацца аманімічныя формы балг. навод ’невад’ і ткацкі тэрмін ’прасоўванне нітак асновы праз бёрда’ — ад *navesti, у прыватнасці ’прыстасаванне, пры дапамозе якога рыбы накіроўваюцца ў сетку, лавушку’ (гл. Герай–Шыманьска, БЕ, 31, 1981, 49). Гл. таксама Шаур, SP, А 24, 33–37. Непераканальна Ільінскі, IF, 50, 1932, 59–62 (збліжэнне са сновать + суф. ‑од‑). Махэк₂ (398), улічваючы шырокае распаўсюджванне слоў тыпу паўн.-ням. Wate, швед. vada, fin. nuotta, эст. noot ’невад’, лічыць слова «праеўрапейскім», параўн. ват ’тс’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жабра́к, жабрава́ць. Укр. жебра́к, же́брати, жебрув́ати ’тс’, же́бри ’жабраванне’, рус. пск., прыбалт. жебра́к, жеброва́ть (відаць, з бел.), польск. żebrak, żebrać, чэш. žebrák, žebrati, славац. žobrák, žobrať, в.-луж. žebrjak, žebrić, н.-луж. žebrak, žebriś, славен. žebrâvec, zebráti, серб.-харв. же̏брак, жебрачити, џе́брак, џе̏брати ’тс’. Літ. žebrõkas, žebravoti, лат. žabravât ’тс’ з бел. або польск. (Фрэнкель, 1294); венг. zsebrák (з 1456 г.) ’тс’ са слав. (MESz, 3, 1212). У ст.-бел. з канца XV ст. фіксуецца жебракъ (Булыка, Запазыч., 113), зафіксаваны дзеяслоў жебрати (Гіст. лекс., 116). Прынята этымалогія бел. слова з польск. мовы, дзе, паводле Брукнера (663), з XV ст. з ням. seffr ’бадзяга’ (Мартынаў–Міхневіч, Маладосць, 1970, 7, 150; Булыка, Запазыч., 113). Калі так, відаць, праз чэш., бо іначай незразумела пашырэнне ў серб.-харв. і славен. Скок (1, 471) лічыць адпаведныя словы гэтых моў запазычанымі з чэш. < ням. і далей турцызіраванымі ў серб.-харв. ž > dž. Махэк₂ (724) лічыць польск. і ўкр. запазычанымі з чэш., а для чэш. і славац. прыводзіць (як Голуб-Копечны, 443) шэраг дыялектных і экспрэсіўных варыянтаў, напр. škebrati, škemrati, žebronit (гл. жабанець), žgamrat ’жабраваць’ і г. д. Як і Міклашыч (406), Голуб-Копечны (443), Махэк₂ (724) не даюць, уласна кажучы, этымалогіі, на ням. паходжанне не ўказваюць, што можна расцэньваць як прызнанне слав. паходжання. Тады ці не трэба параўнаць з бел. кубрак ’чалавек, які просіць на царкву’ (Нас.), кубрыць ’кпіць’ (Нас.), укр. дыял. кубрак ’бедны чалавек’ (Жэлях.), кубрячити ’п’янстваваць’, рус. наўг. кубра ’свавольнік’. Параўн., аднак, польск. kubrak ’куртка’, якое тлумачаць, хаця і мала верагодна, у сувязі з укр. кубрак ’бядняк’ з цюрк. kubur ’адзенне’ (SWO, 405) або як запазычанне з лац. ці ням. (Слаўскі, 3, 299). Калі ўлічыць магчымую сувязь з жабанець (гл.) і формамі тыпу škomořiti/žemořiti, ці не трэба да гэтай групы аднесці і скамарох?

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Плот 1, плу͡от, плут, пліт, плыт, плет ’агароджа вакол чаго-н.’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), ’паркан’ (Нас.; ТСБМ; Варл.), ’агароджа з жэрдак, пераплеценых галлём’ (Яруш., Сцяшк. МГ, Гарэц., Шпіл., Бес., Шушк., Выг., П. С.; Зн., дыс.; ДАБМ, к. 246; Шат., Касп., Сл. ПЗБ, ТС, Бяльк., Сл. Брэс.; івац., Жыв. НС); ’пляцень, агароджа з тонкіх кійкоў, пераплеценых лазой’ (Чуд.; Клім.; ЛА, 4), ’частакол’ (ЛА, 4); ’плот з жэрдак’ (усюды, апрача ўсх.-маг. і ўсх.-гом., ЛА, 4); плот ’застаўкі ад снежных заносаў на дарозе’ (Сцяшк. МГ), ’дубцы, галлё з якіх плятуць агароджу, кашы’ (Сцяшк. Сл., Сцяшк. МГ). Укр. пліт, рус. зах., паўд. плот, польск. płot, н.-луж. płot, в.-луж. płót, чэш., славац. plot, славен. plọ̑t, серб.-харв. пло̑т, макед. плот, балг. плет, ст.-слав. плотъ. Прасл. *plotъ ці *ploktъ (Трубачоў, Ремесл. терм., 163) — гэта іменнае вытворнае з о‑вакалізмам ад дзеяслоўнай асновы *plesti > пле́сці (гл.) < і.-е. *plektō з пашыральным суф. ‑t‑ пры больш старажытным *plekō, параўн. ст.-грэч. πλέκω ’плягу’. Мяркуецца, што *plesti першапачаткова адносіўся да пляцення з гнуткіх, тонкіх атожылкаў і галінак дрэваў. Аналагічнае паходжанне ням. Wand ’сцяна’ < winden ’плесці’ (Мерынгер, IF, 1904–1905, 17, 139 і наст.) ці манг. хэрэм ’сцяна’ < хэрэх ’звязваць, сплятаць’ (Аткупшчыкоў, Из истории, 233). Сюды ж в.-дзв. плутуваць ’пераплятаць плот лазой’ (Сл. ПЗБ).

Плот 2, плыт, плытюх, плытюга́ ’хлус, балбатун, пляткар’ (Клім.; пін., Сл. Брэс., Нар. лекс.; івац., Жыв. НС). Да пле́сці (гл.). Паводле Банькоўскага (2, 607), пераход ’плесці’ > ’выдумляць, хлусіць’ — польская спецыфіка. Аднак параўн. рус. арх. плоти́ть ’хлусіць, вярзці лухту’ і фразеалагізм плести плетень ’гаварыць бязглуздзіцу’.

Плот 3 ’плыт’ (Сцяшк. Сл.; ваўк., Сцяшк. МГ; вільн., астрав., Сл. ПЗБ). Да плыт 1 (гл.). Сюды ж плот ’спосаб укладкі лёну і канапель для вымочвання’ (калінк., мазыр., Уладз.).

Плот 4 ’кнот, зроблены з напаўспаленых акрайкаў палатна’ (Мік.). Відаць, да пле́сці (гл.), г. зн. ’сплецены з акрайкаў палатна’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СЛАВЯНАЗНА́ЎСТВА,

комплексная навук. дысцыпліна, якая вывучае паходжанне, гісторыю, культуру і мовы слав. народаў як састаўных частак наднацыянальнай слав. этнакульт. супольнасці. Узнікла ў 2-й пал. 18 ст. паралельна з фарміраваннем нац. гістарыяграфіі і філалогіі ў асобных слав. краінах; адначасова ўзнік і тэрмін «С.», або «славістыка». Як вучэнне і навука С. аформілася ў Чэхіі і Славакіі, дзе ля яго вытокаў стаялі І.​Добраўскі, І.​Юнгман (1773—1847), Я.​Колар, Ф.​Чэлакаўскі (1799—1852), Ф.​Палацкі, П.​І.​Шафарык, твор якога «Славянскія старажытнасці» стаў асновай развіцця С. ў інш. слав. краінах. У Балгарыі С. звязана з імем Паісія Хілендарскага (1722—98), у Сербіі — І.​Раіча і В.​Караджыча, у Славеніі — В.​Копітара У польскай і бел. гістарыяграфіі значны ўклад у развіццё С. зрабілі Я.​Патоцкі, С.​Б.​Ліндэ, В.​Суравецкі (1769—1827), З.​Даленга-Хадакоўскі, А.​Міцкевіч, І.​Лялевель, В.​А.​Мацяёўскі (4 апошнія вызначылі месца Беларусі ў слав. свеце). Станаўленню С. ў Расіі спрыяла дзейнасць М.​В.​Ламаносава, В.​М.​Тацішчава, М.​М.​Карамзіна, А.​Х.​Вастокава, Ю.​І.​Вянеліна (1802—39) і інш. У 1-й пал. 19 ст. ўзніклі першыя кафедры С. ва ун-тах Зах. Еўропы — у Парыжы, Вене, Лейпцыгу, Берліне і інш. Вял. значэнне для развіцця С. на Захадзе мела дзейнасць І.​Г.​Гердэра, які разглядаў славянства, па аналогіі з герм. светам, як адзіную паліт. раздробленую вял. нацыю. У 2-й пал. 19 ст. склалася ў агульнапрызнаную навук. дысцыпліну. Цэнтр развіцця С. з гэтага часу перамясціўся ў Расію, дзе яго развіццю спрыялі працы М.​П.​Пагодзіна, В.​М.​Бадзянскага, І.​А.​Сразнеўскага, В.​І.​Грыгаровіча, Ф.​А.​Буслаева, А.​А.​Патабні, М.​Н.​Спяранскага, А.​А.​Шахматава, А.​А.​Сабалеўскага, М.​К.​Любаўскага і інш. Побач з развіццём інтэгральнай агульнаслав. праблематыкі ішоў працэс дыферэнцыяцыі навук. кірункаў, праблема суадносін якіх з цэласнай сістэмай С. выклікала палеміку і застаецца дыскусійнай да нашага часу. Некат. гісторыкі трактуюць С. толькі як сукупнасць гуманіт. навук пра асобныя слав. краіны, адмаўляюць існаванне агульнаслав. этнакульт. супольнасці. У сав. перыяд праблемы С. даследавалі Б.​Дз.​Грэкаў, М.​П.​Грацыянскі, М.​С.​Грушэўскі, М.​С.​Дзяржавін, М.​М.​Ціхаміраў, Б.​А.​Рыбакоў, П.М.​Л.​Траццякоў, Ю.​У.​Брамлей, У.​Д.​Каралюк, В.​В.​Сядоў і інш. Цэнтрам даследаванняў па С. ў Расіі з’яўляецца Ін-т С. і балканістыкі Рас. АН у Маскве. З 1965 выдаецца час. «Славяноведение» (да 1992 «Советское славяноведение»). Праблемы С. даследавалі З.​Неедлы (Чэхаславакія), У.​Геаргіеў (Балгарыя), І.​Лер-Сплавінскі, Г.​Лаўмянскі, І.​Чалакоўскі (Польшча); у Зах. Еўропе і ЗША — Г.​Шцёкль, М.​Фларынскі, Г.​У.​Вярнадскі, Р.​Якабсон, Э.​Фром і інш.

На Беларусі ў 2-й пал. 19 ст. тэматыка С. суправаджала развіццё нац. гуманіт. навук, а заходнярус. школа, ідэйна блізкая да рус. славянафільства, разглядала гісторыю і культуру Беларусі ў агульнарас. і агульнаслав. кантэксце. Працы І.​І.​Грыгаровіча, М.​В.​Каяловіча, І.​І.​Насовіча, П.​М.​Жуковіча, А.​П.​Салунова, М.​В.​Доўнар-Запольскага, Я.​Ф.​Карскага, Е.​Р.​Раманава, П.​А.​Бяссонава і інш. заклалі асновы бел. С. Станаўленне нац. бел. дзяржаўнасці, заснаванне тут універсітэта і Акадэміі навук, а потым і разгалінаванай сістэмы навук. і навуч. устаноў узнялі бел. С. на агульнаеўрап. ўзровень. На Беларусі працавалі вучоныя-славяназнаўцы У.​А.​Пічэта, У.​М.​Перцаў, А.​П.​П’янкоў, І.​В.​Воўк-Левановіч, А.​М.​Ляўданскі і інш.

У наш час праблемы С. даследуюцца ў БДУ (кафедры тэарэт. і слав. мовазнаўства, замежнай л-ры, слав. л-р, гісторыі паўд. і зах. славян, гісторыі Расіі, гісторыі міжнар. адносін і інш.), Ін-це мовазнаўства Нац. АН Беларусі (аддзел слав. і тэарэт. мовазнаўства), Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі, Гродзенскім ун-це. Сярод прац кафедры тэарэт. і слав. мовазнаўства БДУ: «Славянскія лічэбнікі» (1969), «Лексічная тыпалогія славянскіх моў» (1983), «Палабская мова» (1987), «Эвалюцыя сістэмы часцін мовы ў славянскіх мовах» (1988), «Стараславянская мова» (1991) і «Праславянская мова» (1993) А.​Я.​Супруна, «Фальклорныя элементы ў фразеалогіі сучасных славянскіх моў» К.​М.​Гюлумянц (1978), «Балгарская мова» Б.​Ю.​Нормана (1980), «Чэшская мова» Н.​В.​Івашынай і Б.​А.​Плотнікава (1985), «Раннія ўсходнеславянскія граматыкі» (1984) і «Славенская мова» (1991) Н.​Б.​Мячкоўскай, «Сербскахарвацкая мова» Л.​В.​Лявонавай (1988), «Польская мова» А.​К.​Кіклевіча, А.​А.​Кожынавай і І.​У.​Кур’ян (2000), сумесны зборнік славістаў БДУ і ун-та ў г. Бохум (Германія) «Славяна-германскія моўныя паралелі» (1996), а таксама даследаванні У.​Б.​Жураўля, А.​В.​Зінкевіча, А.​М.​Калюты, А.​М.​Рудэнкі і інш. Славістычны кірунак у літ.-знаўстве прадстаўлены ў БДУ працамі І.​В.​Шаблоўскай (праблемы кампаратыўнага вывучэння слав. л-р у манаграфіі «Самай высокай мерай», 1984), І.​А.​Чароты і М.​В.​Труса («Югаславянскія літаратуры і культуры», 1999). У Ін-це мовазнаўства Нац. АН Беларусі найб. значныя працы ў галіне С.: «Славяна-германскае лексічнае ўзаемадзеянне пазнейшай пары» В.​У.​Мартынава (1963), «Сінтаксіс займеннікавых клітык у паўднёваславянскіх мовах», «Энкліза і пракліза ў структуры славянскага сказа» (абедзве 1968), «Тыпалагічныя праблемы балканаславянскага моўнага арэала» (1981), «Арэальная тыпалогія славянскіх моў: Прынцыпы і напрамкі даследавання» (1988) і «Арэальныя аспекты фарміравання славянскіх літаратурных норм» (1993) Г.​А.​Цыхуна і інш. У галіне С. працавалі і працуюць: М.​П.​Антропаў, Г.​Ф.​Вештарт, Л.​Ц.​Выгонная, В.​Л.​Вярэніч, Р.​У.​Краўчук, І.​І.​Лучыц-Федарэц, Мартынаў, А.​Я.​Міхневіч, А.​С.​Сакалоўская, Цыхун, В.​М.​Чэкман і інш. У Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі вядуцца даследаванні па матэрыяльнай і духоўнай культуры бел. і інш. слав. народаў. Найб. значныя працы: «Беларуская народная паэзія веснавога цыкла і славянская фальклорная традыцыя» Г.​А.​Барташэвіч (1985), «Беларуская казка ў казачным эпасе славян» (1968), «Беларуска-рускія фальклорныя сувязі», «Узаемадзеянне ўсходнеславянскіх фальклорных традыцый на сучасным этапе» (абедзве 1988) К.​П.​Кабашнікава, творы Л.​М.​Салавей і інш. Значным укладам у С. з’явіліся працы М.​Г.​Булахава «Развіццё беларускай літаратурнай мовы ў XIX—XX стст. ва ўзаемаадносінах з іншымі славянскімі мовамі» (1958), «Усходнеславянскія моваведы» (т. 1—3, 1976—78). У Гродзенскім ун-це дзейнічае кафедра польскай філалогіі (стваральніца С.​П.​Мусіенка). Праблемы гіст. С. на Беларусі даследуюць І.​В.​Аржахоўскі, Н.​А.​Гусакова, Э.​М.​Загарульскі, Р.​Р.​Лазько, Л.​В.​Лойка, Д.​Б.​Мельцэр, Л.​Л.​Міхайлоўская, С.​В.​Пазняк, А.​П.​Салькоў, Л.​П.​Сушкевіч, Н.​А.​Царук, В.​М.​Чарапіца, М.​Э.​Часноўскі, А.​А.​Яноўскі і інш. Каардынацыйны цэнтр С. на Беларусі — Славістаў беларускі камітэт, які ўваходзіць у Славістаў міжнародны камітэт. У 1976 ЮНЕСКА стварыла Міжнар. асацыяцыю па вывучэнні і распаўсюджванні слав. культур, у рамках якой працуе яе бел. нац. к-т. У 1982 у Мінску праведзена міжнар. навук. канферэнцыя «Славянскія культуры і сусветны культурны працэс».

Літ.:

Советское славяноведение. М., 1963;

Очерки истории исторической науки в СССР. Т. 1—5. М., 1955—85;

Славяноведение в дореволюционной России: Биобиблиогр. словарь. М., 1979;

Супрун А.Е. Введение в славянскую филологию. 2 изд. Мн., 1989;

Позняк С.В., Яновский О.А. Преподавание истории славянских стран в Белорусском государственном университете (1921—1997 гг.) // Вісн. Київськ. ун-та. Історія. 1998. Вип. 37.

А.​В.​Зінкевіч, Я.​І.​Трашчанок.

т. 14, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЛАСО́ФІЯ (грэч. philosophia любоў да мудрасці),

асаблівая форма пазнання свету, якая выпрацоўвае сістэму ведаў пра фундаментальныя прынцыпы і асновы быцця, сутнасць чалавека і яго адносіны да прыроды, грамадства і духоўнага жыцця ва ўсіх яго асн. праяўленнях. Дазваляе стварыць гранічна абагульненую карціну рэчаіснасці, ролі і месца ў ёй чалавека з яго разнастайнымі патрэбнасцямі, інтарэсамі, ідэаламі, каштоўнаснымі арыентацыямі. Адрозненні ў філас. канцэпцыях, што складваюцца ў залежнасці ад інтарэсаў індывідаў і сац. груп, пераважна звязаны з суадносінамі чалавека і навакольнага свету, суб’екта і аб’екта, свядомасці і быцця. У сувязі з гэтым узніклі розныя варыянты матэрыялізму і ідэалізму, а таксама такія процілеглыя падыходы да рэчаіснасці як дыялектыка і метафізіка, рацыяналізм і эмпірызм, натуралізм і спірытуалізм, дэтэрмінізм і індэтэрмінізм. Сярод асн. функцый Ф. вылучаюць светапоглядную, гнасеалагічную і метадалагічную, г.зн. Ф. выступае ў ролі сістэмы агульных уяўленняў чалавека пра свет і сваё месца ў ім (светапогляд), тэорыі пазнання (гнасеалогія), вучэння пра метады (метадалогія). Унутры Ф. традыцыйна адрозніваюць адносна самаст. галіны філас. ведаў: анталогію, гнасеалогію, логіку і дыялектыку. Да філас.-светапоглядных дысцыплін адносяць этыку, эстэтыку, аксіялогію, філасофію гісторыі, філасофію культуры, гісторыю філасофіі, філасофію сацыяльную, філасофію палітыкі, Ф. права, Ф. навукі, Ф. рэлігіі і інш.

Першыя філас.-рэліг. вучэнні ўзніклі ў Індыі (веданта, джайнізм, будызм і інш.), Кітаі (канфуцыянства, маізм, легізм, даасізм) і Стараж. Грэцыі (7—6 ст. да н.э.). Ф. прыйшла на змену поглядам, для якіх быў характэрны антрапамарфізм. Ант. дыялектыка стала гістарычна першай формай дыялектыкі (Геракліт). Стройную сістэму навук.-філас. ведаў стварылі Дэмакрыт, Сакрат, Эпікур, Платон, Арыстоцель. У рэчышчы перыпатэтызму (гл. Перыпатэтычная школа) развівалі свае вучэнні прадстаўнікі сярэдневяковай араб. філасофіі Кіндзі, Фарабі, Ібн Сіна, Ібн Рушд. Ф. еўрап. сярэдневякоўя развівалася пераважна ў рэчышчы хрысц. культуры (патрыстыка, схаластыка, Фама Аквінскі, І.Дунс Скот, У.Окам). У эпоху Адраджэння адбыўся сінтэз хрысц. Ф. з ант. філас. традыцыяй (Г.​Галілей, Мікалай Кузанскі, Дж.​Бруна, М. дэ Мантэнь). Разнастайнасцю светапоглядных пазіцый і кірункаў адзначана Ф. новага часу і Асветніцтва (Ф.​Бэкан, Т.​Гобс, Р.​Дэкарт, Б.​Спіноза, Дж.​Лок, Дж.​Берклі, Д.​Юм, Г.​Лейбніц). Метады рацыянальнага пазнання як фактара разумнай арганізацыі грамадства паклалі ў аснову сваёй Ф. прадстаўнікі класічнай нямецкай філасофіі (І.​Кант, І.​Г.​Фіхтэ, Ф.​В.​Шэлінг, Г.​Гегель). Ідэалізм Гегеля і рэлігію крытыкаваў Л.​Феербах, Ф. якога паўплывала на фарміраванне філас. поглядаў К.​Маркса і Ф.​Энгельса (гл. Марксізм). У Расіі ў 18—пач. 20 ст. развіваліся матэрыяліст. Ф. рэвалюцыйных дэмакратаў, філас. канцэпцыі славянафілаў і заходнікаў, рэліг.-этычныя і гістарыясофскія погляды Ф.​М.​Дастаеўскага і Л.​М.​Талстога. Гэтая тэндэнцыя сінтэзавала Ф. ўсеадзінства У.​С.​Салаўёва, з якой бяруць пачатак вучэнні вядучых прадстаўнікоў рус. рэліг. Ф. (С.​М.​Булгакаў, С.​Л.​Франк, М.​А.​Лоскі, Л.​П.​Карсавін, П.​А.​Фларэнскі, М.​А.​Бярдзяеў, В.​В.​Розанаў). Ідэя ўнутр. адзінства чалавека і космасу пакладзена ў аснову Ф. рус. касмізму (М.​Ф.​Фёдараў, У.​І.​Вярнадскі, К.​Э.​Цыялкоўскі). У Зах. Еўропе ў 1-й пал. 19 ст. пачаўся пераход ад класічных форм Ф. да некласічных (вульгарны матэрыялізм, пазітывізм, неакантыянства, прагматызм, філасофія жыцця, махізм). На ідэаліст. Ф. 20 ст. паўплывалі фенаменалогія, філасофская антрапалогія. Важную ролю ў развіцці сучаснай фармальнай логікі і семіётыкі адыгралі прадстаўнікі неапазітывізму. Уплывовымі кірункамі філас. думкі сталі персаналізм, экзістэнцыялізм, неатамізм, філас. герменеўтыка (Г.​Г.​Гадамер, П.​Рыкёр), структуралізм, крытычны рацыяналізм.

На Беларусі Ф. ўзнікла ў 10—11 ст. пасля прыняцця хрысціянства ў бел. княствах, якія ўваходзілі ў склад Кіеўскай Русі, і ўсталявання культ. сувязей з Візантыяй і зах.-еўрап. краінамі. Хрысц. разуменне свету і высокіх духоўна-маральных каштоўнасцей чалавека знайшло ўвасабленне ў творчасці Ефрасінні Полацкай і Кірылы Тураўскага. Філас. накіраванасцю і гуманізмам пазначаны творы Ф.​Скарыны, які лічыў, што ў Бібліі выкладзена не толькі боская мудрасць, але і арыстоцелева Ф., і таму мудрэц павінен быць прасякнуты «духам святым і філасофіяй». С.​Будны прапаведаваў канцэпцыю антытрынітарызму (гл. Антытрынітарыі), якая вяла да дэізму, вучэнне пра натуральнае паходжанне Хрыста; ён адмаўляў бессмяротнасць душы і лічыў, што ў аснове паводзін чалавека павінны ляжаць разумныя маральныя прынцыпы, а не страх пакарання або надзея на ўзнагароду ў замагільным царстве. Матэрыяліст. і ідэаліст. ідэі, вучэнне пра аўтаномны характар маральнай свядомасці і паводзін чалавека прапанавалі «эпікурэйцы» К.​Бекеш і С.​Лован. Элементы натуральнага погляду на гісторыю меліся ў сац.-філас. поглядах А.​Волана, які лічыў, што прычынай узвышэння або ўпадку грамадства з’яўляюцца людзі, іх норавы, сац. інтарэсы і матывы, а не Бог. З пазіцый рацыяналістычнага пазнання навакольнага свету і заканамернага натуральнага развіцця прыроды выступаў К.​Лышчынскі. З канца 18 ст. развівалася пераважна схаластычная Ф., заснаваная на тэалагічнай інтэрпрэтацыі вучэння Арыстоцеля (М.​Сарбеўскі, С.​Лаўксмін і інш.). У 2-й пал. 18 ст. ўзмацніўся ўплыў ідэалогіі і Ф. новага часу, распаўсюдзіліся эклектычная Ф. (А.​Скарульскі, Б.​Дабшэвіч, С.​Шадурскі і інш.), вучэнне фізіякратаў, якія лічылі, што адыход чалавецтва ад разумення законаў прыроды непазбежна выкліча няшчасці, бедствы і беспарадкі. У 19 ст. развіваліся тэндэнцыі прыродазнаўчага матэрыялізму, радыкальныя сац.-утапічныя ідэі, звязаныя з пошукам шляхоў сац. і нац. вызвалення (К.​Каліноўскі, Ф.​Багушэвіч, А.​Гурыновіч, Я.​Лучына, Я.​Купала, Я.​Колас, Цётка, А.​Луцкевіч і інш.). На мяжы 19—20 ст. на Беларусі распаўсюдзіліся ідэі марксізму, а пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 з’явіліся філас. працы, у якіх распрацоўваліся праблемы пазнання, быцця, нац. свядомасці, гісторыі Ф. (І.​Канчэўскі, У.​Самойла, Б.​Э.​Быхоўскі, С.​Я.​Вальфсон, У.​І.​Пічэта, А.​Цвікевіч і інш.). У 1931 у Мінску створаны Інстытут філасофіі АН БССР (гл. Інстытут філасофіі і права Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі). З 1950-х г. пачаліся сістэматычныя даследаванні па гісторыі філас. і грамадска-паліт. думкі Беларусі. 1960—80-я г. адзначаны сур’ёзнымі распрацоўкамі ў галіне матэрыяліст. дыялектыкі, метадалогіі навук. пазнання, сац. філасофіі, філас. пытанняў прыродазнаўства, духоўнай сферы і выхавання. З 1990-х г. на Беларусі праводзяцца комплексныя даследаванні па праблемах логікі і метадалогіі навук. пазнання (А.​І.​Зелянкоў, У.​К.​Дукашэвіч, Дз.​І.​Шыраканаў, Я.​С.​Яскевіч), сац. Ф. (Я.​М.​Бабосаў, В.​І.​Боўш, А.​М.​Елсукоў, Ю.​А.​Харын), гісторыі Ф. (Э.​К.​Дарашэвіч, У.​М.​Конан, А.​С.​Майхровіч, С.​А.​Падокшын, В.​Ф.​Шалькевіч і інш.).

Тэндэнцыі развіцця сучаснай Ф. звязаны з пошукам новых падыходаў, светапоглядных арыентацый і праграм у розных сферах жыццядзейнасці людзей, з асэнсаваннем такіх праблем, як глабальны экалагічны крызіс, лёс сучаснай цывілізацыі і спосабы прадухілення рэальных пагроз яе існаванню, дынаміка і перспектыва сусв. культ. працэсу, гуманізацыя грамадскіх адносін, шляхі ўмацавання дэмакр. ін-таў і механізмаў функцыянавання грамадз. супольнасці, гранічнае пашырэнне магчымасцей чалавека ў яго ўзаемадзеянні з навакольным светам і інш.

Літ.:

Идеи гуманизма в общественно-политической и философской мысли Белоруссии (дооктябрьский период). Мн., 1977;

Развитие марксистско-ленинской философии в БССР (20—70-е гг.). Мн., 1984;

Лукьянов А.Е. Становление философии на Востоке (Древний Китай и Индия). М., 1989;

Майхрович А.С. Поиск истинного бытия и человека: Из истории философии и культуры Беларуси. Мн., 1992;

Рассел Б. История западной философии...: Пер. с англ. 3 изд. М., 2000;

Абдеев Р.Ф. Философия информационной цивилизации. М., 1994;

Юлина Н.С. Очерки по философии в США: XX век. М., 1999;

Асветнікі зямлі Беларускай, X — пач. XX ст.: Энцыкл. давед. Мн., 2001;

Шаповалов В.Ф. Основы философии: От классики к современности. 2 изд. М., 2000;

Новая философская энциклопедия. Т. 1—4. М., 2000—01.

С.​Ф.​Дубянецкі, В.​Дз.​Марозаў.

т. 16, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)