СЛАВЯНАЗНА́ЎСТВА,
комплексная навук. дысцыпліна, якая вывучае паходжанне, гісторыю, культуру і мовы слав. народаў як састаўных частак наднацыянальнай слав. этнакульт. супольнасці. Узнікла ў 2-й пал. 18 ст. паралельна з фарміраваннем нац. гістарыяграфіі і філалогіі ў асобных слав. краінах; адначасова ўзнік і тэрмін «С.», або «славістыка». Як вучэнне і навука С. аформілася ў Чэхіі і Славакіі, дзе ля яго вытокаў стаялі І.Добраўскі, І.Юнгман (1773—1847), Я.Колар, Ф.Чэлакаўскі (1799—1852), Ф.Палацкі, П.І.Шафарык, твор якога «Славянскія старажытнасці» стаў асновай развіцця С. ў інш. слав. краінах. У Балгарыі С. звязана з імем Паісія Хілендарскага (1722—98), у Сербіі — І.Раіча і В.Караджыча, у Славеніі — В.Копітара У польскай і бел. гістарыяграфіі значны ўклад у развіццё С. зрабілі Я.Патоцкі, С.Б.Ліндэ, В.Суравецкі (1769—1827), З.Даленга-Хадакоўскі, А.Міцкевіч, І.Лялевель, В.А.Мацяёўскі (4 апошнія вызначылі месца Беларусі ў слав. свеце). Станаўленню С. ў Расіі спрыяла дзейнасць М.В.Ламаносава, В.М.Тацішчава, М.М.Карамзіна, А.Х.Вастокава, Ю.І.Вянеліна (1802—39) і інш. У 1-й пал. 19 ст. ўзніклі першыя кафедры С. ва ун-тах Зах. Еўропы — у Парыжы, Вене, Лейпцыгу, Берліне і інш. Вял. значэнне для развіцця С. на Захадзе мела дзейнасць І.Г.Гердэра, які разглядаў славянства, па аналогіі з герм. светам, як адзіную паліт. раздробленую вял. нацыю. У 2-й пал. 19 ст. склалася ў агульнапрызнаную навук. дысцыпліну. Цэнтр развіцця С. з гэтага часу перамясціўся ў Расію, дзе яго развіццю спрыялі працы М.П.Пагодзіна, В.М.Бадзянскага, І.А.Сразнеўскага, В.І.Грыгаровіча, Ф.А.Буслаева, А.А.Патабні, М.Н.Спяранскага, А.А.Шахматава, А.А.Сабалеўскага, М.К.Любаўскага і інш. Побач з развіццём інтэгральнай агульнаслав. праблематыкі ішоў працэс дыферэнцыяцыі навук. кірункаў, праблема суадносін якіх з цэласнай сістэмай С. выклікала палеміку і застаецца дыскусійнай да нашага часу. Некат. гісторыкі трактуюць С. толькі як сукупнасць гуманіт. навук пра асобныя слав. краіны, адмаўляюць існаванне агульнаслав. этнакульт. супольнасці. У сав. перыяд праблемы С. даследавалі Б.Дз.Грэкаў, М.П.Грацыянскі, М.С.Грушэўскі, М.С.Дзяржавін, М.М.Ціхаміраў, Б.А.Рыбакоў, П.М.Л.Траццякоў, Ю.У.Брамлей, У.Д.Каралюк, В.В.Сядоў і інш. Цэнтрам даследаванняў па С. ў Расіі з’яўляецца Ін-т С. і балканістыкі Рас. АН у Маскве. З 1965 выдаецца час. «Славяноведение» (да 1992 «Советское славяноведение»). Праблемы С. даследавалі З.Неедлы (Чэхаславакія), У.Геаргіеў (Балгарыя), І.Лер-Сплавінскі, Г.Лаўмянскі, І.Чалакоўскі (Польшча); у Зах. Еўропе і ЗША — Г.Шцёкль, М.Фларынскі, Г.У.Вярнадскі, Р.Якабсон, Э.Фром і інш.
На Беларусі ў 2-й пал. 19 ст. тэматыка С. суправаджала развіццё нац. гуманіт. навук, а заходнярус. школа, ідэйна блізкая да рус. славянафільства, разглядала гісторыю і культуру Беларусі ў агульнарас. і агульнаслав. кантэксце. Працы І.І.Грыгаровіча, М.В.Каяловіча, І.І.Насовіча, П.М.Жуковіча, А.П.Салунова, М.В.Доўнар-Запольскага, Я.Ф.Карскага, Е.Р.Раманава, П.А.Бяссонава і інш. заклалі асновы бел. С. Станаўленне нац. бел. дзяржаўнасці, заснаванне тут універсітэта і Акадэміі навук, а потым і разгалінаванай сістэмы навук. і навуч. устаноў узнялі бел. С. на агульнаеўрап. ўзровень. На Беларусі працавалі вучоныя-славяназнаўцы У.А.Пічэта, У.М.Перцаў, А.П.П’янкоў, І.В.Воўк-Левановіч, А.М.Ляўданскі і інш.
У наш час праблемы С. даследуюцца ў БДУ (кафедры тэарэт. і слав. мовазнаўства, замежнай л-ры, слав. л-р, гісторыі паўд. і зах. славян, гісторыі Расіі, гісторыі міжнар. адносін і інш.), Ін-це мовазнаўства Нац. АН Беларусі (аддзел слав. і тэарэт. мовазнаўства), Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі, Гродзенскім ун-це. Сярод прац кафедры тэарэт. і слав. мовазнаўства БДУ: «Славянскія лічэбнікі» (1969), «Лексічная тыпалогія славянскіх моў» (1983), «Палабская мова» (1987), «Эвалюцыя сістэмы часцін мовы ў славянскіх мовах» (1988), «Стараславянская мова» (1991) і «Праславянская мова» (1993) А.Я.Супруна, «Фальклорныя элементы ў фразеалогіі сучасных славянскіх моў» К.М.Гюлумянц (1978), «Балгарская мова» Б.Ю.Нормана (1980), «Чэшская мова» Н.В.Івашынай і Б.А.Плотнікава (1985), «Раннія ўсходнеславянскія граматыкі» (1984) і «Славенская мова» (1991) Н.Б.Мячкоўскай, «Сербскахарвацкая мова» Л.В.Лявонавай (1988), «Польская мова» А.К.Кіклевіча, А.А.Кожынавай і І.У.Кур’ян (2000), сумесны зборнік славістаў БДУ і ун-та ў г. Бохум (Германія) «Славяна-германскія моўныя паралелі» (1996), а таксама даследаванні У.Б.Жураўля, А.В.Зінкевіча, А.М.Калюты, А.М.Рудэнкі і інш. Славістычны кірунак у літ.-знаўстве прадстаўлены ў БДУ працамі І.В.Шаблоўскай (праблемы кампаратыўнага вывучэння слав. л-р у манаграфіі «Самай высокай мерай», 1984), І.А.Чароты і М.В.Труса («Югаславянскія літаратуры і культуры», 1999). У Ін-це мовазнаўства Нац. АН Беларусі найб. значныя працы ў галіне С.: «Славяна-германскае лексічнае ўзаемадзеянне пазнейшай пары» В.У.Мартынава (1963), «Сінтаксіс займеннікавых клітык у паўднёваславянскіх мовах», «Энкліза і пракліза ў структуры славянскага сказа» (абедзве 1968), «Тыпалагічныя праблемы балканаславянскага моўнага арэала» (1981), «Арэальная тыпалогія славянскіх моў: Прынцыпы і напрамкі даследавання» (1988) і «Арэальныя аспекты фарміравання славянскіх літаратурных норм» (1993) Г.А.Цыхуна і інш. У галіне С. працавалі і працуюць: М.П.Антропаў, Г.Ф.Вештарт, Л.Ц.Выгонная, В.Л.Вярэніч, Р.У.Краўчук, І.І.Лучыц-Федарэц, Мартынаў, А.Я.Міхневіч, А.С.Сакалоўская, Цыхун, В.М.Чэкман і інш. У Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі вядуцца даследаванні па матэрыяльнай і духоўнай культуры бел. і інш. слав народаў. Найб. значныя працы: «Беларуская народная паэзія веснавога цыкла і славянская фальклорная традыцыя» Г.А.Барташэвіч (1985), «Беларуская казка ў казачным эпасе славян» (1968), «Беларуска-рускія фальклорныя сувязі», «Узаемадзеянне ўсходнеславянскіх фальклорных традыцый на сучасным этапе» (абедзве 1988) К.П.Кабашнікава, творы Л.М.Салавей і інш. Значным укладам у С. з’явіліся працы М.Г.Булахава «Развіццё беларускай літаратурнай мовы ў XIX—XX стст. ва ўзаемаадносінах з іншымі славянскімі мовамі» (1958), «Усходнеславянскія моваведы» (т. 1—3, 1976—78). У Гродзенскім ун-це дзейнічае кафедра польскай філалогіі (стваральніца С.П.Мусіенка). Праблемы гіст. С. на Беларусі даследуюць І.В.Аржахоўскі, Н.А.Гусакова, Э.М.Загарульскі, Р.Р.Лазько, Л.В.Лойка, Д.Б.Мельцэр, Л.Л.Міхайлоўская, С.В.Пазняк, А.П.Салькоў, Л.П.Сушкевіч, Н.А.Царук, В.М.Чарапіца, М.Э.Часноўскі, А.А.Яноўскі і інш. Каардынацыйны цэнтр С. на Беларусі — Славістаў беларускі камітэт, які ўваходзіць у Славістаў міжнародны камітэт. У 1976 ЮНЕСКА стварыла Міжнар. асацыяцыю па вывучэнні і распаўсюджванні слав. культур, у рамках якой працуе яе бел. нац. к-т. У 1982 у Мінску праведзена міжнар. навук. канферэнцыя «Славянскія культуры і сусветны культурны працэс».
Літ.:
Советское славяноведение. М., 1963;
Очерки истории исторической науки в СССР. Т. 1—5. М., 1955—85;
Славяноведение в дореволюционной России: Биобиблиогр. словарь. М., 1979;
Супрун А.Е. Введение в славянскую филологию. 2 изд. Мн., 1989;
Позняк С.В., Яновский О.А. Преподавание истории славянских стран в Белорусском государственном университете (1921—1997 гг.) // Вісн. Київськ. ун-та. Історія. 1998. Вип. 37.
А.В.Зінкевіч, Я.І.Трашчанок.
т. 14, с. 501