Вургу́ль ’цвёрды нарост пад скурай’ (мсцісл., З нар. сл.). Відаць, не можа разглядацца асобна ад варгу́ль ’нарост на дрэве’ (палес., Цыхун, вусн. паведамлю; як і паралельнае да яго балг. радоп. вьргу́л’ ’камяк зямлі ці невялікі моцны камень’, варгу́лʼка ’тс’ з’яўляецца хутчэй за ўсё самастойным аддзеяслоўным утварэннем, параўн. бурду́ль ’пухір’ і бурдзе́ць ’закісаць’, незафіксаваны дзеяслоў павінен быў бы мець форму *вурга́ць (гл. вурганіць) ’кідаць, штурхаць’ з характэрнай для назоўнікаў з такім значэннем суфіксацыяй.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Натхне́нне ’рус. вдохновение’ (Нас., Гарэц., Бяльк., ТСБМ). Утворана ад натхнуць ’унушыць каму-небудзь спосаб свайго мыслення’ (Нас.), гл. тхаць, тхнуць ’дыхаць, веяць’; у сувязі з гэтым няма падстаў лічыць калькай з рус. вдохновение (параўн. Крукоўскі, Уплыў, 120), таксама як і натхняць — калькай з укр. надихувати ’тс’ (параўн. Баханькоў, Весці АН БССР, 1981, 1, 121). Параўн. паралельнае ўтварэнне ад натхаць ’унушаць свой спосаб мыслення, свае думкі’ — натханне ’ўнушэнне’ (Гарэц.), нытханне ’задуменне, задума’ (Бяльк.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
По́мнік ’помнік’ (ТСБМ). Польск. pomnik, чэш., славац. pomník ’тс’. Аддзеяслоўны назоўнік ад помніць (гл.), як цягнуць > цягнік (гл.). Хутчэй за ўсё, запазычана з польск. pomnik, што пашырыўся ў XIX ст. як калька з ням. Denkmal ’тс’, адсюль і чэш. pomník (Банькоўскі, 2, 694, насуперак Орлась, JP, 76, 4–5, 299–302), што, магчыма, паўплывала і на ўтварэнне рус. памятник ’тс’ (Кохман, Sprawozd. Opol. TPN, wydz. 2 В, 24, 25–27), параўн. паралельнае ужыванне ў Міцкевіча pomnik, pamiętnik, monument ’тс’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Імша́ра ’мохавае балота’ (ТСБМ, Касп.), ’зараснік’ (Яруш.), імша́р (Др.-Падб.) ’месца, дзе расце толькі арэшнік’ (Жд. 2), імшары́на ’невялікі ўчастак мохавага балота сярод поля або лесу’, імша́рнік ’мохавае балота’ (парыц., Янк. Мат., 165). Рус. дыял. мша́ра, мша́рина, мша́рник, польск. mszar. Магчыма, запазычанне з польск. mszar ’мохавае балота’. Але можна дапусціць і паралельнае ўтварэнне беларускага і польскага слоў. Беларуская суфіксацыя ‑ына, ‑нік; прыстаўное і‑. Гіст. мовы (II, 137) разглядае як уласнабеларускае ўтварэнне пачатку XX ст. Гл. мох.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Нячы́віль ’напасць, нечаканая бяда’ (Нас.) ’напасць; стан раздражнення’ (міёр., Нар. сл.), не́чывіль ’нечаканасць’ (Касп.), у спалучэнні з нячы́вілі ’ад нечаканасці’ (Нас. Сб.), зьнячывілі ’у непрытомнасці, не памятаючы’ (Бяльк.), параўн. укр. нече́вля, нече́вʼя ’нішто; нікчэмнасць’, рус. нечи́вель ’непрытомнасць, беспамяцтва’. Паводле Мяркулавай (Этимология–77, 91), прасл. дыял. *nečevelь < *čevelь ’прытомнасць, памяць’, што ад *čьvati, čujǫ, паралельнае да čuti, čujǫ > гл. чуць; мяркуецца, што зыходны дзеяслоў захаваўся ў чо́віць ’рус. бдеть’ (< čevěti або *čeviti), гл. Не мае падстаў этымалогія Насовіча (< «не чья воля», гл. Нас. 338).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Насца́к ’выспятак’ (Ян.; браг., Нар. словатв.), ’выспятак, штуршок’ (Сцяшк.), параўн. носца, носцэм у выразах: даць носца (носцэм) ’даць выспятка’ (ТС). Як паказвае апошні прыклад, у аснове ўтварэння ляжыць незафіксаванае *носец ’насок’, паралельнае да сучаснага насик ’насок, пярэдняя частка ступні’: даць пасака ’даць выспятка’ (Мат. Маг.), насок ’пярэдняя частка абутку’: даць наском ’ударыць пальцамі нагі’ (Сл. ПЗБ), усё да нос (гл.). Разглядаемае слова ўтварылася суфіксальным шляхам на базе формы носца (род. скл. адз. л. ад *носец), успрынятай як прыслоўе тыпу басяки ’басяком’, драла ’бягом’ і пад.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Не́марач 1 ’слабасць’ (Касп.). Відаць, нельга аддзяляць ад гродз. на́марач ’дурман, одум’ (гл.), утворанага ад маро́чыць, маро́ка; не- можа мець узмацняльны характар, параўн. рус. неу́валень ’цяльпук’ паралельнае да у́валень ’тс’ (СРНГ), або з’явілася пад уплывам сіноніма не́мач.
Не́марач 2 ’бездань’ (Сцяшк. Сл.). Вытворнае ад мо́рак ’змрок’ (гл.), параўн. палеск. морочне ’нізкае, топкае балота’ (морочне болото, гл. Талстой, Геогр., 187: «Морочне болото следует, вероятно, этимологизировать как ’мрачное, темное болото’. Наименование болота по признаку цвета — довольно распространенное явление в славянской географической терминологии»), з іншай ступенню вакалізму немярэч, не́мярэча (гл.) з не-, якое мае ўзмацняльны характар.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Нячуйве́цер ’цмен пясчаны, Helichrysum arenarium (L.)’ (гродз., Кіс.), нічуйвецер ’старасцень вясенні, Senecio vernalis W. et K.’ (брэсц., Федар.), параўн. укр. нечуйвітер ’расліны Hieratium Filosella, Beilis perennis і інш.’ Магчыма, табуізаваная назва («жаб яе вецер не пачуў?»), што выклікана лекавымі ўласцівасцямі раслін, параўн. польск. powietrzne ziele (ад powietrze ’паветра; пошасць’), паралельнае да suchotne ziele ’гарлянка’. Аднак не выключана, што тут маюцца на ўвазе некаторыя фізічныя ўласцівасці раслін, параўн. чуй‑вецер ’цмен’ (валож., ТЗб. ”84), узвей‑вецер (взвѣй‑вѣцеръ) ’ветрагон’ (Нас.), сухавейка ’цмен’ (гродз. Кіс.) і пад. Гл. чуць, вецер; параўн. нічавей (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Асу́шак ’сухая скарынка’ (БРС), асу́шчык ’тс’ (Клім.), осух ’першы кусок хлеба, адрэзаны ад бохана’ (Шатал.), асу́х ’сухі кавалак хлеба’ (Лекс. Палесся). Укр. осу́шок ’тс’. Хаця беларускія гаворкі, як паказвае Вештарт, Лекс. Палесся, 121, ведаюць значэнне ’сухая скарынка’, іншаславянскія паралелі паказваюць, што гэта, магчыма, ’асобы рытуальны хлябец’. Так, у в.-луж. wosušk, польск. osuch, osuszek, дзе гэта спецыяльны гатунак хлеба на каляды’, блізкае значэнне і ў славац. osúcht, osúšok; магчыма, таму ёсць і спецыяльныя адценні значэння ў беларускай мове. Але можна дапусціць і паралельнае ўтварэнне беларускага і ўкраінскага слоў. Структура беларускага слова ўказана правільна ў Сцяц., Нар., 29: о‑ + сух + ‑ькъ > асушак. Гл. ашушак.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Кляпа́ць 1 ’вастрыць лязо касы ўдарамі малатка’ (ТСБМ, Мат. Гом., Сл. паўн.-зах., Грыг., Яруш., Выг.). Укр. клепати, рус. клепать ’тс’, балг. клепя, макед. клепа, серб.-харв. кљѐпати, славен. klépati ’тс’, польск. klępaćy чэш. klepati, славац. klepať, в.-луж. klepać ’тс’. Значэнне ’вастрыць лязо касы ўдарамі малатка’, зыходзячы з агульнага яго распаўсюджання, праславянскае і з’яўляецца праславянскай інавацыяй. Корань дзеяслова гукапераймальны.
Кляпа́ць 2 ’паклёпнічаць’ (Нас., Мат. Гом., Сцяшк.). Гэта значэнне яшчэ праславянскае, паралельнае з кляпаць 1 (гл.).
Кляпа́ць 3 ’ляпаць, удараць’ (Сл. паўн.-зах., ТС, Др.-Падб.), ’плёскаць, падаць на ваду’ (Нар. словатв.). Гукапераймальнае. Кантамінацыя з ляпаць.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)