Трэ́сні (тре́сні) ‘сорт клубніц, Fragaria viridis Duch.’ (Касп.). Няясна. У фармальным плане блізкае да рус. прыбалт. тре́сня ‘чарэшня’, тре́шня ‘прышчэпленая вішня’ (СРНГ), польск. trześnia ‘чарэшня’, што, паводле Брукнера (581), да лац. ceresea ‘тс’. Меркаванне пра запазычанне з літ. trẽšnė ‘тс’ (Лаўчутэ, Балтизмы, 133) адхіляецца Анікіным (Опыт, 289). У якасці гіпотэзы прапануецца калька з літ. trẽškė ‘клубніцы’, якое з trẽškėti ‘трэскацца, лопацца’ (пладаножкі ягад трашчаць, калі ягаду зрываюць), паралельнае да серб. пуцавица, пу̏це ‘ягадка’ < пу̏цати ‘лопацца, трэскацца’, славен. truska, truskalica ‘клубніцы, суніцы’ < truskati ‘трэскаць, грукаць’, ням. Knackbeere ‘суніцы’ < knack ‘трэск, хруст’ + beere ‘ягада’ (гл. Махэк, Jména, 105; Бязлай, 4, 233). Тады да трэснуць, гл. У аснове збліжэння назваў клубніц і чарэшні, відаць, адна і тая ж матывацыя.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)