Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАЛЕ́ЛЬНАЕ ЗЛУЧЭ́ННЕ спосаб злучэння дзвюх ці болей крыніц або прыёмнікаў эл. энергіі, пры якім на ўсе разгалінаванні эл. ланцуга падаецца адно і тое ж напружанне.
Пры П.з. агульны ток раўняецца суме токаў усіх разгалінаванняў (алгебраічнай пры пастаянным току, вектарнай пры пераменным). Агульная праводнасць G эл. ланцуга з актыўнымі супраціўленнямі R1, ..., Rn роўна
, дзе R — агульнае супраціўленне ланцуга. Агульная ёмістасць эл. ланцуга пры П.з. кандэнсатараў: C = C1 + ... + Cn, дзе C1 ..., Cn — ёмістасці асобных разгалінаванняў. Пры П.з. індуктыўнасцей L1 ..., Ln агульная індуктыўнасць L ланцуга вызначаецца формулай:
. П.з. шырока выкарыстоўваецца для сілкавання вял. колькасці прыёмнікаў эл. энергіі (эл. лямпаў, награвальных прылад, эл. рухавікоў і інш.). Уключэнне ці выключэнне асобных крыніц або прыёмнікаў эл. энергіі пры П.з. не парушае работы ўсёй сістэмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫЛКАВА́ННЕ,
1) сістэма размяшчэння праводзячых сасудзіста-валакністых пучкоў (жылак) у лісцевых пласцінках і інш. органах вышэйшых раслін (акрамя імхоў); важная сістэматычная прыкмета. Бывае паралельнае (злакі, асокі), дыхатамічнае (гінкга, некат. папараці), дугавое (ландыш, купена, трыпутнік), сеткаватае (клён, яблыня, шалфей). Дугавое і паралельнае Ж. ўласціва аднадольным раслінам, сеткаватае (або перыстае) — пераважна двухдольным раслінам. Жылкі ёсць таксама ў чашалісціку, пялёстках, пладах і сцёблах раслін.
2) Ж. ў насякомых — відаспецыфічнае; размяшчэнне жылак на крылах. Жылкі ўяўляюць сабой полыя трубчастыя патаўшчэнні пласцінкі крыла, у якіх размешчаны адгалінаванні трахейных ствалоў і нерваў; утвараюць каркас крыла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАСЛЕ́ДАВАННЕ,
від баявых дзеянняў; наступленне на адыходзячага праціўніка з мэтай яго знішчэння або ўзяцця ў палон. Сутнасць П. ў нанясенні моцных агнявых удараў, імклівага руху наперад для выхаду на флангі і тыл праціўніка. П. ажыццяўляецца пры адступленні праціўніка ці наўмысным адводзе ім войск на новыя рубяжы, пры поспеху ў сустрэчным баі, нанясенні контрудару і інш., можа быць паралельнае і франтальнае.
П. выкарыстоўвалася амаль ва ўсіх войнах, у т. л. тых, што адбываліся з удзелам ВКЛ. У больш позні час класічны прыклад П. — баявыя дзеянні франц., а потым рас. армій у вайну 1812.
У сучасных войнах і аперацыях П. як від баявых дзеянняў практыкуецца рэдка або зусім не ажыццяўляецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНФАРМАЦЫ́ЙНАЯ ТЭХНАЛО́ГІЯ,
сукупнасць сістэматычных і масавых метадаў і прыёмаў апрацоўкі інфармацыі ва ўсіх відах дзейнасці чалавека з выкарыстаннем сродкаў сувязі, паліграфіі, выліч. тэхнікі і праграмнага забеспячэння; раздзел прыкладной інфарматыкі. У канкрэтна-прыкладным аспекце сучасная І.т. — высокаарганізаваны канвеер апрацоўкі інфармацыі.
І.т. — неад’емная і істотная частка цывілізацыі, яе развіццё ўзаемаабумоўлівала паралельнае развіццё вытв-сці, навукі, мастацтва і адукацыі. У аснову І.т. пакладзены розныя тэхн. вынаходствы (друкарскі станок, тэлеграф, фотаапарат, тэлефон, гука- і відэазапіс і інш.). З’яўленне ЭВМ, асабліва мікрапрацэсара, прывяло да істотных змен І.т.: ЭВМ стала гал. сродкам аўтаматызацыі фіз. і разумовай працы, з дапамогай беспапяровага спосабу справаводства, электроннай пошты, машыннай графікі, безнаборнага спосабу друку і інш. аб’яднала ўсе сродкі І.т., надала ім гібкасць і ўзаемадапаўняльнасць.
На Беларусі даследаванні па праблемах І.т. вядуцца ў Ін-це тэхн. кібернетыкі, БДУ, Бел.дзярж. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі. БПА і інш. Каардынацыю работ праводзіць Фонд інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь.
Літ.:
Поппель Г.Л., Голдстайн Б. Информационная технология — миллионные прибыли: Пер. с англ.М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАЛЕЛІ́ЗМ (ад грэч. parallēlos той, хто ідзе побач),
у біялогіі, паралельнае развіццё, парафілія, незалежнае развіццё падобных адзнак у эвалюцыі блізкароднасных груп арганізмаў. У выніку П. другасна набытае падабенства розных груп быццам бы накладваецца на іх падабенства, якое абумоўлена агульнасцю паходжання. Узнікае асобая катэгорыя падабенства органаў і розных відаў — гамаялогія. П. пашыраны ў філагенезе розных груп арганізмаў. Напр., шляхам П., відаць, развіваліся прыстасаванні да воднага спосабу жыцця ў 3 лініях эвалюцыі ластаногіх (маржы, вушастыя і сапраўдныя цюлені); у розных груп кісцяпёрых рыб развіваліся прыкметы земнаводных; у некалькіх груп зверападобных паўзуноў (тэрапсід) — прыкметы млекакормячых. Прыкметы пакрытанасенных раслін незалежна і паралельна развіваліся ў розных лініях эвалюцыі іх продкаў — праангіяспермаў. Узнікненне П. звязана з захаваннем роднаснымі групамі арганізмаў пэўнай генет. супольнасці і падабенства працэсаў антагенезу і яго рэгуляцыі. У генафондах роднасных відаў заканамерна з’яўляюцца падобныя (гамалагічныя) мутацыі (закон гамалагічных радоў у спадчыннай зменлівасці, які ўстанавіў М.І.Вавілаў). П. тлумачыцца падобным напрамкам натуральнага адбору, які дзейнічае на групы продкаў, што разышліся першапачаткова (гл.Дывергенцыя). Часам П. вызначаюць як канвергенцыю блізкароднасных груп.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РЫ,
участкі зямной паверхні, якія ўзняты вышэй за 500 м над узроўнем мора і характарызуюцца рэзкімі ваганнямі вышынь на невял. адлегласцях.
Горы адасоблены ад сумежных раўнін падножжамі ці пераходнай паласой невысокіх (500 — 700 м) расчлянёных перадгор’яў. Цягнуцца ад соцень да некалькіх тысяч кіламетраў прамалінейна (Вял. Каўказ, Кардыльеры) або выгінаюцца як дугі (Альпы, Карпаты). Схілы ў залежнасці ад тэктанічнай будовы, характару горных парод, узросту, клімату бываюць пакатыя, стромкія (40—45°), вертыкальныя; паводле марфалогіі і профілю адрозніваюць прамыя, увагнутыя, выпуклыя, увагнута-выпуклыя, ступеньчатыя. У залежнасці ад памераў, будовы і ўзросту вылучаюць горны пояс, горную сістэму, горную краіну, горныя хрыбты, горныя грады, горныя вяршыні, горныя групы, раздзеленыя паніжэннямі: міжгорнымі ўпадзінамі, горнымі далінамі. Іх спалучэнне дае розныя тыпы расчлянення гор у плане: паралельнае (Каўказ), радыяльнае (Хан-Тэнгры, пік Перамогі ў Цянь-Шані), перыстае, або папярочнае (Высокі Таўэрн у Альпах), крацістае (Паўд. Урал, Усх. Цянь-Шань), расчлянёнае з кулісападобным размяшчэннем хрыбтоў (Зах. Закаўказзе, Паміра-Алай). У марфал. адносінах горы падзяляюцца на нізкагор’і (да 1000 м), сярэднягор’і (да 2000 м), высакагор’і (вышэй за 2000 м). Нізкагор’і ўтвараюцца, калі пераважаюць працэсы разбурэння (выветрыванне, эрозія, схілавы перанос матэрыялу і інш.), вызначаюцца мяккімі, акруглымі профілямі, шырокімі далінамі рэк (Бадхыз, Казахскі драбнасопачнік). Сярэднія горы (Вагезы, Капетдаг, Сярэдні Урал, Шварцвальд) маюць спадзістыя схілы, авальныя перагіны, купалападобныя вяршыні, шырокія даліны рэк. Высокія горы (Анды, Альпы, Гімалаі, Памір, Цянь-Шань і інш.) характарызуюцца глыбокім расчляненнем, стромкімі схіламі, наяўнасцю пірамідальных вяршынь і высокіх грабянёў (гл.Нізкагорны рэльеф, Сярэднегорны рэльеф, Высакагорны тып рэльефу). Паводле паходжання горы ўмоўна падзяляюць на: тэктанічныя са складкавай (Альпы, Анды, Гімалаі), або складкава-глыбавай структурай (Апалачы, Урал, Цянь-Шань), паднятыя на некалькі тысяч км, якія вылучаюцца разнастайнасцю рэльефаўтваральных працэсаў і глыбокім расчляненнем; эразійныя — высокаўзнятыя платопадобныя паверхні з гарызантальнай геал. структурай, якія пазней апынуліся пад уплывам навейшых (неатэктанічных) падняццяў і расчлянёны далінамі рэк і часовых патокаў (плато Каларада); вулканічныя, конусы вулканаў, высакагорныя лававыя покрывы (Армянскае нагор’е). Адрозніваюць геал. ўзрост (час першага падняцця гор з геасінкліналі) і геамарфалагічны (час апошняга ўтварэння горнага рэльефу). Напр., Цянь-Шань пачаў фарміравацца ў каледонскую эпоху арагенезу, сучасныя марфал. рысы склаліся ў кайназоі. Найважнейшыя паверхневыя (экзагенныя) працэсы ў гарах — выветрыванне, эрозія, ледавіковыя працэсы, схілавы перанос матэрыялу і інш. Асноўная геагр. заканамернасць горных тэрыторый — праяўленне вышыннай пояснасці. Гл. таксама Горныя ландшафты, Горны клімат.
Літ.:
Гвоздецкий Н.А., Голубчиков Ю.Н. Горы. М., 1987;
Леонтьев О.К., Рычагов Г.И. Общая геоморфология. 2 изд. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМЯСТВО́,
рамяствоіпромысел, вытворчасць прамысловых вырабаў з дапамогай нескладаных традыц. інструментаў; майстэрства ўмелых рук (ад стараж.-рус. рукамясло); першая гіст. стадыя ў развіцці прамысл. вытв-сці. Паралельнае ўжыванне тэрмінаў «Р.» і «промысел» адлюстроўвае поўнае ці частковае супадзенне іх прадметнага зместу, а разыходжанні звязаны з асэнсаваннем іх з пункту гледжання сац.-эканам. характарыстыкі, сувязі з земляробствам і інш. Вырашальным для Р. з’яўляецца асабістае майстэрства рамесніка і індывід. характар вытв-сці (звычайна рамеснік працуе адзін або з невял. колькасцю памочнікаў). У залежнасці ад зыходнага матэрыялу вылучаюць асобныя групы Р. (дрэва- і металаапрацоўчыя, гарбарна-кушнерскае, апрацоўка мінер. сыравіны, валакністай сыравіны і выраб адзення), якія былі пашыраны на Беларусі і далі пачатак розным галінам прамысл. вытв-сці. Паводле сац. арганізацыі Р. падзяляюць на хатнія (для ўласных патрэб), на заказ і на рынак (дробнатаварная вытв-сць). У гіст. і сацыяльна-эканам. л-ры прадметны сэнс Р. нярэдка абмяжоўваецца вытв-сцю на заказ, а Р. на рынак наз. саматужным промыслам, хатняе Р. — хатнім промыслам. Паводле характару арганізацыі працы вылучаюць таксама стацыянарныя і адыходныя, ці вандроўныя Р. і промыслы (дойлідства, буд-ва мастоў, шапавальнае і інш.). У асобную групу вылучаюць маст. промыслы, у якіх найб. яскрава ўвасоблены нар. творчасць, маст. густы, духоўныя памкненні і нац.вытв. традыцыі народа.
У феад. перыяд амаль кожны сял. двор выступаў як самаст.вытв. калектыў з шырокім дыяпазонам гасп. дзейнасці. Разнастайныя жыццёва неабходныя прадметы (харч. прыпасы, жыллё, адзенне, тканіны, скуры, рэчы хатняга ўжытку, посуд, с.-г. прылады і трансп. сродкі) у большасці вырабляліся на месцы сваімі рукамі. Універсальны характар сял. гаспадаркі быў шырокай базай вытв. вопыту і нар. ўмельства, што абумовіла агульны росквіт Р. і промыслаў. З сельскага насельніцтва вылучаліся майстры, для якіх Р. станавілася важнай ці нават асн. крыніцай існавання. Частка іх несла дваровую службу пры ланскіх ці дзярж. (гаспадарскіх) маёнтках і манастырах. Часам двары-службы ўтваралі цэлыя пасяленні рамеснікаў пэўнай спецыяльнасці — цесляроў, бондараў, гантароў, гарбароў, ганчароў, гутнікаў, буднікаў і інш.; іх прадукцыя забяспечвала патрэбы маёнтка, прадавалася на кірмашах, збывалася за мяжу. Статуты ВКЛ замацоўвалі роўныя прывілеі для рамеснікаў, якія паводле свайго юрыдычна-прававога становішча стаялі ў феад. іерархіі вышэй за сялян-земляробаў. Частку залежных рамеснікаў феадалы сялілі ў горадзе на землях сваіх юрыдык. Гар. Р. ў значнай ступені развівалася за кошт прытоку ў горад сельскіх майстроў і адначасова ўплывала на развіццё і тэхн. ўзровень сельскага Р. Сельскае насельніцтва, якое перасялялася ў горад, прыносіла з сабой абшчынныя традыцыі, што складаліся ў нормы звычаёвага права і адбіваліся на паўсядзённым жыцці брацтваў. Развіццю бел. Р. і промыслаў, іх спецыялізацыі і арганізац. ўпарадкаванню садзейнічала магдэбургскае права. У 16—17 ст. у гарадах Беларусі зафіксавана каля 200 спецыялізаваных відаў Р. і промыслаў. Найб. пашыраны былі ў гарадах — кавальскае, кравецкае, шавецкае, гарбарнае, ганчарнае; у вёсках — розныя віды дрэваапрацоўкі (выраб посуду, с.-г. прылад, цяслярства), апрацоўка лёну і воўны, ткацтва, пляценне. Гар. рамеснікі аб’ядноўваліся ў асобныя прафесійныя арг-цыі — цэхі. Такія карпарацыі наз. брацтвамі (Брэст, Гродна, Мінск, Вільня) або староствамі (Магілёў, Полацк). У склад цэха (40—50 чал.) уваходзілі людзі рамесных прафесій, а таксама рыбаловы, бортнікі, шынкары і інш., што займаліся промысламі ў шырокім сэнсе. У 17 ст. на Беларусі 116 цэхаў, кожны цэх меў свой статут, які вызначаў яго структуру, парадак прыёму новых членаў, рэгуляваў унутрыцэхавыя адносіны і інш., а таксама меў свой сцяг, зброю, сімвал, агульную касу; у час вайны абараняў горад. Цэхавая арг-цыя садзейнічала далейшаму развіццю Р., іх спецыялізацыі і павышэнню ролі ў сістэме грамадскай вытв-сці. Значэнне цэхаў выходзіла далёка за межы карпаратыўна-прафес. арг-цыі. Яны адыгрывалі значную ролю ў паліт. жыцці гарадоў, барацьбе супраць прыгонніцтва, за грамадзянскія правы і незалежнасць. Ваенныя падзеі ў 2-й пал. 17—пач. 18 ст. (войны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, Паўн. вайна 1700—21) згубна адбіліся на развіцці рамеснай вытв-сці на Беларусі. Напр., у Віцебску, буйнейшым цэнтры рамеснай і прамысл. дзейнасці, у сярэдзіне 17 ст. было больш за 1 тыс. майстроў розных спецыяльнасцей, а ў 1665 засталіся 72 рамеснікі. У 2-й пал. 18 ст. назіралася адраджэнне традыц. Р. Асабліва хутка расла колькасць кавалёў, слесараў, цесляроў, шаўцоў, краўцоў, гарбароў і інш. Да 19 ст. цэхавае Р. вычарпала свае магчымасці. Аднак яно падрыхтавала глебу для сучасных форм вытв-сці. Побач з Р. значна пашырыліся мануфактуры, якія ўзніклі і працавалі на базе мясц.нар. Р. і промыслаў. Пэўнае месца ў вытв-сці прамысл. тавараў займала т.зв. рассеяная мануфактура. Часам мануфактурная і саматужна-рамесная вытв-сць аб’ядноўваліся ў адзіную сістэму вытв. сувязей. Больш выразны падзел працы, дыферэнцыяцыя вытв. працэсу на шэраг спецыялізаваных рамесных заняткаў садзейнічалі назапашванню вытв. ведаў, усталяванню новых, больш дасканалых і спецыялізаваных інструментаў, што з’яўлялася перадумовай вынаходства машын, У 19 ст. разам з ажыўленнем гандлёва-эканам. адносін прыкметна вызначылася геагр. спецыялізацыя с.-г. і саматужна-прамысл. вытв-сці. На Падняпроўі былі шырока развіты гарбарная, ганчарная, шкляная вытв-сці, лясныя і дрэваапр. промыслы. У Падзвінні важнае эканам. значэнне набылі вырошчванне лёну і яго апрацоўка, суднабудаванне, каменячосны і кавальскі промыслы, а з дрэваапрацоўкі — цяслярства. У Панямонні былі больш пашыраны вытв-сць сукна, харчовая, гарбарная вытв-сць, шавецкая і кравецкая справы. На Палессі важнае месца займалі здабыўныя промыслы (рыбалоўства, бортніцтва, збіральніцтва), а з рамесных — суднабудаванне, выраб бандарнага і плеценага посуду. Рэформа 1861 узмацніла сац. расслаенне, вызваліўшы частку прац. рэсурсаў для неземляробчых заняткаў. Прыкметна змянілася і структура Р., іх месца ў грамадскай вытв-сці. Развіццё буйной прам-сці абумовіла паступовае скарачэнне ткацтва, ганчарства, звузіліся маштабы вышыўкі, набойкі, крашаніны, апрацоўка ліпавай кары, выраб рагож і цыновак. Аднак некат. Р. да пач. 20 ст. пашырыліся, у іх ліку кравецкае, шавецкае, шапавальнае, аўчыннае, кавальскае, выраб шкла, цэглы, кафлі, а з дрэваапрацоўчых — сталярнае і цяслярнае. Змяніліся сац. характар Р. і промыслаў, іх сувязь з рынкам збыту, узаемаадносіны гар. і сельскага Р., Р. і буйной прам-сці. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 саматужна-рамесніцкая вытв-сць разглядалася як адна з форм пераходу да сацыяліст. прам-сці, што знаходзіла сваё ўвасабленне ў прамысл. кааперацыі.
У сферы грамадскай вытв-сці развіццё буйной прам-сці адцясніла Р. і промыслы на другараднае месца. Аднак яны не зніклі, эканамічна апраўданы як дапаможны промысел, як спецыялізаваная дзейнасць майстроў. Асваенне лепшых традыцый нар. Р. — адзін з важнейшых кірункаў у развіцці мясц. прам-сці. Нар. промыслы, пераасэнсаваныя і адроджаныя на новай арганізац.-прававой і тэхн. асновах, набываюць самаст. ролю як адзін з камерцыйна-эканам. рычагоў грамадскай вытв-сці, а таксама як састаўная частка бел.нац. культуры. З мэтай захавання і адраджэння традыцый бел. Р. створаны Саюз майстроў нар. творчасці (1992). Узоры нар. Р. шырока выкарыстоўваюцца ў розных відах прафесійнага нац. мастацтва.
В.С.Цітоў.
Да арт. Рамяство. Разьба па дрэве. Пляценне з саломы..