Бало́на 1 ’шкло ў раме’, бало́нка (Гарэц., Др.-Падб., БРС, Касп., Бяльк.). Рус. дыял. боло́на, боло́нка ’тс’, укр. боло́на ’шкло ў ахне’, болонка́рь ’шкляр’, польск. błona ’тс’, чэш. blána прамасленая папера ў акне (замест шкла)’ і г. д. Слова, ідэнтычнае па паходжанню з прасл. bólna, bolnь ’перапонка, плеўка, верхні слой, мяккая кара, скурка і да т. п.’ (рус. болона́, бо́лонь, укр. боло́на, польск. błona, чэш. blána і г. д., гл. балонкі ’перапонкі’). У некаторых славянскіх мовах гэтае слова азначае і ’аконнае шкло’. Мабыць, зыходзіць трэба ад значэння ’плеўка’ (замест шкла раней ужываліся плеўкі з пузыроў жывёлін і пергаментная папера). Параўн. блона і абалонка 1 (гл.).

Бало́на 2, бало́нка ’палянка на нізкай лугавой мясціне’ (Гарэц.), бало́нне ’ўскраіна лесу’ (Інстр. III), ’багна, нізіна’ (Касп.), бало́ння ’заліўны луг, вельмі нізкі’ (Янк. Мат.), балу͡онне ’плёс’ (Лысенка, ССП). Рус. болонь, боло́нье ’поймавы луг, нізіна’, укр. боло́ня, боло́нє і да т. п. ’раўніна, паша, выган і г. д.’, польск. bl̃oń, błonie, błonia, чэш. blana, балг. блана́ ’роўнае месца, поплаў’ і г. д. Прасл. bolnь, bolna, bolnьje. Далейшыя сувязі слова не вельмі ясныя. Паводле Фартунатава, AfslPh, 4, 579, ёсць сувязь з прасл. bolto ’багна’ (гл. бало́та), літ. báltas ’белы’, balà ’тарфянік’ (гл. і Слаўскі, 1, 37), а таксама з прасл. bólna плеўка і г. д.’ (гл. бало́на 1 і бало́нкі ’перапонкі’): усё гэта далей да *bělъ ’белы’. Гэту версію падтрымліваў Траўтман, 25 (які зыходзіў з балта-слав. праформы *bālna‑ ’белы’). Гл. яшчэ Фасмер, 1, 189. Падрабязна пра форму, семантыку і магчымую гісторыю слав. форм гл. Талстой, Геагр., 74–76.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мець ’мець што-небудзь у наяўнасці’, ’валодаць кім-, чым-небудзь’, ’намервацца рабіць што-небудзь’, ’мець што-небудзь супраць’ (ТСБМ, Нас., Мал., Шат., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ; КЭС, лаг.), маць, ма́тэ ’мець’ (Янк. 1, ТС, Ян.; гор., Мат. Маг.; драг., КЭС), мецца ’існаваць, быць у наяўнасці’, ’даводзіцца’, ’адчуваць сябе’, ’быць багатым’, ’збірацца зрабіць што-небудзь’, мацца ’быць у стане’ (ТСБМ, Нас., Яруш., Шат., Касп., Бяльк., Сцяшк., Растарг., Сл. ПЗБ, ТС; саліг., Нар. словатв.; КЭС, лаг.). Укр. мати, маю; рус. иметь, имею; ст.-рус. имѣть, имѣю; польск. mieć, mam; палаб. met, mom; н.-луж. mieś, mam, в.-луж. mieć, mam, чэш. míti, mám, славац. mať, mám, славен. iméti, imám, серб.-харв. и́мати, и́мам, чак. imiti, харв.-кайк. imeti, макед. има, балг. и́мам, ст.-слав. имѣти, имамь. Прасл. jьměti, jьmamь, якое з прасл. jьmǫ, (j)ęti (параўн. ст.-слав. имѳ, ѭти ’(пры)-му, (пры)-няць’, але прасл. vъz‑ьmǫ, vъz‑ęti ’ваз-ьму, уз-яць’). Інфінітыў jьmě‑ti мае аснову на ‑ē‑, а 1‑я ас. адз. ліку jьma‑mь — гэта рэзультатыў на ‑ā з аслабленнем у корані (Махэк₂, 366) < і.-е. *imā‑mi. 1‑я ас. адз. ліку бел. маю аформілася пад уплывам дзеясловаў з а‑асновай (зна‑ць), а стары канчатак ‑мь застаўся толькі ў дам і ем. У паўд.-бел. гаворках пасля адбылося выроўніванне паводле гэтай асновы і формы інфінітыва, як ва ўкр. мове. Анічэнка (Бел. лекс., 8) мяркуе, што ст.-бел. мати — украінізм. Гл. таксама: Фасмер, 2, 128; Голуб-Копечны, 225; Брукнер, 331; Скок, 1, 716; Шустар-Шэўц, 12, 895.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́рт 1 ’прыстань, месца для прыходу і стаянкі караблёў’ (ТСБМ, Ласт.); ст.-бел. портъ ’тс’ (з XVI ст.), што, паводле Булыкі (Лекс. запазыч., 122; Запазыч., 253), са ст.-польск. port (з 1471 г.), якое ад лац. portus ’тс’ (Банькоўскі, 2, 706). Не выключана другаснае запазычанне праз рус. порт з ням. Port або франц. port ’тс’.

По́рт 2 ’льняная, канапляная або баваўняная тканіна ці пража’, ’тканіна з ільняных ці пяньковых нітак’ (ТСБМ, Нас., Уладз., Шат., Касп., Сл. ПЗБ, ТС), ’кудзеля, чэсаная напалам — воўна з лёнам’ (Бяльк., Байк. і Некр.), ’пах ад гарэлага адзення з лёну’ (Нас., Байк. і Некр.), ’рэшткі спаленай анучкі’ (Скарбы), ст.-бел. портъ ’тканіна; адзенне’: портъ царскыи (Альтбаўэр, 165), сюды ж по́ртны, по́ртавы ’парцяны’ (хойн., Мат. Гом.; Байк. і Некр.), по́рця ’бялізна’ (гродз., шчуч., Сл. ПЗБ), по́рце ’тс’ (Сцяшк. Сл.); параўн. укр. порт ’канапляная або льняная нітка ў ваўнянай тканіне’, рус. порт ’(льняная або баваўняная тканіна’, ст.-рус. пъртъ ’кавалак тканіны; шматок; пялюшка’, польск. part, parć ’адрэз тканіны на адзенне’, славен. ṕrt ’кавалак палатна; прасціна’, харв. pȑt ’адзенне з лёну’, серб. пр̏тен ’ільняны’, балг. пъртуши́на ’паношаныя апранахі’, ст.-слав. прьтъ ’кавалак палатна’. Прасл. *pъrtъ выводзяць з *porti ’пароць’ (Фасмер, 3, 334): можа разглядацца як аддзеяслоўнае ўтварэнне з прыстаўкай по- з семантыкай выніковасці дзеяння ад *rūti > *ryti/*rъvati > *po‑rъtъ ’тое, што адрэзана, адарвана’ > ’тканевы адрэз, шматок’. Першасным для порт можна дапусціць значэнне ’адрэз сукна’, ці, як падае Сной (511), — ’адарваны кавалак тканіны’. Малаверагодна роднаснасць з літ. spartas ’завязка’ і грэч. σπάρτος ’расліна, з галін якой скручвалі вяроўкі’, параўн. Бязлай, 3, 130.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пра́сла 1, пра́сло, пра́смо, пра́сно ’частка агароджы-паркана паміж двума слупамі’ (ТСБМ, Янк. 3., Сцяшк. Сл.; слуц., КЭС, Др.-Падб., Шат., Гарэц., ТС), ’пралёт плота на даўжыню жэрдак’ (Бір. Дзярж.; Шымк., Собр. і Шушк.), ’плот з неабчасанага колля’ (Сл. Брэс.), ’частка сцяны паміж вокнамі’ (Сцяшк. Сл.), ’праход у плоце’ (паўн.-усх. КЭС; Касп.), ’жэрдка, якой закладваюць праход у агароджы’ (Сл. ПЗБ, Сл. Брэс.), ’частка застаронка’ (Сл. ПЗБ), ’некалькі жменяў зжатага збожжа’ (Сл. ПЗБ), ’вузкі ўчастак зямлі’ (трак., Сл. ПЗБ), ’паласа, якую камбайн займае за адзін раз’ (Сл. ПЗБ), ’пасма пражы пры тканні’ (Др.-Падб.). Рус. пря́сло ’частка калаўроту; частка агароджы, паркана’; укр. пря́сло ’звяно плятня’, польск. przęsło ’частка паркана паміж двума слупамі; ярус’, чэш. přáslo ’тс’, славен. préslo, préslica ’станок, станіна, да якой прымацоўваецца пража; калаўрот; частка млыну’. Прасл. *pręslo. З *pręd‑slo, звязанага з прасці (Фасмер, 3, 395 і наст.). Роднасныя з лат. sprieslis ’скляпенне’, англ.-сакс. sprindel ’крук’ (Траўтман, 278; Мюленбах-Эндзелін, 3, 1022; Прабражэнскі, 2, 144). Махэк₂ выводзіць *pręslo з *(s)pręg‑slo, ад кораня, які ў літ. sprengto ’уціскаць нешта да вузкай шчыліны’ і ў слав. *pręgo (гл. упрэгці). Бязлай (3, 115) славен. prẹ́slo ’калаўрот; верацяно’ лічыць амонімам да слоў са значэннем ’звяно плота’, апошняе да *prętslo ад *prętati (гл. пратаць), на думку Куркінай (Этимология–1994–1996, 204), беспадстаўна.

Пра́сла 2 ’агульная назва любой агародніны’ (бых., Касп., Янк. Мат.). Семантычны регіяналізм. Ад прасла 1, як агародніна ад агарод < гарадзіць, г. зн., ’тое, што за праслам, за агароджай’; параўн. таксама пра́сла ’некалькі жменяў зжатага збожжа’, ’вузкі ўчастак зямлі’ (Сл. ПЗБ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пу́каць 1 ’стукаць, страляць, лопаць, падаць з глухім гукам’ (Нас., лельч., Нар. лекс.; Мат. Маг.; Сл. ПЗБ), пу́кацца ’лопацца; падаць’ (ТСБМ, Яруш., Гарэц., Нас., ТС, паст., вільн., лаг., Сл. ПЗБ; Шат.), сюды ж пу́каўка іран. ’пра лёгкую зброю’ (ТСБМ); укр. пу́кати ’стукаць, лопаць’, рус. пу́кать ’стукаць, страляць, лопаць, пухкаць’, польск. pukać ’стукаць, страляць’, чэш. pukati ’лопаць, пухкаць’, славац. pukat ’тс’, в.-луж. pukać, н.-луж. pukaś ’тс’, славен. pókati ’лопаць’, púkati ’пухкаць, псаваць паветра’, серб.-харв. pući (puknuti); pucati ’лопаць; страляць’, балг. пу́кам ’тс’, макед. пука ’тс’. Прасл. *pukati ’выдаваць глухі гук’; назалізаваны варыянт *pǫkati ’лопаць, лопацца’, магчыма, у выніку другаснага збліжэння на базе “вобразнай” семантыкі. Этымалогію гукапераймальнага бел. пу́каць, пу́кнуць ’выдаваць глухі трэск падобна да гуку пу́’, аформленага тыповым для гукаперайманняў фармантам ‑к‑, прапанаваў яшчэ Шымкевіч (2, 32), тое ж у Насовіча: въ кишкахъ пу́каець (Нас.), параўн. в.-луж. wutroba pukoce ’тс’. Узводзяць да і.-е. кораня *peu̯‑: *pou̯‑: *pū̆‑, які, пашыраны фармантам ‑s‑, прадстаўлены і ў пухнуць, гл. Фасмер, 3, 403; Шустар-Шэўц, 2, 1189; Чарных, 2, 82; ЕСУМ, 4, 630. Параўн. пухкаць, по́каць (гл.).

Пу́каць 2 ’абіваць збожжавыя; каласаваць ячмень’ (віц., ЛА, 2; шуміл., Сл. ПЗБ; Бяльк.). Верагодна, да ну́каць ’біць, стукаць’ пад уплывам літ. pūkuoti ’біць, малаціць’, аднак геаграфія слова, параўн. рус. ну́кать ’тс’, а таксама ’абіваць галоўкі ільну’, ’выбіваць бялізну прачом’ (калуж., цвяр., пск., смал.) і ’малаціць гарох, сачавіцу’ (паўд., Даль), дае падставы бачыць тут супольную арэальную семантычную інавацыю ’біць’ — ’малаціць’.

Пу́каць 3 ’іграць на скрыпцы, пальцамі перабіраючы струны’ (Ян.). Відаць, да пу́каць 1 ’стукаць, выдаваць адрывістыя, рэзкія гукі’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рад 1 ’лінія аднародных прадметаў’, ’шэраг’, ’прабор у валасах’ (ТСБМ), ’засеяная баразна’, ’пласцінка ў грыбе’ (Нар. словатв.), ’шарэнг’, ’вуліца’ (Ян.), ’пракос’ (Сл. ПЗБ), ’валок скошанага сена’ (ТС, ПСл), ’пласт’ (Янк. 2), ’пропуск пры касьбе’ (Мат. Гом.), ’рад’, ’чарга’ (Гарэц.), ’раскладка снапоў для малацьбы’ (ДАБМ), ст.-бел. радъ ’шэраг’, укр. ряд, рус. ряд, польск. rząd, чэш. řád ’парадак’, ’клас (бат.)’, ’строй’, славац. rád, в.-луж. rjad, н.-луж. rěd, славен. rȇd ’парадак’, ’ярус’, ’рад’, серб. ре̑д харв. rȇd, мак. ред, балг. ред ’рад, парадак, радок’, ст.-слав. рѧдъ. Да прасл. *rędъ. Звязваюць з *orǫdьje (> рус. ору́дие) і збліжаюць з літ. дыял. rindà ’рад’, ’лінія’, лат. riñda ’тс’ (Фасмер, 3, 536; Чарных, 2, 134), этымалогія якіх цьмяная. Махэк₂ (529) лічыць роднасць з балтыйскімі словамі няпэўнай і прапануе збліжаць прасл. *rędъ з лац. ōrdō (аснова *orden‑) ’рад’, ’чарада’, ’строй’, якое звязваюць з ōrdior ’навіваю аснову’, ’нанізваю’, ’стаўлю ў рад’ і далей са словамі, што ўзыходзяць да і.-е. кораня *ar‑ ’далучаць’, ’звязваць’.

Рад 2 ’намер, дапамога, толк’, ’справа’ (Ян.), серб. ра̑д ’праца’, ра́дити ’працаваць’, балг. ра́да ’работа’, ра́дя, ра́да ’працаваць’. Да прасл. *radъ ’праца’, *raditi ’працаваць’. Яцвяжская паралель — rada ’праца’, radid ’рабіць, працаваць’ (калі гэта не запазычанне са славянскіх моў) сведчыць аб заходнебалтыйскай старажытнасці слова. Этымалогія няпэўная. Паводле Скока (3, 97), развіццё семантыкі ішло па лініі ’клопат, старанне’ → ’старанная праца’. Мяркуецца, што прасл. *raditi узыходзіць да іран. rōd‑ ’карчаваць, церабіць’ (Мартынаў, Праслав. язык, 37–38), што цяжка давесці. Параўноўваюць таксама са ст.-інд. rādhayati ’ён робіць’, авесц. raẟaiti ’ён падрыхтоўвае, уладкоўвае’ (БЕР, 6, 145). Гл. радзець.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ра́даўніца 1 ’памінальны дзень’ (ТСБМ, Др.-Падб., Рам. 8, Касп.), ’гандлёвы дзень у аўторак на Фаміным тыдні’ (віл., Яшк. Мясц.), ра́дуніца ’памінальны тыдзень’ (Бяльк.), ра́дульніца (Ян.), ра́доница, ра́дуница ’тс’ (Нас.), раданіца ’тс’ (Гарэц., Рам. 8), ра́доўніца ’тс’ (ТС), ст.-бел. радуница (1522 г.), рус. ра́дуница, дыял. радуни́ца, ра́довница, ра́дошница, ра́дунки ’радуніца’, радуни́ца ’Фаміны тыдзень’ ’вясёлка’, ст.-рус. радуница. Збліжаюць з рад, тлумачачы з першапачатковага ’свята радаснага памінання памерлых на Вялікдзень у сувязі з уваскрасеннем Хрыста’ (Фасмер, 3, 431), параўн. рус. дыял. Христов день ’радаўніца’. Няпэўна. Малаверагодным падаецца збліжэнне з род, якое грунтуецца на рус. дыял. выразе родителки ’памінальны дзень’, родитель ’памерлы сваяк увогуле’ (Патабня, РФВ, 1, 84). Праводзячы паралелі паміж славянскім і літоўскім язычніцкім абрадам галашэння над памерлымі, які на мяжы Літвы і Беларусі існаваў да пачатку XX ст., Лаўчутэ (Балтизмы, 127–129) даводзіць, што назва ра́даўніца ўтворана на аснове літ. дзеяслова raudóti ’галасіць’, ’моцна плакаць’, raudìne ’малітва з плачам і галашэннем за памерлых’, параўн. суфіксальныя варыянты raudė́ti, raudáuti ’плакаць’, ’галасіць’. Перамяшчэнне дыфтонга ‑аў‑ з першага на другі склад магло адбыцца пад уздзеяннем славянскага рад, з якім славяне пачалі збліжаць незразумелую для іх назву, што сумніўна, гл. Анікін, Опыт, 261. Малаверагодна вывядзенне з незафіксаванага грэч. *ροδωνια ад ροδον ’ружа’ (Дзясніцкая, Слав. языкозн., IX, 92), гл. Жураўлёў, Язык и миф, 393.

Ра́даўніца 2 ’вясёлка’ (Мат. Гом.). Ад ра́ды, радавацца (гл.) па ўзору вясёлка (гл.).

Радаўні́ца ’беспарадак’: у яе вечная радаўніца (капыл., Жыв. сл.). Няясна, магчыма, ад ра́даўніца 1 — ’перадсвяточнае прыбіранне’? (сувязь з рад, парадак здаецца незразумелай у словаўтваральным плане).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Смалу́да ‘дзікая расліна, карэнні якой па смаку нагадваюць моркву’ (Адм.). Параўн. укр. смовдь ‘дзікая пятрушка, Peucedanum L.’, польск. smłod, smłód ‘гладыш шыракалісты, Laserpitium latifolium L.’, ‘расліна Peucedanum L.’, чэш. smldí, smldník ‘тс’, славен. smlȇd ‘расліна Peucedanum oreoselinum L.’, харв. чак. smlȇd ‘herbae genus’, smudnjak ‘расліна Peucedanum L.’. Назва няяснага паходжання. Без беларускага матэрыялу рэканструююць формы *smьldъ, *smeldъ, *smoldъ і *sml̥dъ, а таксама адносяць да асноў з чаргаваннем прасл. *smeld‑/*smьld‑/*smold‑, што працягваюць і.-е. *smel‑ ‘тлець, гарэць’ (параўн. літ. smėla ‘тлее, гарыць’) з пашырэннем ‑d‑, параўн. смала 1 (гл.), смо́лда ‘смолка, Viscaria vulgaris Bernh.’ (Мат. Гом.). Куркіна (Диал. структура, 114) на падставе славен. smlẹ̑d ‘жоўты’, якое супадае з славенскай назвай расліны Peucedanum, матывуючым прызнакам лічыць жоўты колер, што падмацоўваецца народнай назвай рус. желтолен, аднак гэта няпэўна. Фурлан (Бязлай, 3, 271), улічваючы паралельную назву ўкр. мовдь ‘расліна Peucedanum oreoselinum L.’, параўноўвае з літ. meldà, méldas ‘чарот’, лат. męldi, męldri ‘тс’ і звязвае з *moldъ (гл. малады), якое значыла не толькі ‘які мае мала гадоў’, але і ‘мяккі, дробны’, а адпаведны корань і.-е. *mold‑ меў таксама значэнне ‘мачыць, памякчаць’, што магло б сведчыць пра ўжыванне расліны Peucedanum у якасці лячэбнага сродку. Менш верагодная версія Махэка₂ (561), звязаная з пераносам назвы з асновай *smld‑, параўн. ст.-чэш. smldie ‘купена, Polygonatum multiflorum All.’, чэш. smldí ‘малінія’, старое польск. smilz ‘вострыца, Deschampsia caespitosa P.B.’, на расліну Peucedanum, паколькі стабілізацыя значэння ‘Peucedanum’ адбылася яшчэ ў праславянскую эпоху, гл. Лабко, БЛ, 18, 60. Гл. таксама Брукнер, 503; Врубель, Term. bot., 31; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 324; Бязлай, Eseji, 81–82.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стрына́тка, страна́тка ‘пліска’ (маладз., барыс., Сл. ПЗБ), ‘аўсянка’ (Песні сямі вёсак), струна́тка ‘дробная птушка’ (мядз., Жыв. сл.), струна́тачка ‘нейкая птушка, можа быць, сініца або аўсянка’ (Тур.), стрына́тка, стрыгна́тка ‘невялічкая шэрая птушка, якая адлятае на зіму’ (Мядзв.), ‘стрыж; птушка з жоўтым апярэннем’ (Сцяшк.), стрыгна́тка ‘аўсянка’ (Мат. Маг.), странадка ‘птушка Tringa clareola’ (Меер Крыч.), старнатка ‘аўсянка, Emberiza, citrinella’ (там жа), сцернадка (стернадка) ‘аўсянка’ (Шымк. Собр.), стрина́дка, стригна́дка, стрегно́тка ‘нейкая птушка’ (Шн. 1, 525, 526), стырна́тка ‘пліска’ (беш., Нар. сл.), старына́тка ‘тс’ (Бяльк.). Укр. стре́надка ‘аўсянка’, рус. стрена́тка ‘тс’, польск. strznadl, trznadel, trzynadl, strdnal, styrnadl, sternal, в.-луж. stnadź, sknadź, knadź, н.-луж. tśnarl, tšnarl, чэш. strnad, strnádka, славац. strnádka, серб.-харв. стрна̀дица, славен. strnȃd, strnȃda, балг. сарна́тка ‘маленькая, падобная на вераб’я птушка з карычневай плямкай на шыі, што зімуе ў Балгарыі’. Прасл. *strьnadь (або *strnadь — Булахоўскі, ИАН ОЛЯ, 7, 105 і наст.) параўноўвалі з літ. stárta, дыял. stérta, лат. stā́ste, stā́rsta ‘стрынатка’ і звязвалі з прасл. *(s)tьrnъ ‘іржышча’ (Міклашыч, 322; Махэк₂, 582; Скок, 3, 347), супраць чаго па фанетычных прычынах Бязлай, 3, 330. Меркавалі таксама аб гукапераймальным паходжанні ад крыку птушкі; гл. Фасмер, 3, 776; Брукнер, 582; Шустар-Шэўц, 1290. Сной (у Бязлай, 3, 330) разглядае слова як кампазіт з першай часткай ад і.-е. *kʼri‑m(e)n, параўн. грэч. κριμνον ‘грубая ячная мука’, з іншым суфіксам ‑λριυή ‘ячмень’, алб. dríthë ‘пшаніца’ і інш. з першасным значэннем ‘якая есць жыта, зерне’, параўн. стрынатка гуменная ‘птушка Emberiza milliaria’ (Ласт.), рус. овсянка, просянка ‘тс’ і інш. Гл. яшчэ Антропаў, Назв. птиц, 365–367.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тро́йца 1 ‘Сёмуха’, у хрысціянскай рэлігіі ‘трыадзінае бажаство, у якім спалучаюцца тры асобы: Бог-Бацька, Бог-Сын і Бог-Дух Святы’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Мат. Гом., ТС, Сл. ПЗБ): Сёмуха ці Тройца у нас тры дні (Сержп. Прымхі), Siomucha albo Świataja Trójca ‘тс’ (Пятк. 3), Trýeǐca ‘тс’ (Арх. Вяр.). Тро́іца ‘свята на другі дзень Сашэсця Св. Духа’ (Нас., Ян.); сюды ж тройцова́ць ‘святкаваць Сёмуху’ (ТС), тро́йцын дзень ‘Сёмуха’ (круп., Сл. ПЗБ), Trójeckije dziedý ‘тс’ (Пятк. 3). Ст.-бел. тройца, троица ‘Бог у трох іпастасях; Сёмуха’ (ГСБМ). У аснове ст.-слав. троица — калька з грэч. Τριάς, якое з τρεῖς; ‘тры’ (Фасмер, 4, 104). Да тры, трое, гл.

Тро́йца 2 ‘кампанія з трох чалавек’ (ТСБМ), ‘лік тры’ (Нас.): Boh trójcu lùbić (Пятк. 2), ‘трое суб’ектаў’: робляць па трэйко дзеля того, каб тут была тройца: мужык, жонка і дзеці (Сержп. Прымхі). Параўн. укр. дыял. сʼвата́ три́йцʼа ‘траіх неразлучных сяброў’ (Арк.), чэш. trojice ‘тры асобы’, славен. trojíca ‘тс’, серб. тро̏йца ‘тс’, балг. трои́ца ‘тс’, макед. тројца ‘тс’, у ваколіцах Салуні truica ‘трое людзей’ (Малэцкі, Słownik). Паколькі ў большасці славянскіх моў фармальна адрозніваюцца назвы, якія суадносяцца з тройца 1 і тройца 2, мяркуецца, што формы з нерэлігійным значэннем з’яўляюцца больш старажытнымі ў некаторых мовах, гл. Басай-Сяткоўскі, Słownik, 397; Скок, 3, 300; Арол, 4, 105.

Тро́йца 3, ‘канюшына лугавая, Trifolium pratense L.’ (Шмярко, Кіс.). Параўн. укр. трі́йка ‘тс’, рус. тро́йца ‘тс’, чэш. trojka, trojačka ‘тс’. У аснове назваў лічэбнік тры (гл.), што характарызуе будову лістка з трыма пласткамі (ЕСУМ, 5, 643; Махэк, Jména, 121), гл. папярэдняе слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)